Самую дарагую кватэру ў Мінску ў снежні прадалі за 450 тысяч даляраў
Гэта пяціпакаёвыя апартаменты.

Самая дарагая кватэра, якую прадалі ў снежні ў Мінску, абышлася пакупніку ў $450 тыс. Пра гэта паведамляе партал wikidom. Гаворка ідзе пра пяціпакаёвыя апартаменты ў доме «Поры года» на вуліцы Кісялёва. Гэта быў таксама і самы вялікі аб’ект з плошчай каля 220 квадратных метраў.
Гэты дом раней лічыўся даўгабудам. Будаўніцтва дома «Поры года» пачалося яшчэ ў 2004 годзе, але праз некалькі гадоў будоўля была замарожана. Толькі праз 13 гадоў дом увялі ў эксплуатацыю пры дапамозе горада. Самая дарагая кватэра тут была і ў верасні, яна каштавала $380 тыс.
У лістападзе самую дарагую кватэру набылі ў цэнтры горада ў жылым комплексе «Ля Траецкага» за $440 тыс.
У той жа час самы дарагі квадратны метр у снежні каштаваў $4135. Ён быў у здзелцы з трохпакаёвай кватэрай плошчай каля 90 квадратных метраў у доме ў квартале DEPO.
Каментары