За першы квартал 2011 года Беларусь страціла два вядомых некалі брэнды, і гэта не адзіная страта.
На мінулым тыдні Нацыянальны банк паміж зводкамі з «валютнага фронту» паведаміў пра выключэнне з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў ААТ «Джэм-Банк» — калісьці аднаго з вельмі актыўных удзельнікаў беларускага банкаўскага рынку.
«Джэм-банк», які вырас з набытага ў 1995 годзе ГК «Джэм» «Сэрвісбанка», скончыў сваё існаванне скандальна. Нацбанк прыпыніў дзеянне ўсіх яго ліцэнзій «у сувязі з нездавальняючым фінансавым становішчам, якое пацягнула невыкананне ім сваіх абавязанняў перад укладчыкамі і іншымі крэдыторамі», а ў 2007 годзе Вышэйшы гаспадарчы суд прызнаў «Джэм-банк» банкрутам. Некалькі яго мэнэджараў атрымалі розныя тэрміны, адзін з заснавальнікаў абвешчаны ў міжнародны вышук.
У адрозненне ад «Джэм-банка» ліквідацыя кампаніі «НТТ Бел», якая была выключаная з рэестра ў пачатку гэтага года, — добраахвотнае рашэнне яе ўладальніка Паўла Шумілава.
Дэ-факта гэта першы беларускі кампутарны брэнд, які з’явіўся ў Беларусі з дапамогай польскага партнёра Тадэвуша Курака. Але ў 2010 годзе Шумілаў прыняў рашэнне сысці з гэтага сегменту, засяродзіўшыся на больш прыбытковых, на яго думку,
бізнэс-напрамках.
У 2010-м з рэестра таксама былі выключаныя два вядомых некалі «атлантаўскіх» прадпрыемствы-брэнды — «Атлант Мотарс» і «Ліберці-аўто». Абедзве кампаніі выключаныя з рэестра па выніках праведзенай у 2008–2009 гадах унутранай рэструктурызацыі холдынгу «Атлант-М». Замест «Атлант Мотарс» створаная кампанія «Атлант-М Усход»; аўтацэнтр «Атлант-М Ліберці», якім кіравала кампанія «Ліберці-М», наогул закрыты.
Выключэнне з рэестра кампаній «Акварио» і «Эстикару» — вынік праблем іх былых уладальнікаў з беларускім заканадаўствам. Уладальнікам кампаніі «Акварио», некалі буйнога імпарцёра элітнай мэблі, быў бізнэсовец Юры Шатэр. Ён праходзіў па т.зв. «мэблевай справе», быў экстрадыяваны з Германіі, кампенсаваў шкоду і ў сувязі з гэтым, паводле дадзеных «Ежедневника», падаў прашэнне прэзідэнту аб памілаванні. Былы сузаснавальнік другой кампаніі — «Эстикару», вядомай па справе зваротнага ПДВ з экспарту лесаматэрыялаў, Сяргей Краўчанка, цяпер адбывае тэрмін.
Яшчэ адна канчаткова зніклая ў мінулым годзе вядомая кампанія пакінула след таксама ў лясной галіне. Гаворка ідзе пра фірму «Евронатурпаркет» — аднаго з найбуйнейшых у свой час вытворцу элітнага паркету з магутнасцямі ў Смалявічах. Яна збанкрутавала, і яе абавязанні разам з актывамі ўзяў на сябе «Беларусбанк». Цяпер гэтае прадпрыемства, праўда, пад іншым брэндам — «Элітпаркет», уваходзіць у склад банкаўскага холдынгу «Беларусбанка».
З іншых вядомых кампаній-брэндаў у 2010 годзе канчаткова сталі гісторыяй два спартыўныя прадпрыемствы — СП ТАА «ФК «Тарпеда-МАЗ» і ЗАТ «Стадыён Трактар», а таксама авіяцыйнае «Интеравиа» і медыцынскае беларуска-нідэрландска-ізраільска-ліхтэнштэйнцкае «Он Клиник-Минск». Пайшоў з рынку ў 2010 годзе праз ліквідацыю свайго прадстаўніцтва грэцкі дэвелапер «Миханики Бел», які нічым не праявіў сябе за тры гады.
Каментары