Гісторыя33

На Вілейшчыне знайшлі сляды першабытных людзей

Раскопкі ладзіла археалагічная экспедыцыя на чале са знакамітым Міхасём Чарняўскім.

Крамянёвыя прылады часоў каменнага веку знайшлі ўдзельнікі археалагічнай разведкі ў суботу, 17 верасня, каля вёскі Цынцавічы на паўночным ўзбярэжжы возера Вула. Раскопкі праводзіліся пад кіраўніцтвам археолага Міхася Чарняўскага.

У экспедыцыі ўдзельнічалі мясцовы краязнаўца Аляксандр Зайцаў і кіраўнік вілейскага «Таварыства аховы помнікаў» Дзяніс Канэцкі.

Даследчыкі ўскрылі два квадратныя метры зямлі, дзе знайшлі

восем крамянёвых прадметаў і каля 20 частак прыладаў, якія сведчаць пра тое, што ў час мезаліту тут было паселішча. Знойдзеныя прадметы − пераважна нажы.

Міхась Чарняўскі плануе арганізаваць на гэтай стаянцы археалагічную экспедыцыю летам, прыцягнуць да ўдзелу студэнтаў гістарычнага факультэта.

 — Чаму вы накіраваліся менавіта на Вулу?

— Яшчэ ў дарэвалюцыйных публікацыях ёсць звесткі, што на возеры Вула на Вілейшчыне знаходзілі слупы.

Мяркуецца, што там было паселішча на палях.

А ў Літве ёсць група даследчыкаў, якія шукаюць археалагічныя рэчы пад вадой. Таму што ў вадзе ўсё цудоўна захоўваецца − скура, сеткі, вопратка. Гэта неверагодна, бо такія старажытныя рэчы не знойдзеш наверсе, у пяску парахнеюць нават жалеза і кераміка, а пад вадой захоўваецца і арганіка.

Група літоўскіх даследчыкаў скантактавалася з археолагамі з Акадэміі навук, тут і я далучыўся, бо больш-менш ведаю гэтыя месцы, і Максім Чарняўскі, мой сын. Летась, у кастрычніку, мы сабраліся, прыехалі на Вулу. У савецкі час там знайшлі сапрапель і пачалі асушаць возера. Цяпер яго няма.

А ў цэнтры засталася купа дрэў, якія нагадваюць востраў. Напэўна, там і было паселішча на палях. Па карце я бачыў, дзе было балота, значыць даўней там было возера. Паглядзеў, дзе ёсць сухія астравы і паўастравы, сасновы лес − там старажытны карэнны бераг. Мы тады паехалі з поўначы, прайшлі па паляўнічай дарожцы, і знайшлі на лясных выварацях даволі многа крэменю. Там была стаянка каменнага веку. А вось керамікі ці наканечнікаў стрэлаў, па якіх можна вызначыць, якая там была культура, не знайшлі, як і слупоў. Вось і вырашылі даследаваць гэты ўчастак, каб сказаць, калі тут было паселішча, расказаць пра яго і самых першых людзей, што жылі ў наваколлі Вулы.

Дзяніс Канэцкі запрашаў мяне на археалагічную разведку з вясны. Вось я, нарэшце, знайшоў вольны час.

− Ці цяжка вызначыць, да якога перыяду адносяцца знойдзеныя вамі прадметы?

− Да якой культуры адносяцца керамічныя вырабы, вызначаю практычна адразу. Крамянёвыя вырабы вызначаю па форме. У кожным перыядзе была свая «мода». Гэта звязана з пераменай роду дзейнасці, заняткаў.

Калі людзі жылі за кошт палявання, наканечнікі стрэлаў былі лістападобныя. Кабанчыка падбіў − дастаеш стралу і палюеш зноў.

Калі нашы продкі пачалі ваяваць паміж сабой, стала магчымым захапіць багацці, напрыклад, статак жывёл, і людзі пачалі рабіць наканечнікі на чалавека. Яны былі баявыя, шыпастыя, каб ахвяра магла толькі зламаць дрэўка, а наканечнік заставаўся ў целе на цэлае жыццё, і чалавек заставаўся калекам. Такія наканечнікі належаць перыяду позняга неаліту і бронзавага веку.

− Дзе яшчэ вы займаліся раскопкамі ў нашым рэгіёне?

− Самая першая мая самастойная разведка была ў 1964 годзе. На перашыйку паміж Нараччу і возерам Мястра ёсць невялікая рэчка Скема. Паўднёвую стаянку «Скема-1» я раскопваў даволі шмат гадоў. Знайшоў цікавыя разнастайныя абломкі керамікі, добрыя наканечнікі стрэлаў, сякеркі.

Самыя старажытныя людзі жылі там 7 тысяч гадоў таму, у раннім неаліце, яны былі прадстаўнікамі нарвінскай культуры. Гэта продкі сучасных эстонцаў, уяўляеце, як далёка трапілі. Яны змяшаліся з мясцовымі жыхарамі, і атрымалася гібрыдная ўсвяцкая культура. Ёсць фрагменты іх рэчаў у Княгініне, Крывічах і нават у вёсцы Малмыгі.

Праводзіў раскопкі ў вёсцы Кусеўшчына, стаянку знайшоў жыхар Кабыльніка Чэслаў Каспарэўскі. Гэта перыяд мезаліту, прыкладна 8 тысяч гадоў да нашай эры. Тыя людзі яшчэ не ведалі керамікі.

На самой Віліі, у Сосенцы, працавалі некалькі гадоў. Тады толькі збіраліся заліваць вадасховішча. Там таксама дакерамічная эпоха.

Ёсць такая вёска Кастыкі, стаіць каля ўпадзення Сэрвачы ў Вілію. Там знайшоў бронзавую сякеру, якая цяпер знаходзіцца ў музеі старажытнабеларускай культуры.

На раскопках са мной былі студэнты. Паклаў сякеру на пень, а сам пачаў замалёўваць месца, дзе яна была. Адзін студэнт вырашыў праверыць, ці добра яна сячэ. І стукнуў ёй у пень. Сякера была ў выдатным стане, як новенькая, а ўдар пашкодзіў лязо.

− Дасталася яму за гэта?

− А ніхто не прызнаўся. Ну, што зробіш. А сякеру аднавілі.

Вялікія паселішчы ў раннім мезаліце і крыху ў палеаліце былі каля вусця рэчак Драі і Белай, а пасля Вілія інтэнсіўна падразала бераг, зямля падала ў глыбіню, рака наносіла жвір. Там захавалася мноства костак і касцяных вырабаў.

Калі адтуль даставалі жвір, то ў ім «вылоўлівалі» жалеза, дрэва, косткі. Так знайшлі сотню ўнікальных вырабаў: кінжалы, матыкі, сякеры, жазло шамана, косткі маманта, валасатага насарога, нават шаблязубага тыгра. Гэта ўнікальная калекцыя, яшчэ не апублікаваная, бо даследуецца. У Беларусі больш нічога падобнага няма.

***

Мезаліт − сярэдні каменны век. На Беларусі доўжыўся з 9 па 5 тысячагоддзе да нашай эры. Сапрапелі − шматвяковыя адкладанні ў прэсных вадаёмах, якія сфарміраваліся з адмерлых водных раслін, астанкаў жывых арганізмаў, частак перагною.

Каментары3

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»40

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Усе навіны →
Усе навіны

Два гомельскія кур‘еры забралі 100 тысяч у 87-гадовай жанчыны, кінулі куратара і пачалі салодкае жыццё5

У 35 гадоў памёр падпалкоўнік, які займаўся асабліва важнымі справамі ў цэнтральным апараце МУС7

Мус мока. Як насіць самы модны колер гэтага года?12

Адміністрацыя Трампа скарачае штат USAID у 30 разоў8

На мяжу вярнулася чарга з аўтамабіляў1

Міліцыя расказала, што рабіць пры шантажы інтымнымі фота ў Сеціве

Пошта не перасылае грошы некаторым палітвязням

Трамп увёў тарыфы для Кітая і хоча абкласці імі Еўрасаюз. Ці закране Беларусь?4

У 2024 годзе ў Польшчы затрымалі больш за 900 беларусаў, якія нелегальна працавалі ў краіне3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»40

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць