У Лодзі ўшанавалі памяць дзеяча БНР Язэпа Фарботкі - фота
Магілу дыпламата адшукала гісторык Алена Глагоўская.
Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Польшчы ўшанавалі памяць беларускага культурнага, грамадскага і палітычнага дзеяча, дыпламата БНР Язэпа Фарботкі, магілу якога 10 гадоў таму адшукала гісторык Алена Глагоўская. Язэп Фарботка нарадзіўся 23 жніўня.
— Учора мы сімвалічна паехалі ў Лодзь, прыбралі магілу, запалілі знічы, — кажа старшыня «Беларускай нацыянальнай памяці» Анатоль Міхнавец. — Таксама прагучалі патрыятычныя вершы ў яго памяць.
Беларуская невялікая грамада ў Лодзі будзе даглядаць гэтую магілу.Памяць пра Язэпа Фарботку будзе жыць.
Беларускі нацыянальны дзеяч Язэп Фарботка нарадзіўся ў 1893 годзе ў мястэчку Налібакі, колішняга Ашмянскага павета. Дэбютаваў з вершамі ў «Нашай Ніве» ў 1912 годзе, пераклаў урывак з «Пана Тадэвуша» на беларускую мову.
У 1918 годзе быў сябрам дэлегацыі БНР у Кіеве, у выніку дзейнасці якой Украінская Народная Рэспубліка прызнала незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.Пасля вайны арыштаваны і сасланы ў Данбас. Напрыканцы 1945 пасяліўся ў Лодзі, дзе памёр у 1956 годзе.
Каментары