Галоўны вынік візіту высокай расійскай дэлегацыі ў Мінск — рашэнні ў сферы бяспекі: падпісанне Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы і двухбаковай Дамовы аб гарантыях бяспекі паміж Беларуссю і Расіяй. Найбольш важным выглядае планаванае размяшчэнне ў Беларусі найноўшай расійскай сістэмы «Арэшнік» у другой палове 2025 года, што можа рэзка абвастрыць ваенна-палітычную сітуацыю ў рэгіёне, піша на «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч.
Уладзімір Пуцін другі раз за год прыехаў у Беларусь. Бывалі гады, калі Пуцін наведваў Мінск і часцей, але гэта былі паездкі на розныя саміты (СНД, АДКБ, ЕАЭС). А вось сёлета прэзідэнт Расіі двойчы наведаў Беларусь спецыяльна з візітамі, не прывязваючы іх да самітаў нейкіх інтэграцыйных аб’яднанняў. І абодва разы мелі адмысловыя нагоды.
Першы візіт Пуціна ў Беларусь сёлета ў траўні насіў дэманстрацыйны характар. Рэч у тым, што ў траўні 2024 года ён чарговы раз быў пераабраны прэзідэнтам РФ. Паводле міжнароднай традыцыі, новаабраны кіраўнік дзяржавы ладзіць першы візіт у краіну, якая найбольш важная з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў. Гэта дэманстрацыя прыярытэту ў знешняй палітыцы. Апошнія чвэрць стагоддзя прэзідэнты Расіі адразу пасля абрання першы візіт, як правіла, ладзілі ў Мінск. Больш за тое, нават расійскія прэм’ер-міністры пасля прызначэння спачатку наведвалі беларускую сталіцу.
Гэтым разам пасля інаўгурацыі Пуцін паехаў найперш у Кітай. Відавочна, у Крамлі зыходзілі з логікі, што Беларусь нікуды не дзенецца: Лукашэнка крыўдаваць не будзе, яму няма куды ўцякаць з падводнай лодкі. А ад пазіцыі Кітая для Масквы цяпер шмат што залежыць.
А вось другі візіт Пуціну трэба было ладзіць у Мінск, іншых варыянтаў тут не было. Інакш яго не зразумелі б не толькі ў Беларусі, але і ў самой Расіі, у блізкім замежжы.
Для снежаньскага візіту была іншая нагода. Гэта пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Менавіта таму Пуцін прыехаў сюды не адзін. У Мінск прыляцела ўсё вышэйшае кіраўніцтва Расіі, уключна з прэм’ерам Міхаілам Мішусціным і старшынёй верхняй палаты парламента Валянцінай Мацвіенка. (Старшыня Дзярждумы Вячаслаў Валодзін захварэў.) Бо яны ўваходзяць у склад гэтага самага Вышэйшага дзяржсавета.
Паводле рэгламенту, Вышэйшыя дзяржсаветы павінны праводзіцца раз на год, каб зацвердзіць бюджэт гэтага інтэграцыйнага саюза, вырашыць іншыя працэдурныя пытанні. Звычайна яны праводзяцца ў Расіі.
Але сёлета пасяджэнне дзяржсавета асаблівае: яно прымеркавана да юбілею. 25 гадоў таму была створана Саюзная дзяржава. І таму ўрачыстае пасяджэнне вырашылі правесці ў Мінску.
У цэлым гэтыя візіты носяць палітыка-сімвалічны характар, выглядаюць як дэманстрацыя добразычлівасці Пуціна да свайго адзінага саюзніка. Бо саюзнік падчас вайны каштуе дорага і ў палітычным, і ў фінансавым сэнсе. У выніку абодва бакі атрымалі піярныя дывідэнды.
Выкажу, магчыма, крыху парадаксальную думку. На фоне размоў, трывожных прагнозаў наконт магчымага аншлюсу Беларусі Расіяй сам факт таго, што прэзідэнт РФ двойчы на год прыязджае ў Беларусь, аб’ектыўна ўмацоўвае фармальны беларускі суверэнітэт.
Бо расійскія афіцыйныя асобы і дзяржаўныя медыя падкрэсліваюць, што гэта замежныя візіты. Беларусь — не губерня РФ. Напрыклад, куды-небудзь у Варонежскую ці Цвярскую вобласць Пуцін не ездзіць з афіцыйнымі ці працоўнымі візітамі. І Абхазію ці Паўднёвую Асецію не наведвае. А ў Беларусь прыязджае.
І гэта падштурхоўвае да высновы, што нейкіх планаў хуткага далучэння краіны да РФ у Крамля пакуль няма. Але што тычыцца рэальнага суверэнітэту, тут сітуацыя іншая.
Галоўны вынік візіту высокай расійскай дэлегацыі ў Мінск — гэта рашэнні ў сферы бяспекі, падпісанне Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы і міждзяржаўнай Дамовы аб гарантыях бяспекі паміж Беларуссю і Расіяй. Змест апошняга дакумента невядомы. Але, мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра змену расійскай ядзернай дактрыны, паводле якой Расія можа прымяніць ядзерную зброю ў выпадку нападу на Беларусь.
Самае важнае рашэнне — гэта размяшчэнне ў Беларусі найноўшай расійскай сістэмы «Арэшнік» у другой палове 2025 года на просьбу Лукашэнкі. У выніку цяпер на беларускай тэрыторыі, акрамя ядзернай зброі, будуць яшчэ і новыя ракеты — паводле ацэнак экспертаў, яны сярэдняй далёкасці.
Мэта Пуціна зразумелая. Ён імкнецца ўзмацніць стратэгічныя пазіцыі РФ напярэдадні меркаваных перамоў аб міры ва Украіне, каб дзейнічаць з пазіцыі сілы. Пуцін павышае стаўкі.
І адначасова Расія поўнасцю ўцягвае Беларусь у сваю ваенную палітыку, геапалітычны канфлікт з Захадам.
Менш зразумелая логіка Лукашэнкі.
Беларусь апынаецца на пярэдняй лініі фронту ў геапалітычным супрацьстаянні з Захадам. Магчыма, ён думае, што гэта ўзмацняе палітычную вагу краіны. Але насамрэч ён гэтым замацоўвае ўяўленні ў свеце пра свой статус як расійскага васала. І моцна пагаршае любыя магчымасці размарожвання адносін з ЗША і ЕС. У пэўным сэнсе спальвае масты на Захад. Зрэшты, магчыма, што ён цяпер ужо ў такім стане, што і не здольны пярэчыць Пуціну.
Міністр фінансаў Селіверстаў пра «Арэшнік» у Беларусі: Можа, Захад здыме санкцыі адразу
Лукашэнка папрасіў Пуціна размясціць у Беларусі «Арэшнік»
Вальфовіч: У Лукашэнкі ёсць свой ядзерны чамаданчык і чырвоная кнопка
Самалёт Пуціна ў Мінск суправаджалі два знішчальнікі
Цэнтр Мінска сёння перакрыюць для ўсіх відаў транспарту — едзе Пуцін
Каментары