У Расіі вайсковы лекар ужыўляў аскепкі боепрыпасаў для імітацыі раненняў і атрымання выплат
Вынаходлівыя вайскоўцы такім чынам «зарабілі» больш за 100 тысяч долараў.
У Расіі завялі крымінальную справу супраць вайсковага лекара, які, паводле версіі следства, ужыўляў аскепкі боепрыпасаў для імітацыі раненняў і атрымання выплат.
Пра гэта распавёў кіраўнік Следчага камітэта Аляксандр Бастрыкін, піша РІА «Навіны».
«Вайсковы медык разам з двума вышэйшымі службовымі асобамі праводзіў хірургічныя аперацыі па ўшыванні аскепкаў боепрыпасаў для імітацыі раненняў. Затым у дакументы ўносіліся фіктыўныя звесткі, на падставе якіх ажыццяўляліся выплаты», — заявіў Бастрыкін.
Паводле яго слоў, такім чынам фігуранты справы выкралі больш за 12 мільёнаў расійскіх рублёў (115 тысяч долараў).
У 2022 годзе Пуцін падпісаў указ аб выплаце за раненне на вайне ва Украіне ў памеры 3 мільёнаў рублёў (цяпер гэта амаль 29 тысяч долараў). У лістападзе 2024 года выплату за раненне, якое прывяло да інваліднасці, павялічылі да 4 мільёнаў (больш за 38 тысяч долараў).
Каментары