У сірыйскай турме знайшлі труп закатаванага актывіста, які прапаў 4 гады таму. Ён паверыў рэжыму і вярнуўся з Берліна
Мазен аль-Хамада не вытрымаў эміграцыі.
Пра Мазена аль-Хамаду ў свой час пісалі ўсе сусветныя СМІ. Знаходзячыся ў эміграцыі, мужчына шмат ездзіў па свеце і расказваў пра жахі рэжыму Асада, праз якія яму давялося прайсці. Ягоны лёс шмат у чым падобны да лёсу беларускіх эмігрантаў.
Ад пратэстаў да турмы
Мазен-аль-Хамада далучыўся да пратэстаў у Сірыі ў 2011 годзе. На той час яму было 33 гады. Мужчына працаваў тэхнікам у французскай транснацыянальнай кампаніі Schlumberger у горадзе Дэйр-эль-Зор.
Падчас пратэстаў 2011 года Мазен рабіў на тэлефон здымкі падзей, што адбываліся ў ягоным горадзе, а затым выкладваў іх у інтэрнэт. На яго звярнулі ўвагу замежныя журналісты, якім мужчына даваў інтэрв'ю.
Першы раз службы бяспекі Асада арыштавалі Аль-Хамаду ў красавіку 2011 года на працоўным месцы. Але праз тыдзень яго вызвалілі. Другое затрыманне адбылося ў канцы 2011 года. Гэтым разам мужчына адседзеў два тыдні і пасля вызвалення, разумеючы, што яго могуць зноў затрымаць, вырашыў пакінуць свой горад і перабрацца ў Дамаск. Туды ён накіраваўся разам з двума сваімі пляменнікамі, якім таксама пагражала зняволенне.
У 2012 годзе Мазен разам з пляменнікамі быў арыштаваны і дастаўлены ў аддзяленне разведкі ВПС на вайсковай базе ў аэрапорце Мезэ. Як пазней згадваў мужчына, іх змясцілі ў камеру плошчай у 12 квадратных метраў, дзе знаходзілася каля 70 зняволеных.
На допытах з дапамогай жорсткіх катаванняў з мужчыны выбілі згоду падпісаць паказанні аб тым, што ён нібыта ўдзельнічаў ва ўзброеных пратэстах. Але следчым трэба было ад яго прызнанне ў забойстве сілавікоў. Для гэтага, па словах мужчыны, яго перавялі ў іншы пакой, дзе прымянілі сэксуальны гвалт.
Як згадваў Аль-Хамада, аб яго цела тушылі цыгарэты, білі электрычным токам, ламалі рэбры. Затым ягоныя геніталіі змясцілі ў ціскі і адначасова пачалі гвалціць з дапамогай металічнай жэрдкі.
«Калі яны пачалі закручваць [ціскі, у якія былі змешчаны геніталіі], я прызнаўся ва ўсім, чаго яны патрабавалі», — расказваў мужчына.
3 верасня 2013 года Мазен-аль-Хамада выйшаў на волю ў рамках абмену палоннымі паміж рэжымам і апазіцыяй.
У эміграцыі
Пасля вызвалення аль-Хамада пакінуў Сірыю і праз Турцыю, Грэцыю, Італію, Францыю перабраўся ў Нідэрланды, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Знаходзячыся ў эміграцыі, ён адкрыта сведчыў пра злачынствы рэжыму Асада, сустракаўся з амерыканскімі заканадаўцамі і вайскоўцамі, следчымі па правах чалавека, журналістамі.
«Я не супакоюся, пакуль не падам на іх у суд. Нават калі гэта будзе каштаваць мне жыцця», — гаварыў ён у дакументальным фільме «Зніклыя сірыйцы» (Syria's Disappeared), знятым у 2017 годзе.
Але намаганні мужчыны не давалі плёну. Ён назіраў, як урадавыя сілы Сірыі паступова вярталі кантроль над тэрыторыямі, якія паўстанцы захапілі ў пачатку вайны. Заходнія палітыкі, на якіх аль-Хамада разлічваў, больш засяродзіліся на барацьбе з Ісламскай дзяржавай, а не на змаганні з рэжымам Асада. Мужчына ўсё часцей скардзіўся сябрам, што расказваць сваю гісторыю — пустое марнаванне часу.
Не найлепшым быў і псіхічны стан Мазена. Ён жыў адзін у бедна абстаўленай кватэры ў Амстэрдаме, якую яму далі ўлады, браў урокі нідэрландскай мовы і ўсё больш курыў марыхуану. У адрозненне ад іншых эмігрантаў, Мазен не здолеў адаптавацца за мяжою.
Па словах знаёмых, ён праходзіў псіхатэрапію, але скардзіўся, што заходнія псіхатэрапеўты не разумеюць, праз што яму давялося прайсці. Да гэтага трэба дадаць і фізічную траўму, якая прывяла да таго, што мужчына не мог мець дзяцей і не хацеў наладжваць асабістае жыццё.
Журналісты згадваюць, як падчас аднаго з сваіх стрымаў у фэйсбуку аль-Хамада рэзка крытыкаваў улады Нідэрландаў, якія замарозілі ягоны банкаўскі рахунак і спынілі дапамогу пасля таго, як на яго паступіла запазычанасць па заробку ад былога працадаўцы ў Сірыі. Ён таксама крытыкаваў ЗША і Еўропу за адпраўку вайсковых самалётаў для бамбардзіроўкі Ісламскай дзяржавы.
«Я хачу вярнуцца ў сваю краіну — хопіць. Нават калі гэта азначае вяртанне ў зоны, што кантралююцца рэжымам, гэта лепш, чым тут. Я не хачу інтэгравацца! Для мяне больш годна памерці ў сваёй краіне».
Шлях да вяртання
У апошнія месяцы 2019 года фінансавыя праблемы Хамады дасягнулі апагею. Не маючы магчымасці плаціць за кватэру, ён быў выселены з яе і паехаў да сястры і яе мужа, якія таксама жылі ў Амстэрдаме. Прыніжальны досвед страты дома яшчэ больш узлаваў яго і, магчыма, адыграў вялікую ролю ў яго рашэнні вярнуцца ў Сірыю, сказаў ягоны швагер Амер аль-Абайд.
«Ён адчуваў сябе здраджаным. Ён быў у дрэнным псіхічным стане, стаў ваяўнічым і сварыўся амаль з усімі, каго сустракаў», — расказваў аль-Абайд журналістам The Washington Post.
Пазней мужчына па незразумелых прычынах, знаходзячыся ў статусе бежанца, звярнуўся ў пасольства Сірыі ў Берліне. Па словах сведак, ён наведаў пасольства як мінімум тры разы за месяц.
Выказваліся здагадкі, што людзі рэжыму Асада змаглі скарыстацца ўразлівасцю Мазена, увайшлі да яго ў давер і звязалі з пасольствам Сірыі ў Берліне. Там ён атрымаў хлуслівыя запэўніванні ў бяспечным вяртанні.
У выніку аль-Хамада атрымаў візу і ранкам 22 лютага 2020 года вылецеў з Берліна ў Бейрут. Па прылёце мужчына быў арыштаваны службамі бяспекі і з той пары лічыўся зніклым без вестак.
У студзені 2022 года былы зняволены, толькі што вызвалены з турмы, заявіў, што бачыў Мазена аль-Хамаду ў адной з турмаў Дамаска ў лютым 2020 года, пасля яго пераводу з турмы аэрапорта Мезэ. Па яго словах, аль-Хамада падвяргаўся няспынным катаванням з мэтай атрымання ад яго «прызнанняў» на камеру адносна таго, што нібыта хлусіў пра катаванні ў турмах рэжыму, калі знаходзіўся за мяжой.
Паводле інфармацыі выдання Аль-Джазіра, 9 снежня 2024 года цела аль-Хамады знайшлі ў адной з турмаў Седная. Сям'я апазнала яго.
Каментары
Выснова: верыць рэжымам нельга ніколі - падмануць 100%.