У Маскве ва ўзросце 89 гадоў памёр вядомы расійскі фізік-ядзершчык, акадэмік Яўген Веліхаў. У ягонай біяграфіі была і беларуская старонка.
Яўген Веліхаў з 1975 года ўзначальваў савецкую праграму распрацоўкі кіраваных тэрмаядзерных рэактараў, сярод іншага быў датычны і да распрацоўкі рэактараў для Чарнобыльскай АЭС. Пасля таго, як на АЭС 26 красавіка 1986 года адбылася аварыя, ён браў актыўны ўдзел у ліквідацыі яе наступстваў, з ім супрацоўнічаў Алесь Адамовіч, калі змагаўся з утойваннем наступстваў катастрофы і дабіваўся, каб улады прымалі адпаведныя захады.
Алесь Адамовіч згадваў у сваёй кнізе «Апакаліпсіс па графіку»:
«Калі ў Мінску па закліку Беларускага народнага фронту адбываўся марш, названы Чарнобыльскім (восенню 1989 года), я ўгаварыў паехаць са мною фізіка-атамшчыка Яўгена Паўлавіча Веліхава, які таксама ў 1986 годзе тушыў рэактар: «Паглядзіце, як яшчэ шмат трэба тушыць!»
Хаця мінскія і раённыя ўлады па звычцы спрабавалі перашкодзіць людзям прыехаць з заражаных вёсак (ведалі, якія будуць лозунгі і што пачуюць на мітынгах на свой адрас), сабралася болыш за 30 тысяч чалавек. Над кожнай групаю людзей «адтуль» чорныя палотнішчы з лічбамі: якая і дзе радыяцыя, цэзій, плутоній, стронцый.
Пабачыў, паслухаў новы дырэктар Курчатаўскага ядзернага інстытута, дзе так хваравіта ўспрымалі заўжды «замах» грамадскасці на «мірную» атамную праграму, і калі мы вярнуліся на пасяджэнні Вярхоўнага Савета, Веліхаў сам прапанаваў: трэба пісаць пісьмо Гарбачову, трэба вывозіць дзяцей.
I вось тады ўзнікла ідэя: звярнуцца да заходніх, міжнародных фондаў, арганізацый з просьбаю запрашаць дзяцей Чарнобыля на адпачынак і лячэнне».
Веліхаў, у сваю чаргу, таксама згадваў пра Адамовіча, што ён «адным з першых у свеце асэнсаваў і ацаніў маштабы найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ХХ ст., яе наступствы для лёсаў яго роднай зямлі і нашай такой невялікай планеты».
У 1992—2015 гадах акадэмік Яўген Веліхаў быў прэзідэнтам Навукова-даследчыцкага цэнтра «Курчатаўскі інстытут» — галоўнай расійскай навуковай установы, адказнай за атамную энергетыку. Сярод іншага ў 2012 годзе быў даверанай асобай Пуціна на прэзідэнцкіх выбарах, на якіх той ішоў пасля перапынку на трэці тэрмін.
Каментары