Лукашэнка з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі павіншаваў усіх
Паводле звестак прэс‑службы кіраўніка дзяржавы, віншавальныя пасланні накіраваныя прэзідэнту Дзмітрыю Мядзведзеву, прэм’ер‑міністру Уладзіміру Пуціну, старшыням абедзвюх палат парламента Сяргею Міронаву і Барысу Грызлову, патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу, кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргею Нарышкіну, дзяржсакратару Саюзнай дзяржавы Паўлу Барадзіну, губернатару Маскоўскай вобласці Барысу Громаву, мэру Масквы Юрыю Лужкову і прэзідэнту Гандлёва‑прамысловай палаты Расіі Яўгену Прымакову.
«Для большасці беларусаў і расіян гэтае свята стала сімвалам дружбы і брацтва, — гаворыцца ў віншаванні. — Упэўнены, што сумеснымі намаганнямі, скіраванымі на вырашэнне актуальных пытанняў беларуска‑расійскага супрацоўніцтва, развіццё інтэграцыйных працэсаў, мы зможам стварыць спрыяльныя ўмовы для годнага жыцця грамадзян нашых дзяржаў».
З Днём яднання Лукашэнка таксама павіншаваў усіх беларусаў і расіян.
«Гэта свята тых канструктыўных сіл, якія, пераадолеўшы масіраваны знешні і ўнутраны націск, змаглі закласці асновы адзінства на новым гістарычным этапе. Сённяшняя знамянальная дата ўвасабляе надзеі і чаканні нашых народаў, праяўляе іх палітычную волю», — гаворыцца ў звароце.
«Працэс інтэграцыі вельмі няпросты», прызнае Лукашэнка, «але на гэтым шляху ў нас ёсць паспяховыя справы і значымыя вехі».
«Сусветны фінансава‑эканамічны крызіс стаў сур’ёзным выпрабаваннем для нашых гандлёва‑эканамічныя адносін, — зазначаецца ў звароце. — Аднак дзякуючы дасягнутаму ўзроўню ўзаемнага даверу і разумення, глыбокай вытворчай кааперацыі паміж прадпрыемствамі Беларусі і Расіі, цесным міжрэгіянальным сувязям мы нават у гэтых няпростых умовах знаходзім эфектыўныя рашэнні самых складаных пытанняў. Больш за тое, менавіта сістэмная і паслядоўная праца па выкананні палажэнняў саюзнага дагавора стала асновай для стварэння Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана».
Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі прымеркаваны да даты падпісання двух дакументаў — Дагавора аб Супольнасці Беларусі і Расіі (2 красавіка 1996 года) і Дагавора аб Саюзе Беларусі і Расіі (2 красавіка 1997 года).
Сёння ў Мінску і Маскве пройдуць урачыстыя афіцыйныя сходы з удзелам дэпутатаў Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, прадстаўнікоў Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, палітычных і грамадскіх дзеячаў.
31 сакавіка ў Мінску на прэс‑канферэнцыі, прысвечанай Дню яднання, пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў назваў 2 красавіка «рубежнай датай для адносінаў дзвюх краін, за якой пачаліся інтэграцыйныя захады больш шырокага маштабу».
Паводле слоў дыпламата, ваенна‑тэхнічнае, гандлёва‑эканамічнае і знешнепалітычнае супрацоўніцтва дзвюх краін «развіваецца выдатна».
Сурыкаў прызнаў, што ў адносінах дзвюх краін ёсць «пэўныя цяжкасці». «Але казаць пра тое, што інтэграцыйныя працэсы згортваюцца, пакуль рана. Яны ідуць не без цяжкасцей, але не згортваюцца, і ствараюць базу для магчымых палітычных рашэнняў у будучыні», — сказаў дыпламат.
Між тым на мінулым тыдні Беларусь звярнулася ў Эканамічны суд СНД з іскам супраць Расіі.
Міністэрства юстыцыі Беларусі просіць суд разгледзець законнасць збірання Расіяй мытных пошлін на прадукты перапрацоўкі нафты і нафтахімічную сыравіну, што пастаўляюцца ў рэспубліку.
Апрача таго, у 2009 годзе ў Беларусі і Расіі перыядычна ўзнікалі гандлёва‑эканамічныя канфлікты, у прыватнасці, у сувязі з пастаўкамі малака, сельгастэхнікі, нафты.
Каментары