91-гадовы прэзідэнт Камеруна выставіў сваю кандыдатуру на новы тэрмін
Прэзідэнт Камеруна Поль Бія афіцыйна выставіў сваю кандыдатуру для ўдзелу ў выбарах кіраўніка дзяржавы, якія павінны адбыцца 12 кастрычніка. Гэта будуць для яго восьмыя выбары, а ўвогуле кіруе краінай ён з 1982 года.

Канстытуцыя Камеруна не абмяжоўвае колькасць тэрмінаў і ўзрост кіраўніка дзяржавы, а выбіраецца там прэзідэнт на 7 гадоў.
13 лютага Полю Бія споўніцца 92 гады, і ён цяпер — найстарэйшы дзейны кіраўнік дзяржавы на планеце. Наступныя за ім — 89-гадовы кароль Саудаўскай Аравіі Салман ібн Абдул-Азіз ібн Абдуррахман ібн Фейсал Аль Сауд і 88-гадовы папа рымскі і кіраўнік карлікавай дзяржавы Ватыкан Францішак. Ёсць, праўда, яшчэ 89-гадовы прэзідэнт Палесціны Махмуд Абас, але статус гэтай краіны як суверэннай дзяржавы і суб'екта міжнароднага права, як вядома, сумнеўны.
Што да Поля Бія, то ён з часоў набыцця Камерунам незалежнасці ў 1960 годзе толькі другі кіраўнік гэтай краіны. Перад ім 22 гады нязменна кіраваў Ахмаду Ахіджа, пры якім Бія з 1975 года быў прэм'ер-міністрам. Пасля аднак, нібыта па стане здароўя ён правёў транзіт улады, 4 лістапада 1982 года перадаўшы яе Полю Бія.
Свайго папярэдніка Бія ўжо праз год адусюль адсунуў і абвінаваціў у падрыхтоўцы вайсковага перавароту. У сувязі з гэтым Ахмаду Ахіджа мусіў падацца ў эміграцыю, а на радзіме быў завочна асуджаны да смяротнага пакарання, замененага на пажыццёвае зняволенне. У 1989 годзе ён памёр у сталіцы Сенегала Дакары, а праз два гады Бія яго афіцыйна рэабілітаваў і нават ушанаваў. Цяпер, напрыклад, іменем Ахмаду Ахіджа называецца стадыён у сталіцы Камеруна Яўндэ.
А Поль Бія ад таго фатальнага для Ахмаду Ахіджа транзіту так сваіх пальцаў і не расціскае.
Па агульным тэрміне знаходжання пры ўладзе ён цяпер, дарэчы, саступае толькі 78-гадоваму каралю Швецыі Карлу XVI Густаву, які на троне з 15 верасня 1973 года, і 82-гадоваму прэзідэнту Экватарыяльнай Гвінеі Тэодора Абіянг Нгема Мбасога, які на пасадзе з 3 жніўня 1979 года. Калі ж браць пад увагу, што шведскі кароль кіраўнік краіны толькі фармальна, то сярод рэальных кіраўнікоў Поль Бія на цвёрдым другім месцы.
Як ні дзіўна, але з іншым палітычным доўгажыхаром, Аляксандрам Лукашэнкам, прэзідэнт Камеруна пакуль што шчыльных кантактаў не навязаў. Магчыма, таму, што камерунскі рэжым усё ж яшчэ з часоў Халоднай вайны быў арыентаваны на захаванне добрых адносін з Захадам і цяпер Поль Бія — кіраўнік не прарасійскі. Зрэшты, з Тэодора Абіянгам Нгема Мбасога да пазамінулага года ў Лукашэнкі таксама асаблівых кантактаў не было, таму, магчыма, і з Полем Бія яшчэ таксама ўсё наперадзе, тым больш улічваючы цяперашнюю вялікую ўвагу да афрыканскага вектара.
На апошніх выбарах у 2018 годзе вынік Поля Бія, дарэчы, быў даволі «прыстойны» як для афрыканскага дыктатара з такім стажам — «усяго» 71,28%. Але, вядома, пра свабоднасць і дэмакратычнасць гэтых выбараў казаць не даводзіцца.
Каментары