Расійскага шпіёна падлавілі на гарачым. Ім аказалася 16-гадовая дзяўчына
Для збору інфармацыі яна выкарыстоўвала таксі.
Пра затрыманне 16-гадовай жыхаркі Чарнігава, якая «дапамагала расійскім войскам рыхтаваць новы паветраны ўдар па рэгіёне», у сваім тэлеграм-канале паведаміла Служба бяспекі Украіны.
У задачу шпіёнкі ўваходзілі збор і перадача ворагу важнай разведвальнай інфармацыі пра сістэму абароны Украіны, у прыватнасці пра зенітна-ракетныя комплексы і радыёлакацыйныя станцыі УСУ, якія абараняюць прыгранічны рэгіён.
Для канспірацыі сваіх разведвальных вылазак дзяўчына замаўляла таксі, на якім аб'язджала мясцовасць і таемна фіксавала аб'екты.
Пасля такіх паездак яна вярталася дадому, дзе для свайго расійскага куратара, з якім знаходзілася ў кантакце праз ананімны чат у месенджары, складала агентурную справаздачу — медыяфайл з патрэбнымі геалакацыямі.
Вайсковая контрразведка СБУ раскрыла расійскую агентку, задакументавала яе злачынствы і затрымала «на гарачым», калі яна фатаграфавала абаронны аб'ект.
Падчас вобшуку ў затрыманай быў канфіскаваны мабільны тэлефон з доказамі разведвальнай дзейнасці на карысць Расіі.
Як паведамляецца, на падставе сабраных следчымі органамі доказаў 16-гадовай дзяўчыне, якая знаходзіцца пад вартай, выстаўлена абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве, здзейсненай ва ўмовах ваеннага становішча. Ёй пагражае пажыццёвае зняволенне з канфіскацыяй маёмасці.
Каментары