Сяргей Астравец піша на сваім блогу пра сцягі і «палату нумар шэсць».
Ёсьць такая песенька ў славутага брытанскага гурту Slade — «Мама, мы ўсе тут цяпер зьехалі з глузду». Ці не пра нашую родную Беларусь гэта часам? — усё больш задумваюся я. Жарт такі існуе: пакаштавалі, маўляў, шалёнага малачка з-пад нашай калгаснай кароўкі. Ну, вы, мабыць, здагадаліся, што мова будзе «пра сьцяг наш бел-чырвона-белы», як натхнёна напісаў калісьці заходнебеларускі паэт. Чалавек вывесіў беларускі штандар на навагодняй яліне, каб павесяліць беларусаў, але яны гумару не разумеюць, прынамсі сьледчыя, жаночага стану, між іншым. І чалавека гэтага ў «псіхушку» адразу на кансыліюм: ці мог, спадары вучоныя дактары, нармальны — памяркоўны і рахманы як мае быць грамадзянін РБ, рызыкуючы свабодай і жыцьцём, узьлезьці на такую вышыню, нават не хаваючыся, дзеля гэнага пякельна небясьпечнага сьцяга, якому нашая родная любая, прыўкрасная ўлада абвесьціла сваю анафэму?!
Не, хлапцы са «Слэйду», вы мяне паслухайце: схапіў сьцяг бел-чырвона-белы, пашкамутаў, зламаў, патаптаў ботамі — герой, мэдаль табе! А павесіў акуратна — арышт, крыміналка, псіхічная апрацоўка. Таварыш Андропаў можа спаць спакойна, у асобна ўзятай, як сказаў адзін антысавецкі пісьменьнік, «за азадак краіне» былыя «ідэалы» на ганаровым месцы, пыл зь іх зьдзмухаюць і анучкай шаруюць як найдаражэйшую рэч у сьвеце. Яны ўсе пад падазрэньнем на нармальнасьць, Юры Уладзіміравіч шаноўны, тыя, хто не ўладу любіць, а мову сваю мужыцкую, хто не цудоўны флаг з арнамэнтам мілуе, а свой нац’яналістычны, беларускі гэтак званы, «бела-красна-белы», тфу!
Карацей кажучы, усе мы ў пільнага сьледчага пад падазрэньнем. Але што ж, такі лёс: аматары роднай мовы і роднага сьцягу заўжды былі на шчасьлівай і талерантнай да чужынцаў зямельцы беларускай у чорным сьпісе — пры Сталіне (тс-с!), пры наступных генсеках і пры цяперашнім, выбачайце, начальстве. Прыпамінаюцца міжволі часы кароткія як сон, калі ў нас Шушкевіч кіраваў, дык вось: ніводнага чалавека з «незарэгістраваным» сьцягам — савецкім там, БССР-аскім не арыштавалі, не начапілі кайданкі, не засудзілі. Дарэчы, у «псіхушку» не пасылалі тым болей, нават не дадумаліся да такога вынаходніцтва. Вось такое атрымалася ў мяне параўнаньне ўладаў і іхняй любові да кавалка тканіны на тронку. Як там тыя Slade сьпявалі?
Каментары