Піша Павал Севярынец.
…І ўзвёў іх на гару высокую адных, і пераўтварыўся перад імі, і заззяла аблічча Ягонае, а ўбранне Ягонае стала белае, як святло.
Мацвея 17:2
Але пост аказаўся цытатай з Хуана Арыяса, іспанскага каталіка, і з першых словаў мне стала зразумела — я таксама не веру:За колькі тыдняў да адпраўкі на «хімію» да мяне ў кантакце пагрукаўся нейкі барадаты малады чалавек са светлымі вачыма, і даслаў допіс, адна толькі назва якога прымусіла мяне паморшчыцца: «Бог, у якога я не веру». Ну вось, думаю, зноў праваслаўны атэізм.
— У Бога, які любіць боль
— У Бога, які прымушае сябе баяцца
— У Бога-дзядулю, якім можна злоўжываць
— У Бога, які аддае сябе ў манаполію адной царквы, нацыі, культуры ці касты
— У Бога, які «гуляе» ў людзей, каб асудзіць іх
— У Бога, які маўчыць у гісторыі і абыякавы да пытанняў, што трывожаць спакутаванае чалавецтва
— У Бога тых, хто думае, што любіць Бога, бо не любіць нікога
Ужо ў пружанскай Спаса-Прэабражэнскай царкве, паглядзеўшы на маладога бацюшку, я
ахнуў: барадач са светлым позіркам аказаўся айцом Сергіем, у якога мне спавядацца.
Вось і не вер пасля гэтага.
Айцец Сергій чытае Меня і Бярдзяева, цікавіцца гісторыяй і філасофіяй, мае вялізную бібліятэку, неяк служыў у блізкіх Засімавічах набажэнства па-беларуску, выхоўвае дачку Арыну, беларускамоўную верніцу і слухачку N.R.M.
Гляджу на яго і думаю:
у Якога Бога вераць тут, у беларускай глыбіні?Няўжо Бог пратэстанцкага місіянера Тайса з Купліна, Бог каталіцкага ксяндза Казіміра Свёнтка, што пачынаў свой крыжовы шлях у Пружанскім касцёле, Бог праваслаўнага перакладчыка Бібліі Васіля Сёмухі з Ясенца і Бог айца Сергія — Адзін і Той жа?
У гэтай беларускай глыбіні тэолаг, славіст, выкладчык экзэгетыкі і герменэўтыкі Віленскага універсітэта Міхал Баброўскі, высланы з колішняй сталіцы па справе філаматаў, шукаў Бога ў адзінстве хрысціянаў — спярша як уніяцкі, потым як праваслаўны святар. І няхай Баброўскага называлі то сваім, то чужым і ў заходняй, і ва ўсходняй царкве — ён усім сваім жыццём сцвярджаў
веру ў Бога, вышэйшага за міжканфесійныя звягі.
У гэтых самых Пружанах у сярэдзіне ХІХ ст. каталікі,
не маючы грошай завершыць вялікі касцёл на 1000 чалавек, перадалі камяніцу праваслаўным, а тыя дабудавалі царкву Раства Храстова (па-каталіцку, алтаром на захад), і заадно непадалёк — касцёл, што стаіць дагэтуль: пэўна ж, людзі верылі ў Бога, у Якога не каменнае сэрца, а жывое.
Казімір Свёнтак, першы беларускі кардынал з XVIII ст., сваё служэнне пачынаў у тым самым пружанскім касцёле, быў арыштаваны і засуджаны на смерць, прайшоў сталінскі ГУЛАГ і ўсё-такі ўбачыў бел-чырвона-белы сцяг Хрыста па-над урадавымі будынкамі —
верыў у Бога, Які не дае выпрабавання звыш сілаў.
Айцец Канстанцін Пілінкевіч, настаяцель Пружанскай Прачысценскай царквы, што за польскім часам абараняў правы беларусаў і, выступаючы перад тагачаснымі дзяржаўнымі дзеячамі, казаў: «Наша думка аб тым, каб не глядзелі бы на нас, праваслаўных, коса, каб не лічылі бы нас за грамадзянаў ніжэйшага гатунку» (за што і быў адхілены ад пасады) — верыў у Бога, Які даў беларусам зямлю, мову і права людзьмі звацца.
Тутэйшыя пратэстанты, чые бацькі
друкавалі ў Белавежскай пушчы Бібліі для ўсяго былога Савецкага Саюза, пратэстанты, што прапаведуюць Евангелле на гарадскім дне і толькі цярпліва ўсміхаюцца, калі чуюць грэблівае «сектанты», сярод якіх і патомныя баптысты-антысаветчыкі, і місіянер-пастар Тайс — вераць у Бога, Які не пакіне чалавека ані ў Афрыцы, ані ў Беларусі, Які моцны выцягнуць з жыццёвага гною і апошняга ізгоя, і скончанага п’яніцу.
А пружанец Васіль Сёмуха, адзін з найлепшых беларускіх перакладчыкаў, уклаў у свой пераклад Бібліі столькі глыбокае беларускае прыгажосці і ласкі, столькі моўнага хараства, што нават нягледзячы на багаслоўскія недахопы, і вернікі, і святары згаджаюцца: Дзядзька Васіль верыць у Бога, Які ёсць Любоў.
* * *
Ісус пераўтварыўся перад вучнямі на гары.
Пружанская царква Пераўтварэння, куды мне дазволена выязджаць у нядзелі, таксама стаіць на горцы, на праваслаўных могілках. Насупраць, праз дарогу — капліца каталіцкая, і могілкі адпаведныя. Вуліца так і называецца — Горка. Дужа беларуская Горка: так і чуецца ў гэтым магільным раздзяленні штосьці горкае. Але менавіта
тут, калі народ хорам спявае на царкоўнаславянскай з яўным беларускім маўленнем — акунаешся ў тую глыбіню, дзе калісьці жыў Скарына.
Тады, у залатым ХVI ст. каралева Ганна з дазволу Жыгімонта Аўгуста пабудавала на Горцы, на землях, адведзеных Змітром Сапегам, царкву. Храм разбураўся, гарэў і ўваскрасаў. Ужо ў нашыя дні айцец Ігар адбудаваў Спаса-Прэабражэнскую царкву, у 1943-м адноўленую пад нямецкай акупацыяй, а ў 1985 спаленую за камуністамі. Бацюшка з глыбокім зычным голасам апякуецца «хімікамі» і часцяком заседжваецца ў дзяжурцы з міліцыянтамі. Уся царква любуецца, як ён прычашчае дзяцей:
— Прычашчаецца раба Божая Анастасія… Адкрываем роцік. Та-ак. Прычашчаецца раба Божая Ксенія… Ксенія, не грызі пазногці. Прычашчаецца раб Божы Раман… ну, і дзе мы прападалі?
Тут, у царкве Пераўтварэння вобразы і падабенствы Хрыстовыя выяўляюцца ва ўсёй прыгажосці і разнастайнасці. У абліччах, малітвах, жыццях святароў і вернікаў, у літургіі і прычасці, перагукаюцца званамі з касцёльнай імшой і хорам з праслаўленнем у евангелістаў — і вось у беларускай глыбіні, пакутлівай і трапяткой, скрозь стагоддзі
нараджаецца Той, у Каго верылі Сапега і Жыгімонт Аўгуст, Баброўскі і Свёнтак, вераць Тайс і Сёмуха, у каго верыш ты — Справядлівы і Міласэрны, Адзіны і Нязменны Бог.
Глядзі яшчэ: Беларуская глыбіня. Частка І
Беларуская глыбіня. Ластаўкі ў стрэсе
Каментары