Улада3030

«Гэты крыж давядзецца браць Віталю Рымашэўскаму»

Такімі словамі Павел Севярынец прадстаўляў будучага кандыдата ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі на прэзідэнцкіх выбарах.

12 верасня адбыўся трэці ўстаноўчы з’езд БХД. Зрэшты, арганізацыйныя моманты на гэты раз былі не галоўнымі. На павестцы дня стаяла пытанне адносна ўдзелу партыі ў прэзідэнцкіх выбарах.

Гэтым разам з’езд быў не настолькі прадстаўнічы, як мінулыя разы. Паводле Паўла Севярынца, на яго адбіраўся адзін дэлегат ад дзесяці партыйцаў. Агулам жа ў ім прыняло ўдзел 135 дэлегатаў. Заля была ўпрыгожаная некалькімі вялізнымі палотнішчамі — сцягамі БХД.

Паўла Севярынца прадстаўлялі, як «лідэр, сустаршыня БХД». Свой справаздачны выступ ён вырашыў зрабіць арыгінальным. Замест звычайнай прамовы склаў рэйтынг топ‑10 дасягненняў БХД за апошні год.

Так на дзевятым месцы апынулася тое, што партыйцаў зараз у «хадэкаў» больш, чым у іх папярэднікаў у першай палове XX ст. На восьмым — альтэрнатыўны ўрад. На пятым — частыя ўзгадкі на БТ. На трэцім — тры дэпутаты ў мясцовых органах самакіравання. На першым — гадаванне новых лідараў.

Прадпрымальнік Георгій Дзмітрук з Кобрына засяродзіўся на эканамічным аспекце. Ён прапанаваў свае крокі для выхаду Беларусі з эканамічнага крызісу. Тут табе і падатковая амністыя, і льготная легалізацыя даходаў, і трохгадовы мараторый на прыватызацыю, і магчымасць для ІПшнікаў наймаць сабе работнікаў, і адзіны тарыф на ўвоз аўтамабіляў.

«БХД не прымае дзікі капіталізм. Мы прапаноўваем сацыяльна‑эканамічную платформу, асабліва ў пераходны перыяд», — сказаў Г.Дзмітрук.

«А цяпер перад вамі выступіць самы прывабны кандыдат на пасаду прэзідэнта ў выбарах 2010», — так П.Севярынец прадстаўляў партыйнага вылучэнца Віталя Рымашэўскага.

Кандыдат усміхнуўся на гэта: «Я не імкнуся спадабацца ўсім. Дастаткова спадабацца самым лепшым».

Рымашэўскі пачаў з таго, што запэўніў: БХД не стала лабісткай нейкіх замежных інтарэсаў у Беларусі. Тым не менш, «курс на еўрапейскую інтэграцыю застанецца нязменным».

Кандыдат хрысціянскіх дэмакратаў паведаміў, што наведаў усе рэгіёны краіны, дзе сустракаўся, як з сваімі аднапартыйцамі, так і з партнёрамі з іншых арганізацый, але «ніводнага разу не пачуў нічога негатыўнага аб дзейнасці БХД».

Віталь заклікаў прысутных заставацца самакрытычнымі, але той самай самакрытыкі з ягонага боку не прагучала ніякай. «На нас ляжыць адказнасць за іншых людзей, за нашых партнёраў, якія здараецца абражаюць нас», — не прапусціў Рымашэўскі выпадку папікнуць калег па дэмакратычным лагеры.

Адразу пасля справаздач вельмі хуценька былі зацверджаныя ўсе арганізацыйныя моманты, каб магчыма было падаць дакументы на рэгістрацыю. Ніякіх нечаканасцяў тут не адбылося. Звярнула ўвагу на сябе толькі тое, што з ліку Нацыянальнай рады зніклі моладзевыя лідэры Зміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч.

Ну вось і падышла чарга вырашаць пытанне аб удзеле ў прэзідэнцкіх выбарах. Перад гэтым Павел Севярынец зрабіў невялікую даведку аб цяперашняй сітуацыі ў краіне перад такой важнай падзеяй. Фарбы атрымаліся досыць змрочныя, але лідэр «хадэкаў» не губляе аптымізму.

Паводле Севярынца, сёння Расія дамагаецца поўнага паглынання Беларусі. «Рэжым увайшоў у канфрантацыю з імперыяй. Пакуль яны знішчаюць адно аднаго, то трэба нарошчваць сілы, каб уклініцца ў гэтую барацьбу і перамагчы», — кажа былы палітвязень.

Сустаршыня БХД сказаў, што ўсе астатнія нацыянальныя сілы аслабленыя, таму адказнасць за будучыню мусяць браць яны. «Пазняк у выбарах не ўдзельнічае. Казулін не ўдзельнічае. Мілінкевіч, які да нядаўняга часу карыстаўся нашым аўтарытэтам, хутчэй за ўсё таксама не будзе, — зазначыў П.Севярынец. — Цяпер гэты крыж давядзецца браць Віталю Рымашэўскаму. Стаўкай ёсць усё».

Пытанне ўдзелу ці няўдзелу не абмяркоўвалася ўвогуле. Дэбаты выклікалі толькі некаторыя моманты стратэгіі. Напрыклад, заклікаць да байкоту ўжо падчас збору подпісаў, ці толькі ў выпадку не рэгістрацыі кандыдата БХД. Вырашылі спыніцца на другім варыянце.

Агулам пункты выбарчай стратэгіі гучаць так:

1. Вылучыць Віталя Рымашэўскага кандыдатам у прэзідэнты; 2. Каардынаваць назіранне, працу ў камісіях, а таксама пратэстныя акцыі ў выпадку рэгістрацыі А.Лукашэнкі, з іншымі дэмакратычнымі сіламі; 3. Падчас кампаніі гуртаваць людзей да БХД, а таксама прапагандаваць хрысціянскія каштоўнасці; 4. Калі кандыдат не будзе зарэгістраваны, то заклікаць да байкоту і выхаду на Плошчу.

Чаму не разглядалася варыянту падтрымкі іншага кандыдату? Бо, лічаць бэхэдэшнікі, улады зарэгіструюць толькі зручных для сябе прэтэндэнтаў.

Цікава, што прапанова дэлегата з Бабруйска Яўгена Васьковіча аб недапушчальнасці сябрамі БХД збору подпісаў за некалькіх кандыдатаў, нібыта была незаўважанай.

У сваёй «троннай прамове» Віталь Рымашэўскі падкрэсліў, што ягоная кампанія будзе арыентавацца на «чалавека, на беларускі народ, на Хрыста». Кандыдат перакананы, што выбары нельга лічыць тэхнічнымі. Хоць сам прызнае, што ягоныя шанцы, як і іншых дэмакратычных кандыдатаў, «амаль роўныя нулю». Тым не менш, Рымашэўскі перакананы, што можа скласціся такая сітуацыя, якая прывядзе да перамогі.

Каментары30

У Беларусі пачалася перадвыбарчая агітацыя за Лукашэнку ФОТАФАКТ

У Беларусі пачалася перадвыбарчая агітацыя за Лукашэнку ФОТАФАКТ

Усе навіны →
Усе навіны

У Драздах збіраюцца завесці плывучыя альтанкі3

У акупаваным Луганску знеслі помнікі ахвярам сталінскіх рэпрэсій і Галадамору — «па просьбах ветэранаў»6

У Быхаве для патрыятычных акцый прыдумалі пераносны «Вечны агонь» ФОТАФАКТ9

У падземным паркінгу ў Мінску патанулі 14 аўтамабіляў ВІДЭА9

Экс-палітзняволеная Ася Булыбенка апублікавала фота з кнігай Рэмарка — за гэтым хаваецца кранальная гісторыя

Залева ў Мінску, верагодна, была наймацнейшай за ўсю гісторыю назіранняў4

Расійскі салдат прыстрэліў параненага калегу. Прапаганда спрабавала спіхнуць гэта на ўкраінцаў20

Толькі за апошні месяц над Беларуссю праляталі 6 пасажырскіх самалётаў, якія не павінны былі гэтага рабіць

Аўтар «Свінняў» Чарнуха выдае новую кнігу — даведаліся дэталі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі пачалася перадвыбарчая агітацыя за Лукашэнку ФОТАФАКТ

У Беларусі пачалася перадвыбарчая агітацыя за Лукашэнку ФОТАФАКТ

Галоўнае
Усе навіны →