Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»1111

Бізун не вельмі і патрэбны, калі справа ў начальства ў капелюшы

Народ яшчэ не ўехаў, а непрыметныя мясцовыя выбары ўжо выпаўзаюць на фінішную прамую. Першыя бюлетэні апынуцца ў скрынях праз лічаныя дні.

Народ яшчэ не ўехаў, а непрыметныя мясцовыя выбары ўжо выпаўзаюць на фінішную прамую. Першыя бюлетэні апынуцца ў скрынях праз лічаныя дні: з 20 па 24 красавіка пройдзе датэрміновае галасаванне. Гэты беларускі феномен заўсёды выклікаў абвостраную рэакцыю ва ўнутраных апанентаў улады і міжнародных структур. Як будзе гэтым разам?

Раскошу пяці дзён датэрміновага галасавання чыноўнікі тлумачаць клопатам пра чалавека. Выканаў грамадзянскі абавязак загадзя — са спакойнай душой едзь у нядзелю на лецішча, пі піва і ўсё такое. Зусім іншы каленкор, чым на бяздушным Захадзе, дзе, як паказваюць па тэлевізары, у дзень галасавання выцягваюцца кішкі‑чэргі да ўчасткаў.

У апазіцыі трактоўка зусім іншая. Па‑першае, маўляў, працэнт «датэрміноўшчыкаў» у нас вар’яцкі. І дасягаецца ён саўковым добраахвотна‑прымусовым метадам. Па‑другое, сцвярджаюць апаненты, сітуацыя, калі скрыні начуюць пяць сутак без пабочных вачэй, проста ідэальная для маніпуляцый з бюлетэнямі.

Каб змякчыць папрокі, улады пайшлі на новаўвядзенне: прарэзы ў скрынях сталі кожны вечар заклейваць паводле спецыяльных правілаў. Але скепсісу ў крытыкаў не паменшала.

Калі абіралі саветы ў 2007 годзе, датэрмінова прагаласавалі 24,9% выбаршчыкаў. Лічбу апаненты палічылі ненатуральна вялікай.

Але на цяперашніх мясцовых выбарах паказчык можа ўпасці ў разы,

мяркуе эксперт у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер.

Рэч у тым, што перад гэтай кампаніяй улады падправілі Выбарчы кодэкс. І ў прыватнасці скасавалі 50‑працэнтны парог яўкі. Цяпер, у прынцыпе, дастаткова, каб укінуў бюлетэнь адзін чалавек (скажам, сам безальтэрнатыўны кандыдат). І справа ў капелюшы.

Пра безальтэрнатыўнасць згадана не дзеля прыгожага слоўца. Конкурс кандыдатаў цяпер — меней чым 1,2. Гэта, так бы мовіць, сярэдняя тэмпература па бальніцы. На практыцы ў пераважнай большасці акруг — адзін кандыдат. І практычна ўсюды гэта свой для «вертыкалі» чалавек. Калі ж дзесьці зарэгістравалі апазіцыянера, то яму, будзьце спакойныя, падбяруць пару (і адгадайце з трох разоў, на каго будзе працаваць адміністрацыйны рэсурс).

Рэальная канкурэнцыя ў асноўным назіраецца толькі ў Мінску (у сталічны гарсавет конкурс — каля пяці прэтэндэнтаў на мандат) ды яшчэ ў некаторых гарадах.

У іншых месцах лаяльныя кандыдаты праходзяць у дамкі, лічы, на аўтамаце. Навошта без патрэбы пстрыкаць пугай, заганяючы народ на ўчасткі?

«Вертыкаль» дастаткова дасведчаная і рацыянальная, каб не рабіць лішняй працы, — кажа Сяргей Альфер. — У большасці акруг фарсіраваць датэрміновае галасаванне адміністрацыйнымі метадамі няма ніякай патрэбы».

Ён прагназуе, што цяпер доля грамадзян, якія прагаласавалі датэрмінова, можа абмежавацца 5–7%.

І гэты арыфметычны прагрэс па дыскусійным паказчыку здольны прынесці Мінску заліковыя пункты ў вачах Еўропы.

Дарэчы, «вочы Еўропы» цяпер спяшаюцца зарэгістравацца ў Цэнтральнай камісіі па выбарах. Паводле слоў сакратара Цэнтрвыбаркама Мікалая Лазавіка, ужо 50 дыпламатаў з 24 краін выказалі жаданне назіраць за фінальнай фазай цяперашняй кампаніі.

Падобна на тое, што гэты ўсплёск увагі не збянтэжыў афіцыйны Мінск.

Тут бачаць, што Еўропа схамянулася позна. І збольшага гэта фармальная рэакцыя на крытыку з боку беларускай апазіцыі.

Некалькі ж месяцаў таму, калі самы час быў паказваць прынцыповасць, яна, Еўропа, моўчкі праглынула кялейнае прыняцце паправак у выбарчае заканадаўства. Хоць было дамоўлена, што праект пакажуць БДІПЧ АБСЕ — структуры, якая сістэмна маніторыць наш выбарчы працэс.

Цяпер жа быццам бы і пазнавата піць баржомі, іранізуюць у апазіцыі. Пры ўсім багацці касметычных карэктыў у Выбарчым кодэксе засталіся некранутымі прынцыповыя для ўладаў рэчы. І найперш гаворка ідзе пра птушыныя правы назіральнікаў.

Дарэчы, мінулай восенню нават не заўважаная ў гнілым лібералізме беларуская ЦВК асцярожна прапанавала даць гэтыя правы ў больш еўрапеізаванай фармулёўцы — са згадваннем «агляднасці падліку галасоў». Але кіраўнік дзяржавы спыніў гэтыя фантазіі: «Я не бачу тут праблемы. У нас старшыня выбарчай камісіі на месцы вырашае, каго дапускаць да падліку галасоў, а каго не дапускаць».

У выніку назіральнікі 25 красавіка зноў рызыкуюць бачыць, скажам так, спіны членаў камісіі, якія вышкалена сталі ў карэ вакол стала з высыпанымі са скрыні бюлетэнямі.

Звыш таго, незалежных назіральнікаў — жменька. Значная частка апазіцыянераў выйшлі з кампаніі паводле рашэння сваіх структур. У прыватнасці, ляснула дзвярыма на знак пратэсту супраць недэмакратычнасці выбараў Аб’яднаная грамадзянская партыя.

Такія дэмаршы, як вы разумееце, працэс назірання не ўзмацнілі.

Крытычную масу складаюць назіральнікі ад працоўных калектываў. «Гэта вельмі своеасаблівая катэгорыя, — кажа Сяргей Альфер. — Іх, па сутнасці, прызначаюць. А місія — у тым, каб дэзавуяваць магчымыя заявы апазіцыйных прадстаўнікоў пра парушэнні на тым ці іншым участку».

Скажуць: здалося спадару апазіцыянеру! І сапраўды, колькі ні фантануй эмоцыямі‑падазрэннямі, а злавіць на гарачым практычна немагчыма, бо працэс падліку бюлетэняў застаецца ўтоеным.

Шанцы прымусіць кіраўніцтва краіны пайсці на саступкі ў плане дэмакратызацыі выбараў невялікія. Наступная кампанія — прэзідэнцкая. З крэслам кіраўніка дзяржавы Аляксандр Лукашэнка эксперыментаваць не схільны.

Але калі Еўропа і будзе настойваць, дык

патрэбны не добрыя пажаданні пра «большую празрыстасць», а канкрэтныя, прапісаныя да коскі фармулёўкі. І найперш — наконт гарантый уключэння апазіцыі ў камісіі і правоў назіральнікаў.

Калі ўсё будзе пад наглядам, тады, дарэчы, і датэрміновае галасаванне перастане выглядаць такім пачварным феноменам.

Каментары11

Дачка падпаліла фіранку: падрабязнасці трагедыі ў Сеніцы, дзе загінулі двое дзетак

Дачка падпаліла фіранку: падрабязнасці трагедыі ў Сеніцы, дзе загінулі двое дзетак

Усе навіны →
Усе навіны

Галоўчанка перадаў у Нацыянальны музей Амана кнігі Францыска Скарыны

«У кватэры па стыку цячэ вада, а мне кажуць, што гэта не праблема». У Смалявічах два гады не могуць здаць дом на паўсотні кватэр1

«Найгоршы сцэнар для Расіі». Саудаўскі прынц адмовіўся ехаць да Пуціна на саміт БРІКС і прыгразіў абваліць нафту да $501

Француза асудзілі ў Расіі да 3 гадоў калоніі. Калісьці ён даваў інтэрв'ю «Нашай Ніве» і сустракаўся з Васкрасенскім1

Прызналі «экстрэмісцкім» чат мінскіх барыста. У ім амаль 1600 чалавек4

Што такое сезон «хоа-хоа-хоа»?2

Сербскі прэзідэнт падчас матча са Швейцарыяй разгарнуў аб'яднаны сцяг Сербіі і Расіі2

Маштабы кітайскага шпіянажу ашаламляюць заходнія ўрады — The Wall Street Journal3

У нацпарку «Прыпяцкі» знайшлі грыб, які падобны да карала

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дачка падпаліла фіранку: падрабязнасці трагедыі ў Сеніцы, дзе загінулі двое дзетак

Дачка падпаліла фіранку: падрабязнасці трагедыі ў Сеніцы, дзе загінулі двое дзетак

Галоўнае
Усе навіны →