У Вільні пасля рамонту вярнулі на дом шыльду Браніслава Тарашкевіча ФОТА
На вуліцы Віленскай (Vilniaus), 37 у Вільні на дом нарэшце павесілі шыльду Браніслава Тарашкевіча. Пра гэта паведаміў Ігар Случак на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Памятная шыльда Браніславу Тарашкевічу была ўсталяваная на гэтым доме 9 лістапада 1994 года. Раней гэта быў дом № 12 па вуліцы Віленскай. Тарашкевіч жыў тут з 1923 па 1926 год.
Год таму шыльду знялі на час рамонта дома. Сёння, як бачна на фотаздымку, яе вяртаюць на месца.
Браніслаў Тарашкевіч (1892-1938) — адзін з самых вядомых і энергічных дзеячаў беларускага руху першай паловы ХХ стагоддзя, аўтар знакамітай «Беларускай граматыкі для школ», кіраўнік Беларускага пасольскага клуба і Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Зняволены ў польскай турме, ён у 1933 годзе быў абмяняны на Францішка Аляхновіча, пасля чаго неўзабаве трапіў ужо ў турму савецкую, у якой загінуў.
Каментары