Наўседа пракаментаваў выкарыстанне Пагоні ў дызайне пашпартоў Новай Беларусі
Раней гэтым былі незадаволены некаторыя літоўскія кансерватары.

Пасля таго, як Офіс Ціханоўскай анансаваў выдачу першых пашпартоў Новай Беларусі, частка літоўскіх кансерватараў абурылася выкарыстаннем у дызайне герба Пагоня. Яны заявілі, што гэты вершнік на кані — літоўскі герб «Віціс», а таму беларуская апазіцыя не мае на яго правоў.
Раней літоўскія чыноўнікі ўжо адказвалі актывістам, што не бачаць падстаў для такой прэтэнзіі. Цяпер сітуацыю пракаментаваў і прэзідэнт Літвы.
Гітанас Наўседа выказаўся, што «Віціс» — літоўскі сімвал, але яго могуць выкарыстоўваць народы, «якія вызнаюць свабоду і не падзяляюць погляды Пуціна», паведамляе літоўскае агенцтва BNS.
«Калі мы гаворым пра сапраўднае адзінства нашых народаў — я маю на ўвазе тых народаў, якія вызнаюць свабоду і не падзяляюць погляды Пуціна — я думаю, што мы сапраўды можам дазволіць ім выкарыстоўваць той сімвал, які адлюстроўвае для мяне Літву», — сказаў Наўседа.
У выкарыстанні Пагоні ў дызайне пашпартоў Новай Беларусі ён не бачыць праблемы. Але дадаў, што трэба абмеркаваць юрыдычныя і дыпламатычныя дэталі праекта.
Перад гэтым дэпутаты Сейма ад партыі «Саюз Айчыны — хрысціянскія дэмакраты Літвы» (сярод іх, напрыклад, Лаўрынас Кашчунас) выказалі занепакоенасць з нагоды выкарыстання Пагоні ў пашпартах Новай Беларусі.
У Міністэрстве замежных спраў Літвы на іх заяву адказалі, што літоўскі дзяржаўны герб у дызайне тых пашпартоў не выкарыстоўваецца.
Каментары