18 лютага 2007 завершыўся Бэрлінскі міжнародны кінафэст. Галоўную ўзнагароду атрымаў фільм “”Вясельле Туі” Ван Цяньаня. На фэсьце былі прадстаўленыя карціны Робэрта Дэ Ніра, Гая Мэдына, Іржы Менцэля, Франсуа Азона.
18 лютага 2007 завершыўся Бэрлінскі міжнародны кінафэст.
“Залатога мядзьведзя” прысудзілі карціне “Вясельле Туі” Ван Цяньаня. Гэта стужка распавядае пра маладую жанчыну з Унутранай Манголіі, дзе месьцічы вядуць качэўнае жыцьцё.
“Срэбны мядзьведзь” – Гран-пры кінафэсту дастаўся фільму Арыэля Ротэра “Іншы”
“Срэбнага мядзьведзя” за лепшую рэжысуру атрымаў Джозэф Сэдар (стужка “Бьюфард”).
Лепшымі акторамі прызнаныя Ніна Хос (“Yella”) і Хуліа Чавес (“Іншы”).
Прыз Альфрэда Баўэра далі Парк Чан-Вуку за фільм “Я кібарг, але ўсё ў парадку”, а найлепшым музыкай прызнаны Дэйвід Макензі.
За найлепшы акторскі склад узнагароджаны фільм Робэрта Дэ Ніра “Ілжывае спакушэньне” – пра выпускніка Йельскага ўнівэрсытэту, завэрбаванага амэрыканскаю выведкай. У карціне сыгралі Мэт Дэйман, Анджэліна Джолі і сам Робэрт Дэ Ніра.
Пра крымінальна-палітычныя інтрыгі пасьляваеннага Бэрліну зрабіў фільм Стывэн Содэрбэрг (“Добры немец”). А Клінт Іствуд прадставіў па-за конкурсам свае “Лісты з Івадзімы”.
Вялікую цікавасьць прэсы выклікала нямая стужка Гая Мэдына “Кляймёны мозг”. Канадзкі авангардыст прадставіў сюрэалістычную гісторыю пра сіротак, амаладжальны эліксір і дэтэктыва-трансвэстытку.
Майстар трагікамэдыі Іржы Менцэль паказаў карціну “Я абслугоўваў ангельскага караля” пра прыгоды чэскага афіцыянта. Фільм атрымаў прэмію “ФІПРЭСІ”
А на закрыцьці кінафэсту была паказаная карціна Франсуа Азона “Анёл”.
Фатаграфіі ўзятыя з сайтаў Berlinale, Film.ru
Каментары