Аўстралійскі псыхоляга-містычны фільм "Як розумы", зроблены ў традыцыях Эдгара По.
Як розумы (Like Minds)
Аўстралія – Вялікабрытанія, 2006, каляровы, 110 хв.
Рэжысэр: Грэгары Дж.Рыд
Ролі выконваюць: Тоні Колет, Эдзі Рэдмэйн, Том Старыдж, Кэтрын Брэдшоў, Крэйг Кросьбі, Кейт Мэберлі, Патрык Мэлагайд, Лаям Макена
Жанр: Псыхоляга-містычны трымценьнік
Адзнака: 5,5 (з 10)
Псыхоляг-крыміналіст Салі Роў дапытвае 17-гадовага Алекса, якога абвінавачваюць у забойстве сябра Найджэла. Ад Салі патрабуюць, каб яна знайшла доказы, якія дазволілі б пасадзіць юнака ў турму, але жанчына сумняецца ў вінаватасьці хлопца. Нечакана гераіня выходзіць на патаемную арганізацыю – а Алекс спрабуе давесьці ёй, што быў зьвязаны з забітым містычнымі повязямі.
Аўстралійская карціна “Як розумы” – сучасная варыяцыя на тэму Эдгара По, тампліераў і падлеткавай псыхалёгіі.
Цёмнавокі Найджэл са зьмярцьвелым тварам, які захапляецца анатоміяй і любіць муміфікаваць жывёлаў – двайнік Алекса. Ён палохае героя сваімі вівісэктарскімі звычкамі, і, што найгорш – здольны чытаць самыя змрочныя думкі хлопца.
Сьцень, двайнік, спакушальнік – навеяныя клясычнай навэляй “Ўільям Ўілсан”.
Акрамя гэтага ёсьць яшчэ тайны ордэн, да якога належаць бацькі герояў… ордэн тампліераў. Але тампліеры не выглядаюць у карціне навязьліваю папсой – гэта частка гатычнае атмасфэры, якую любіў узгадоўваць амэрыканскі майстар кашмараў.
У адрозьненьні ад маладзёва-жахаўскіх спэкуляцый на Эдгары По, аўстралійская стужка кранае мэтафізычнай сур’ёзнасьцю і прадумана-“рамантычнаю” культураю кадру: змрочныя калідоры, зьбялелыя твары вучняў, смуродна-жоўтая мэдычная вадкасьць – інцэст і нэкрафілія ў традыцыях Эдгара По (гнюсныя злачынствы за кадрам, але мы здагадваемся, што адбылося).
Як і родапачынальнік дэтэктыву Грэгары Рыд выкарыстоўвае замагільную тэму, каб дасьледаваць глыбіні душы: нянавісьць, зайздрасьць, ціск улады, дваістасьць пачуцьцяў, грэх, дараваньне, помста. Псыхалягічным вышукам спрыяе пераканаўчая гульня Эдзі Рэдмэйна (Алекса) і Тоні Колет (Салі).
І хаця дэбютны ігравы фільм Грэгары Рыда – прадказальны й асьцярожны – стужка чапляе забытай трывогай і зьляканым намёкам на бездань.
Фільм – з субтытрамі і жывым голасам перакладчыцы.
Карціна дэманструецца ў менскім кінатэатры “Піянэр” у праграме “Па-за межамі”. Сэансы: 20, 22 сакавіка – а 21.00, 21 і 23 сакавіка – а 15.00 і 21.00, 24 і 25 сакавіка – а 17.00 і 21.00.
У праграме таксама – арыгінальная прадмова і дыскусія з удзелам псыхоляга.
Фота з сайту Kino.br.by
Каментары