Апошняя вайна саюзнай дзяржавы
Расейска-беларускі фільм — гламурна-гераічнае выцісканне слёзаў на тэму мінулай вайны.
Брэсцкая крэпасць (Брестская крепость)
Расея — Беларусь, 2010, каляровы, 131 хв.
Рэжысёр: Аляксандр Кот
Ролі выконваюць: Аляксей Капашоў, Андрэй Мярзлікін, Павал Дзеравянка, Аляксандр Коршунаў, Яўген Цыганоў, Юры Анпілогаў
Жанр: Ваенны фільм
Адзнака: 4 (з 10)
22 чэрвеня 1941 году. Хлопчык Саша (!), які стаўся сведкам ваенных дзеянняў, расказвае пра абарону Брэсцкае крэпасці. Супраціў нацыстам ачольваюць камандзір Пётр Гаўрылаў, камісар Яфім Фамін і кіраўнік памежнай заставы Андрэй Кіжэватаў.
Стужка Аляксандра Ката заяўленая, як «першы фільм Саюзнай дзяржавы». Бюджэт ваеннай карціны — да 6 млн даляраў. Фільм мусіў падрэсліць адвечны гераізм савецкіх людзей, аб’яднаных саюзнай гісторыяй.
У адрозненні ад безнадзейнай беларусьфільмаўскай вайны апошніх гадоў, у карціне маюцца кавалкі галівудзка-чалавечых гісторый, пазычаных з фільмаў катастрофаў дый «Пірл-Харбару». Кампутарныя эфекты ахайнейшыя за беларускія. Навязлівае замаруджванне ахайна дэманструе знявечаныя целы.
Карціна — прадуманае гламурна-гераічнае выцісканне слёзаў. У Расеі фільм абвясцілі шэдэўрам; гледачы заходзяцца ад патрыятызму. Але граматны пластыкавы кліп з толікай чалавечых эмоцый, параздадзеных алавяным жаўнерыкам — яшчэ адна імітацыя.
У імітацыі рыфмуюцца чырвань золаку і савецкі сцяг, непахіснасць — і беларускі акцэнт, Сазная дзяржава — і ейная пустата.
Каментары