Па традыцыі ў апошнім нумары «Наша Ніва» вызначае людзей года. Тых, чые ўчынкі запомніліся, паўплывалі на гісторыю. Самыя яркія асобы года ў рэйтынгу «НН».
Сёлета наш выбар паў на Сяргея Міхалка. Лідар гурту «Ляпіс Трубяцкой» праз некалькі дзён пасля Плошчы «выкінуў» у інтэрнэт песню «Грай». «Напілісь быкі, скачуць па краіне, топчуць ручнікі капытамі ў гліне», — спяваў Міхалок. Многія пабачылі ў кампазіцыі паралелі з тым момантам, калі штодня адбываліся арышты, ператрусы, гвалт.
«Ляпіс Трубяцкой» пачынаў як балаганны гурт, накіраваны на расійскую аўдыторыю. «Увязу цябе, увязу ў Сочы», — спяваў пухлы Міхалок. За апошняе дзесяцігоддзе лідар каманды не толькі накачаў мускулы, але і стаў бліжэйшы да беларускай рэчаіснасці і мовы.
У сакавіку «Ляпіс Трубяцкой» трапляе ў «чорны спіс» беларускіх выканаўцаў. Іх песні забароненыя на радыёстанцыях і тэлеканалах.
Міхалок дае рэзкія інтэрв’ю, дзе называе Лукашэнку «хлусам, злодзеем і непрэзідэнтам». Гэта выклікала скрыгат у Генеральнай пракуратуры,якая выклікае Міхалка для тлумачэнняў выказванняў на адрас кіраўніка краіны.
Пры канцы года «Ляпіс» здымае кліп на класічны верш Янкі Купалы «Хто ты гэткі?». Кліп з вялізным бел-чырвона-белым сцягам паглядзелі на Ютубе ўжо паўмільёна разоў.
На сваіх канцэртах Міхалок гукае «Жыве Беларусь» і ШОС. Пад сэрцам ён выбіў татуіроўку «Не быць скотам», а на назе — Пагоню. Папулярны музыка мае вялікі ўплыў на сваю аўдыторыю.
Энтузіяст года — стваральнік сайта Пракапові’ч
Калі ў краіне прапала валюта, многія займалі чэргі ў банках, два разы на дзень адзначаючыся ў пераклічках. Зрэшты, разгубіліся не ўсе.
Група энтузіястаў стварыла віртуальны абменнік prokopovi.ch.Дзеянне яго было простым: жадаючыя прадаць і набыць даляры дамаўляліся між сабой. Першы нёс валюту ў банк, а другі — адразу яе набываў, даплочваючы пасля розніцу між афіцыйным і неафіцыйным курсамі.
Сайт набыў шалёную папулярнасць у час крызісу. Працаваў не толькі абменнік, аператыўна абнаўляліся і навіны. Стваральнікі зачыняць «Пракаповіча» не збіраюцца і цяпер, калі валюта па новых цэнах вярнулася ў банкі. Дзе гарантыя, што паслугі сайта зноў не спатрэбяцца?
Героі года — Мікіта Ліхавід, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч ды іншыя
Пасля Плошчы паўсотні чалавек апынуліся за кратамі.Гэтыя людзі праявілі асабістую мужнасць і гераізм. Чаго варты 21-гадовы хлопец Мікіта Ліхавід, які адмаўляўся выконваць загады турэмнага кіраўніцтва, не лічачы сябе вінаватым. За гэта
Ліхавід правёў у штрафных ізалятарах 81 суткі. Але яго так і не зламалі.Усім палітвязням выкручвалі рукі, каб яны падпісалі прашэнні аб памілаванні на імя Лукашэнкі, каб быць вызваленымі. Большасць не падпісала нічога, у тым ліку кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Дзмітрый Ус, палітыкі Зміцер Бандарэнка, Павел Севярынец ды іншыя.
Узор адданасці дэманстравалі жонкі і мамы арыштаваных — Ірына Халіп, Марына Адамовіч, Наста Палажанка, Дар’я Корсак. Сукамернікі зайздросцілі палітвязням, што тыя маюць такіх спадарожніц жыцця.
Абаронцы года — адвакаты
Колькі іх ужо палохалі ў мінулыя гады за працу з палітвязнямі, але ўсё адно арыштаваныя на Плошчы без абароны не засталіся.Хоць адвакаты рызыкавалі страціць сваю высокааплатную працу.
Мінская абласная калегія пазбавіла ліцэнзіі адваката Дашкевіча і Саннікава Паўла Сапелку.
Прыпынілі ліцэнзію Тамары Сідарэнцы (абаронца Някляева), Уладзіміру Тоўсціку, Тамары Гараевай (абое — Халіп), Алегу Агееву (Міхалевіча).
Прыклад з іншай палярнасці — суддзі. Ніводзін з іх не вынес апраўдальнага прысуду па справе Плошчы.Усе штампавалі: 3, 4, 6 гадоў турмы.
Грамадскасць назірала, як выпускніца Коласаўскага ліцэя Вольга Комар (Канойка) адпраўляла на чатыры гады ў турму Васіля Парфянкова, а іншы выпускнік гэтай установы Зміцер Лаеўскі бараніў Алеся Бяляцкага.
Сэрца года — Дар’я Каткоўская
Ніхто не забыты, нішто не забытае.Па такім прынцыпе дзейнічалі валанцёры, што дапамагалі вязням Плошчы. Без перадачкі на Новы год не застаўся ніхто. Праца каардынавалася на Сядзібе БНФ, а яе рухавіком была юрыстка Дар’я Каткоўская.
Слова года — ШОС
З лёгкай рукі блогера Яўгена Ліпковіча жартаўлівы трасянкавы скарот стаў папулярны не толькі на інтэрнэт-старонках.
ШОС пішуць на дамах і гаражах, слова выкарыстоўваюць як тост на застоллях.Нават на радыёстанцыях замаўляюць віншаванне для ШОСа Аляксандра Рыгоравіча.
Журналіст года — Сяргей Дарафееў
Вядучы АНТ Сяргей Дарафееў правёў сумленны эфір у дзень выбараў, дзе даваў слова не толькі прадстаўнікам улады, але і апазіцыі.За гэта месца вядучага ён страціў. Але доўга без працы Дарафееў не заставаўся, уладкаваўшыся ва Украіне.
Боршч года — Лідзія Ярмошына
Старшыня ЦВК гатова яшчэ шмат разоў паўтараць свае словы пра боршч,які павінны варыць жанчыны замест удзелу ў мітынгах. Хаця гэта была не адзіная феерычная заява сёлета: «Я страшэнна расчараваная жаночай часткай маладога пакалення — яны агідныя маці, яны паскудныя жонкі, яны не добрыя, не міласэрныя людзі. Таму — як хутчэй — трэба іх заклікаць да баршча, дзяцей, кніжак і гэтак далей».
Аванс года — Сяргей Румас
З гэтым новым чалавекам ва ўрадзе звязвалі надзеі на рынкавы курс айчыннай эканомікі.І Румас гэтыя спадзяванні шмат разоў сілкаваў сваімі словамі пра рэформы. Тым не менш, вялікіх зменаў Румасу ды іншым «рыначнікам» правесці так і не далі. Віцэ-прэм’ер пакуль застаўся адным вялікім авансам.
Новыя імёны ў палітыцы — Арцём Шаркоў і Вячаслаў Дзіянаў
У самы разгар эканамічнага крызісу, калі маўчала апазіцыя, на сцэну выйшлі новыя людзі.Аўтааматар Арцём Шаркоў зарганізаваў акцыю «Стоп-бензін», якая ў чэрвені перакрыла праспект Незалежнасці і дабілася саступак ад уладаў.
На чэрвень прыпаў і пік «Маўклівых акцый» пратэсту — адной з найярчэйшых падзей года. Цяжка сказаць, ці можа належыць аўтарства гэтай ідэі аднаму чалавеку, але іх звязваюць з імем палітуцекача Вячаслава Дзіянава.
Страты года — Віталь Сіліцкі, Руслан Салей
Памёр ад раку выдатны інтэлектуал, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталь Сіліцкі.Чалавек з заходняй адукацыяй і беларускім духам. Яму было 38 гадоў.
У авіякатастрофе пад Яраслаўлем разам са сваёй камандай «Лакаматыў» загінуў капітан хакейнай зборнай Руслан Салей.Яму было ўсяго на год меней, чым Сіліцкаму.
Трэнер года — Георгій Кандрацьеў
Ураджэнец Талачынскага раёна Георгій Кандрацьеў вывеў моладзевую зборную Беларусі на Алімпіяду-2012.Гэта пакуль найбольшы поспех нашага футбола на ўзроўні зборных. Пятровіча за геройства з маладзёжкай павысілі да трэнера нацыянальнай каманды.
Плыўчыха Аляксандра Герасіменя ўпершыню выйграла золата на чэмпіянаце свету. Кажа, ёй прапаноўвалі пераехаць у Расію на выгадны кантракт, але яна адмовілася.
Шафёр года — Міхаіл Захараў
Некалі ў гэтай намінацыі перамагаў цяжкаатлет Андрэй Арамнаў, які па п’яні трапляў у дарожныя прыгоды.
Сёлета адзначыўся хакейны трэнер Міхаіл Захараў, які разбіў свой Bentley Continental GT.Цана такой машыны 200 тысяч даляраў. Лукашэнка потым публічна скажа, што Захараў быў нецвярозы, у выніку настаўніка пазбавілі правоў на тры гады.
Акцыя года — «Фемен»
Украінскія дзяўчаты з аб’яднання «Фемен» правялі смелую акцыю пад сценамі КДБ.Агаліўшыся і начапіўшы вусы, яны гукалі «Жыве Беларусь» і «Свабода палітвязням». У адказ на акцыю дзяўчат вывезлі ў лес у Ельскі раён, збілі і пакоцалі валасы. Тым не менш, «Фемен» збіраюцца правесці ў Беларусі яшчэ акцыі.
Асуджаныя года — Канавалаў і Кавалёў
Тэракт у мінскім метро быў адной з цэнтральных тэмаў года.15 загінулых, больш за сотню параненых у выніку выбуху 11 красавіка на «Кастрычніцкай».
Вярхоўны Суд прызнаў вінаватымі ў здзяйсненні тэракта віцебскіх хлопцаў Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Іх прысудзілі да расстрэлу. З лістом да Лукашэнкі аб памілаванні звярнуўся толькі Кавалёў.
Суд паставіў кропку, але ў грамадства застаецца яшчэ шмат пытанняў па гэтай справе.
Паэт года — Анатоль Рубінаў
У спікера савета рэспублікі Анатоля Рубінава на восьмым дзясятку гадоў не згасае паэтычны талент.У выдавецтве «Літаратура і мастацтва» выйшлі адразу дзве ягоныя кнігі. Старшыня ПЭН-цэнтра, паэт Андрэй Хадановіч кажа, што гэта новае слова ў сусветнай літаратуры.
Ох, народ ты наш, народ,
Ох, народище!
Из полтысячи пород —
Одна породища!
Наш один — за ихних двух —
Только дай борща…
И раз в двадцать крепче дух…
Из туалетища.
«Шалёныя» года — «Будзьма»
Кампанія «Будзьма» стварыла пяціхвілінны пазітыўны кліп па гісторыі Беларусі,які ў стылі рэп прачытаў музыка Аляксандр Памідораў. Ролік з «канкрэтным мажорам Францішкам Скарынам» атрымаўся сапраўды ўдалым і паспяховым.
Кінагерой года — Франак Вячорка
Ці стане блакбастарам фільм «Мірон. Жыве Беларусь», гаварыць яшчэ рана.Яго здымкі толькі пачаліся ў Польшчы. У аснову сцэнара леглі некаторыя эпізоды з жыцця лідара моладзі Франака Вячоркі. Характэрна, што кіно для беларусаў здымаецца ў суседняй краіне. На «Беларусьфільме» сёлета вартых стужак не было.
Людзі мінулых гадоў па версіі «НН»
2003 — музычны прадзюсер Віталь Супрановіч
2004 — старшыня БАЖ Жанна Літвіна
2005 — палітык Аляксандр Мілінкевіч
2006 — чалавек Плошчы
2007 — маладафронтавец
2008 — трэнер Віктар Ганчарэнка
2009 — дабрачынца Наталка Васілевіч
2010 — былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў
Каментары