У Расіі затрымалі «турагентку» з Мінска, якая нібыта абдурыла дзясяткі беларусаў
37-гадовая жыхарка Мінска абяцала беларусам пуцёўкі ў паўднёвыя краіны, збірала з іх грошы, але ў выніку тыя нікуды не ехалі. Пасля жанчына выехала з Беларусі, а нядаўна яе затрымалі ў Расіі, паведаміў Следчы камітэт.

Як вынікае са звестак Следчага камітэта, з верасня 2019 года мінчанка пачала развіваць турыстычны бізнэс. Яна абяцала кліентам «гарачыя» туры на поўдзень на вельмі прывабных умовах. Многія гэтаму верылі і куплялі нібыта пуцёўкі.
Пазней жанчына казала кліентам пра «непрадбачаныя цяжкасці» і прасіла дадатковыя грошы, прыдумляючы розныя прычыны — неабходнасць аплаціць дадатковую пошліну для афармлення, тэрмінова ўнесці перадаплату за трансфер і інш. Таксама яна магла пазычаць у кліентаў грошы «для развіцця турыстычнага бюро».
У 2021 годзе пацярпелыя ад несумленнай турагенткі пакупнікі «выгадных тураў» звярнуліся ў міліцыю. Следчыя распачалі крымінальную справу за «махлярства ў асабліва буйным памеры» (ч. 4 арт. 209 КК) і высветлілі, што мінчанка падманула жыхароў сталіцы на суму больш за 170 тысяч беларускіх рублёў. Ахвярамі махлярства сталі больш за 38 чалавек
«Турагентка» з'ехала з Беларусі і каля трох гадоў была ў вышуку. Але ў кастрычніку 2024 года следчыя атрымалі інфармацыю, што яна ў Расіі. Жанчыну затрымалі, цяпер разглядаецца пытанне пра яе экстрадыцыю ў Беларусь.
Следчыя працягваюць шукаць пацярпелых ад дзеянняў «турагенткі» і просяць, каб да іх звярталіся людзі, якія ведаюць пра іншыя эпізоды яе злачыннай дзейнасці.
Каментары