Маленечкая студыя знаходзіцца на вуліцы Галадзеда. Яе памер — усяго толькі 14,4 «квадрата», але пры гэтым ёсць усё неабходнае для жыцця: гасцёўня з раскладной канапай, зона кухні, сумешчаны санвузел і акуратная лоджыя, якую можна выкарыстоўваць пад зону адпачынку ці нават невялікі кабінет, піша Onliner.
Студыя хаваецца ў дзевяціпавярховіку 1975 года пабудовы. У ёй не так даўно зрабілі рамонт у мінімалістычным стылі: пафарбавалі сцены і столі ў белы, паклалі ламінат і плітку, дадалі сучасную кухонную мэблю… Пра канструктыў таксама не забыліся — напрыклад, замянілі ўсе камунікацыі (нават цёплую электрычную падлогу на балконе прадугледзелі).
Мабыць, жыць тут аднаму было б цалкам камфортна. Але ёсць адзін нюанс: афіцыйна памяшканне не адносіцца да жылога фонду. Хоць, як сцвярджае ўласнік, кватэру можна вывесці з «камерцыйнага» статусу (ён нават гатовы ў гэтым дапамагчы).
Студыя здаецца ў арэнду за $250 па курсе. Пра тое, ці перадаецца па дамове куплі-продажу новаму гаспадару яшчэ і кватарант, не паведамляецца.
Ну а цяпер самае цікавае — кошт. Абзавесціся такой нерухомасцю можна за $31 900 па курсе. Атрымліваецца $2215 за квадратны метр.
Каментары