«Рускіх і ўкраінцаў можна параўноўваць з ханьцамі». Мядзведзеў тлумачыць кітайцам прычыны вайны ва Украіне на блізкіх ім прыкладах
«Рускія і ўкраінцы — адзін народ, як кітайцы і тайваньцы» —, напісаў Дзмітрый Мядзведзеў ва ўстановачным артыкуле, скіраваным да кітайскага чытача.
«Аб нацыянальнай ідэнтычнасці і палітычным выбары: вопыт Расіі і Кітая» — пад такой назвай на сайце расійскага часопіса «Международная жизнь» выйшаў артыкул намесніка старшыні Рады бяспекі Расіі Дзмітрыя Мядзведзева.
Тэкст пачынаецца з абвінавачання заходняй цывілізацыі ў правядзенні на працягу стагоддзяў палітыкі ўплыву на знешніх актараў за кошт распальвання ўнутраных канфліктаў, выкарыстоўваючы этнічныя, моўныя і культурныя адрозненні. Гэта адпавядала прынцыпу divide et impera («падзяляй і пануй»), які стаў нарожным каменем каланіяльнай палітыкі, забяспечваючы панаванне метраполій.
Па словах намесніка старшыні Рады бяспекі Расіі, «схемы падзелу падрыхтаваныя англасаксамі для ўсіх «нязгодных» з іх агрэсіўным умяшаннем ва ўнутраныя справы дзяржаў усяго свету». У якасці прыкладу ён прыводзіць Тайвань.
У асобным раздзеле, зыходзячы з афіцыйнай пазіцыі Кітая, Мядзведзеў крытыкуе палітыку «дэкаланізацыі» і «тайванізацыі», якую тайваньская адміністрацыя праводзіць, маўляў, не самастойна, а пад уплывам Захаду.
Аўтар звяртае ўвагу на моўную палітыку, якая праводзіцца на Тайвані. Ён наракае, што ўлады вострава з пачатку XXI стагоддзя для ўмацавання асобнай ідэнтычнасці імкнуцца больш шырока выкарыстоўваць мову тайюй — мясцовы варыянт кітайскай. За гэтым ён бачыць уплыў ЗША, а менавіта Нацыянальнага фонду садзейнічання дэмакратыі.
І тут ён праводзіць паралелі з Украінай, згадвае старыя наратывы расійскай прапаганды пра тое, што згаданы фонд «патраціў дзясяткі мільёны долараў на распальванне этнічных супярэчнасцяў на Украіне».
Пераключыўшыся на Украіну, Мядзведзеў сцвярджае:
«Украіна стала аналагам марыянетачнага суб'екта Маньчжоу-Го, створанага японскай вайсковай адміністрацыяй у 1930-х гадах. Аднак Маньчжоў-Го імператарская Японія стварыла з дапамогай сваіх узброеных сіл. Сучасны Кіеў жа корміцца з рук краін «калектыўнага Захаду».
Мядзведзеў сцвярджае, што заходнія сілы ва Украіне дзейнічаюць паводле старога прынцыпу «падзяляй і валадар» і імкнуцца выкарыстаць там «тайваньскі», «ганконгскі» і іншы вопыт.
«Іх задача — даказаць, што рускія і ўкраінцы гэтак далёкія адзін ад аднаго, наколькі гэта толькі можна ўявіць. Адарваць Украіну ад Расіі, пасеяць рознасць і задаволіць этнічнае размежаванне», —
піша Мядзведзеў і спрабуе даказаць, што сцвярджэнні пра ўкраінскую ідэнтычнасць, адрозную ад рускай, з'яўляюцца прапагандысцкімі канструкцыямі, створанымі пры актыўнай падтрымцы заходніх інстытутаў і знешніх сіл.
«Расіян і ўкраінцаў можна параўноўваць з ханьцамі, якія насялялі розныя рэгіёны і правінцыі Кітая»
— сцвярджае Мядзведзеў і дадае:
«Нягледзячы на абсалютна розны характар украінскага і тайваньскага пытанняў, для заходнікаў яны зліліся разам. Гэта лішні раз даказвае іх штучнае паходжанне пры ўдзеле замежных дэструктыўных сіл, у першую чаргу ЗША і Еўрасаюза.
Аднак адарваныя ад рэальнасці авантуры рана ці позна заканчваюцца ваеннымі праваламі, а мяцежныя правінцыі зноў аказваюцца дома».
«Вяртанне нашых зямель на гістарычную Радзіму, тэрыторый, якія былі страчаныя дзякуючы палітычнаму непаразуменню падчас гістарычных катаклізмаў канца 1980-х — пачатку 1990-х гадоў, не больш «злачыннае», чым аншлюс ГДР з боку ФРГ у 1990 годзе», — працягвае Мядзведзеў.
На думку намесніка старшыні Рады бяспекі Расіі, расіяне адрозніваюцца ад людзей, якія жывуць на тэрыторыі Украіны, «не больш, чым жыхары Вялікапольскага ваяводства — ад жыхароў Паморскага ваяводства Польшчы, чым жыхары зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія ад жыхароў Цюрынгіі».
У высновах да свайго артыкула Мядзведзеў піша:
«Сёння перад Украінай стаіць выбар — быць з Расіяй ці зусім знікнуць з карты свету. Пры гэтым ад украінцаў не патрабуецца класці «ні душу, ні цела» за сваю свабоду. Ім варта ўціхамірыць ганарыстасць «інакшасці», адмовіцца ад супрацьпастаўлення сябе агульнарасійскаму праекту і выгнаць дэманаў палітычнага ўкраінства».
«Калі ж так званая Украіна працягне трымацца агрэсіўнага русафобскага курсу, яна назаўжды знікне з карты свету гэтак жа, як выпарыўся калісьці марыянетачны суб'ект Маньчжоў-Го», — пагражае Мядзведзеў.
Каментары