У новым заходнім блакбастары з зоркай серыяла «Ход каралевы» знайшлося месца Беларусі
Апошнім часам заходнія кіношнікі рэгулярна згадваюць Беларусь у сваіх сцэнарах. Чарговы такі выпадак — фільм «Цясніна» (The Gorge), які выходзіць у наступным годзе.
«Цясніна» — гісторыя пра двух прафесійных снайпераў, якіх адпраўляюць ахоўваць супрацьлеглыя бакі велізарнай цясніны. Нягледзячы на адлегласць, паміж імі ўзнікаюць пачуцці, але галоўная праблема — даць рады злу, што знаходзіцца ў цясніне паміж імі.
Днямі выйшаў трэйлер стужкі, і, мяркуючы па ім, у гэтай гісторыі знайшлося месца Беларусі. У пачатку трэйлера нехта — верагодна, галоўная гераіня — глядзіць праз прыцэл зброі, на самалёт з беларускім дзяржаўным сцягам на корпусе. З самалёта выходзіць амаль лысы мужчына ў касцюме разам з жанчынай у белай сукенцы і на абцасах. Іх сустракаюць ахоўнікі і машыны, да адной з якіх прымацаваныя беларускія дзяржаўныя сцягі — выглядае, што гэта сустрэча важнага госця, магчыма, нейкага палітыка, і адбываецца ўсё на тэрыторыі нашай краіны.
Далей у трэйлеры мы бачым амерыканскую вайсковую базу і ўласна цясніну, дзе адбываюцца галоўныя падзеі. Падобна, што кадры з Беларуссю — эпізод з жыцця аднаго з герояў, што здарыўся перад тым, як яны сустрэліся ў гарах.
У «Цясніны» зайздросны акцёрскі склад. Галоўную гераіню грае Аня Тэйлар-Джой — зорка шахматнага серыяла «Ход каралевы», якая паспела паказаць сябе і ў вялікім кіно, а ў ролі другога плану з’явіцца галівудская легенда Сігурні Уівер. Прэм’ера стужкі запланаваная на 14 лютага 2025 года на Apple TV+.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары