Беларус, якога затрымлівалі падчас пратэстаў у Грузіі, вылецеў у Літву
Грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі, якога затрымалі ў канцы лістапада падчас пратэстаў у Тбілісі, але пасля вызвалілі, 7 снежня вылецеў з грузінскай сталіцы ў Вільню, паведаміў «Пазірку» праваабаронца Раман Кісляк, які суправаджаў маладога чалавека.
«Па парадзе праваабаронцаў ён эвакуяваўся з Грузіі», — адзначыў суразмоўца.
Грузінскія СМІ паведамлялі, што 25-гадовы Муравіцкі быў сярод 10 замежнікаў, якіх затрымалі на акцыі пратэсту ў Тбілісі ў ноч на 29 лістапада.
Сам малады чалавек у гутарцы з беларускімі медыя заявіў, што быў затрыманы раніцай 30 лістапада.
Два дні малады чалавек правёў у ізалятары горада Сігнахі турыстычны цэнтр, знаходзіцца за 109 км ад сталіцы). Пасля вызвалення яго выклікалі ў міграцыйную службу. 3 снежня Муравіцкі падаў прашэнне аб прытулку.
Каментары