«Мы з прышлага 2». Таварыш Пуцін скажа, куды страляць.
Былыя аматары СС, а цяпер зацятыя расейскія патрыёты Борман і Чэрап граюць у старую бітву дый зноўку трапляюць у мінулае. Кампанію ім складаюць два ўкраінцы Таран і Шэры з іншае барыкады. Цяпер «маскальскія» ваяры мусяць навучыць «малодшых братоў» змаганню за савецкую спадчыну.
Савецкае кіно пра вайну прайшло некалькі стадый. Спачатку былі ўрачыста-фальшывыя сталінскія фільмы. Потым — самае ачалавечанае — стужкі Турава, Шапіцькі і Матыля. Цяпер вяртаецца сталінскі этап, у маразматычна-бадзёрай форме, з улікам патрыятычнай фантастыкі.
«Усё для фронта, усё для перамогі!» (над сучасным геапалітычным ворагам). Вораг — празаходняя Украіна. І вось ужо злыя байцы УПА, як колішнія кінаэсэсаўцы, радасна мардуюць жанчын і старых. Ільецца кроў. Носяцца танкі. Гучыць украінскі рок (адзіная вартасць стужкі).
І не трэба дакараць аўтараў, што яны змянілі галоўных актораў. Героі — персанажы кампутарнай гульні ў вайнушку — з завісаннямі-рапідамі і сюжэтам, які пасля выкрыцця антрырасейскіх нягоднікаў, не патрэбны. Наце аўтамат у рукі, адстрэльвайцеся!
Галоўнае, страляйце, куды скажа таварыш Пуцін.
Каментары