«У мяне прыём каштуе 120 рублёў, чаму я павінна працаваць за 44, бл**ь, рублі?!» Дактары абмяркоўваюць рэгуляванне цэн
Ад панікі да злосці: паглядзелі, як медыйныя дактары ў сацсетках рэагуюць на тое, што з 1 лютага 2025 года Мінздароўя будзе вызначаць цэны на прыём у прыватных медцэнтрах.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/stock/__bun_nn_20200207-1037-t1346.jpg.webp)
Напрыклад, першасны прыём спецыяліста, кандыдата медыцынскіх навук з лютага не можа каштаваць даражэй за 45 рублёў, а доктара медыцынскіх навук, а таксама дацэнта і кандыдата медыцынскіх навук — 47 рублёў.
Гучыць нямала змрочных прагнозаў наконт таго, што абмежаванне цэн на прыём будзе выштурхоўваць высокакваліфікаваных спецыялістаў на рынак працы суседніх краін.
— Досвед любой развітой краіны паказаў, што эфектыўная якасная медыцына — гэта страхавая медыцына. Гэта галіна эканомікі, якая дае зарабляць усім, хто задзейнічаны ў ёй. Гэта высокія стандарты, адукаванасць, кваліфікацыя, уніфікацыя, празрыстасць, законнасць, абароненасць абодвух бакоў і гарантыі, — разважае адна доктарка.
Яна дадае:
— У недаразвітай краіне не даюць працаваць нават энтузіястам, якія ведаюць, як трэба, могуць рэалізаваць гэтыя веды, але няма калі і за што. Немагчыма якасна апытаць пацыента, выказаць меркаванне пра дыягназ, прызначыць даабследаванне, тэрапію, запоўніць паперы за паўгадзіны.
Жанчына сумна жартуе і прапаноўвае выпіць, не чокаючыся, за матэрыяльную ўзнагароду высокаінтэлектуальнай працы.
— Можа, дзеячы ад улады лічаць, што доктар — адзінка настолькі адухоўленая, што сілкуецца толькі хлебам надзённым? І пытанні быцця яго цікавяць толькі з пункту гледжання працы мозгу і двух кругоў кровазвароту? І дзяцей у дактароў, напэўна, не бывае. І патрэб з жаданнямі…
Сярод дактароў ёсць тыя, хто ў захапленні ад ідэі Мінздароўя. Вядомая гінекалагіня-блогерка выставіла ў сторыс паведамленне калегі, якая пахвалілася, што раней яе прыём у прыватным медцэнтры каштаваў 38 рублёў, а ў лютым цана стане вышэйшай.
— Я раней казала, што для большасці, можа, нічога і не здарылася. Здарылася толькі ў мяне, а таксама ў блізкіх мне крутых лекараў, у якіх прыём быў 90, 100, 150 рублёў. Найлепшыя розумы і цудоўныя людзі таксама сумуюць, — пракаментавала доктарка.
Доктарка паскардзілася, што ёй вельмі непрыемна разумець, што ўсё, чаго яна дабівалася доўгія гады, абясцэнена ў грашовым эквіваленце яе роднай краіны.
— Як нармальны спецыяліст можа пачаць зарабляць у тры разы менш? Чаму я павінна гэта цярпець? У мяне прыём каштуе 120 рублёў, чаму я павінна працаваць за 44, бл**ь, рублі?!
Гінекалагіня думае, што 2025 год можа стаць апошнім у яе доктарскай кар’еры, бо не гатовая мірыцца з рэгуляваннем кошту яе працы.
— Сем гадоў я будавала свой блог, набірала папулярнасць, была сабой і знайшла аматараў мяне як спецыяліста. І няхай асудзяць, што я зноў пра грошы. А як жа дапамога людзям? Мне п****й, што падумаюць. Я жыць хачу нармальна, а часам нават добра.
Іншыя з абураных медыйных дактароў тлумачаць, колькі грошай яны ўклалі ў сваю адукацыю пасля таго, як скончылі медыцынскі ўніверсітэт.
Адна высоказапатрабаваная доктарка-неўролаг адзначыла:
— Вучыцца і падвышаць сваю кваліфікацыю мне падабаецца, я раблю гэта рэгулярна ўжо 15 гадоў. 10 гадоў я працую неўролагам, а вучуся разоў у сто больш, чым ва ўніверсітэце. Шмат прачытаных кніг, гадзіны прагледжаных вебінараў і канферэнцый, курсы перападрыхтоўкі ў Беларусі і Расіі, навучанне новым методыкам лячэння, паездкі на вочныя семінары ў Расію — усё гэта крута. Мне вельмі падабаецца тое, што я не спыняюся на дасягнутым і іду ўвесь час наперад.
Іншая гінекалагіня выказваецца яшчэ больш жорстка:
— З такімі ўмовамі клеіць дома вейкі больш выгадна і бяспечна ў плане адказнасці, чым працаваць доктарам. Я не ведаю, як мы будзем працаваць. Я не ведаю, як і навошта цяпер імкнуцца развівацца, навучацца і дзе браць гэтую чортаву матывацыю якасна аказваць медыцынскія паслугі. Цяпер яе нуль. Я ведаю, гэта не ваша праблема зараз. Але маўчаць мне пра гэта складана. Я ў роспачы.
Доктарка скардзіцца, што на сваю дадатковую адукацыю патраціла не менш за 2 тысячы даляраў. Яна сцвярджае, што дзякуючы гэтаму атрымала веды, якіх ёй не далі ні ва ўніверсітэце, ні на дзяржаўных курсах павышэння кваліфікацыі.
— Гэта быў мой выбар — навучыцца аказваць адэкватную дапамогу без фантазій і здагадак. Але каб гэтаму навучыцца, трэба зарабіць на навучанне такога ўзроўню.
Гінекалагіня дадала, што выдаткоўвала на чарговы медыцынскі семінар грошы, якія адрывала ад сваёй сям’і.
— Я разлічвала, што мае веды, навыкі, магчымасць лепш ставіць дыягназы, лепш дапамагаць людзям, дапамогуць мне акупіць мае ўкладанні. А хтосьці зверху лічыць, што я атрымліваю звышпрыбыткі. Таму трэба ўрэгуляваць кошт паслуг, якія я аказваю. Бо няма чаго разлічваць акупіць свае ўкладанні і наогул няма чаго даваць магчымасць зарабіць на гэтыя ўкладанні.
Ёсць сярод высоказапатрабаваных і тыя, хто абяцае скараціць свой працоўны час — хаця б у сацыяльных сетках. Адна рэпрадуктолаг паскардзілася, што кожны дзень пасля працы звычайна адказвала на 20-30 паведамленняў з пытаннямі ад пацыентаў.
Цяпер яна падкрэслівае, што кансультаваць будзе выключна ў працоўны час:
— Я больш не адказваю на паведамленні ў месенджарах. І нават калі вы пішаце ў інстаграм ці адмінам клінікі «проста спытаць» — калі ласка, запішыцеся на прыём і «проста спытайце». А свой асабісты час я буду траціць на сваё жыццё і здароўе, а не на жыццё і здароўе пацыентаў.
Цікава і тое, як пацыенты рэагуюць на навіну аб тым, што з лютага цэны ў прыватных цэнтрах павінны пайсці ўніз. Вядомая блогерка-доктарка паскардзілася, што зараз у яе пачаліся масавыя адмены візітаў.
Доктарка паказала, што ў яе адразу сем кліентак адмянілі запланаваныя наведванні. Яна мяркуе, што жанчыны, якім не трэба тэрміновая кансультацыя, вырашылі пачакаць каля двух месяцаў, каб сэканоміць.
— Праз новыя законы разумею, што, мабыць, да лютага можна прыпыняць прыём, — сумна рэзюмуе гінекалагіня. — Усе будуць чакаць нізкіх цэн за тую ж якасць.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/admena-h4vx9.jpg.webp)
Іншыя ж пацыенты шукаюць варыянты падтрымаць любімых дактароў грашыма і пытаюцца, ці можна будзе запісвацца на два акенцы запар, каб заплаціць за прыём больш.
Адна з папулярных у сацыяльных сетках гінекалагінь напісала ў сторыс:
— Мне шмат хто пісаў, што яны гатовыя на гэта. Але з пазіцыі правяральных органаў гэта можа быць няправільна расцэнена. Трэба атрымаць на гэты конт афіцыйны адказ Міністэрства аховы здароўя. Будзем адназначна пісаць запыт.
«Радуйцеся, с*кі!» Чым скончыўся скандал паміж гінекалагіняй-блогеркай і пацыенткай прыватнага медцэнтра?
«Калі б не выклікалі хуткую, жыць мне заставалася некалькі гадзін». У 38-гадовай беларускі здарыўся інфаркт
У Беларусі могуць увесці новую сістэму рэгулявання цэн — «з найменшым умяшаннем дзяржавы»
У Мінску прадаюць медцэнтр амаль за паўмільёна даляраў
Каментары
Прапагандоны самі не зразумелі, які ўдалы прыдумалі лозунг. Далей пад гэтым лозунгам хатаскрайнікі падзеляцца сваім заробкам, адправяць сваіх дзяцей на расейскую вайну і г.д.