Не мае будучыні краіна, дзе пануе філасофія: «Не скрадзеш — не пражывеш».
Не мае будучыні краіна, дзе пануе філасофія: «Не скрадзеш — не пражывеш».
Артыкул Таццяны Шапуцькі пра нелегальныя заробкі кіроўцаў міжнародных аўтобусных рэйсах выклікаў нежартоўныя жарсці. Толькі на сайце NN.BY чытачы пакінулі пад ім каля 150 каментароў. Аўдыторыя падзялілася на два лагеры: адны абвінавацілі аўтарку ў стукацтве, другія заступіліся за яе.
Што характэрна — за махляроў-кіроўцаў уступіліся найперш беларускамоўныя чытачы, студэнты еўрапейскіх універсітэтаў, частыя госці заходніх краінаў.
Больш за тое, некаторыя з іх пры гэтым не толькі апраўдвалі махляроў, але і падводзілі пад свае перакананні ідэалагічную базу.«Кожны зарабляе як можа», — пісаў студэнт ЕГУ. «Усё правільна, ні кроплі рэжыму! Толькі ШОС!» — даводзіў іншы каментатар. Трэці запатрабаваў: пусціце нас спачатку ў Еўропу, вось тады мы і зажывем па законах.
Адначасова з публікацыяй яе расследавання на гродзенскім блогу S13 разгарэлася падобная дыскусія.Аўтар блогу выклаў фота кіроўцы аўтобуса, які нібыта хаваў ў багажнік свайго аўто скрадзенае казённае паліва. Ці не палова каментатараў завяла тую ж песню: «Навошта “спалілі” кіроўцу? Змог зліць — яго шчасце».
Абодва выпадкі яднае не толькі падабенства тэмаў, але і стаўленне часткі аўдыторыі да галоўных персанажаў гэтых гісторый. Маўляў, не чапайце простых людзей, якія «круцяцца» (крадуць) для таго, каб выжыць у няпростай эканамічнай сітуацыі.
Такая рэакцыя — фактычна дыягназ сучаснаму беларускаму грамадству.
У часы сталінскай калектывізацыі крадзеж быў сапраўды спосабам выжыць у літаральным сэнсе. У той час не было іншых варыянтаў.
Сёння ж ніхто не забараняе зарабляць на сябе, але беларусы па звычцы працягваюць шкадаваць злодзеяў, кіруючыся савецкай філасофіяй «Не скрадзеш — не пражывеш».Напэўна, у падтрыманні культу лёгкага хлебу вінаватая ўлада. Але і грамадства, якое не толькі не пратэстуе, а яшчэ і ўхваляе падобнае, нясе роўную адказнасць за гэта.
У каментарах да артыкула Таццяны Шапуцькі хтосьці згадаў Радыёна Раскольнікава. Сітуацыя і сапраўды амаль паводле Дастаеўскага. Самы час запытацца, перафразаваўшы Фёдара Міхайлавіча: мы нацыя няздараў, ці права маем? Краіна, дзе на ўсіх узроўнях культывуецца магчымасць нелегальна зарабіць, не мае будучыні.
Каментары