Зяленскі: Украіна можа ўступіць у НАТА без дзеяння артыкула 5 на ўсёй тэрыторыі
Пры гэтым Зяленскі падкрэсліў, што «не можа быць запрашэння ў НАТА часткі тэрыторыі Украіны».
Украінская ўлада згаджаецца, што ў выпадку ўступлення Украіны ў НАТА падчас вайны артыкул 5 Паўночнаатлантычнага дагавора можа распаўсюджвацца не на ўсю яе тэрыторыю.
Пра гэта прэзідэнт Уладзімір Зяленскі сказаў на прэс-канферэнцыі 1 снежня са старшынёй Еўрапейскай рады Антоніу Коштай у Кіеве, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Зяленскі падкрэсліў, што Украіна ніколі юрыдычна не прызнае любой акупацыі Расіяй сваіх зямель.
«Не можа быць запрашэння ў НАТА часткі тэрыторыі Украіны. Гэта аўтаматычнае прызнанне, што ўсе астатнія тэрыторыі не толькі ў небяспецы, але і што іншыя тэрыторыі — не ўкраінскія. Таму Украіна ніколі не пойдзе на гэта. Калі гэта запрашэнне, то толькі цалкам усіх тэрыторый», — падкрэсліў ён.
«Але мы разумеем, што 5-я папраўка [артыкул 5 Паўночнаатлантычнай дамовы], калі ты чалец NATO, не можа дзейнічаць падчас вайны на ўсёй тэрыторыі Украіны, таму што краіны супраць рызык прыцягнення іх у вайну», — дадаў Зяленскі.
Артыкул 5 прадугледжвае, што напад на аднаго ўдзельніка NATO расцэньваецца як напад на NATO агулам і выклікае адказ з боку ўсіх чальцоў альянсу.
Зяленскі спадзяецца, што Байдэн наблізіць запрашэнне Украіны ў NATO.
Зяленскі адзначыў, што афіцыйны Кіеў не атрымліваў ад партнёраў якіх-небудзь прапаноў аб фармаце сяброўства ў Альянсе.
На гэтым тыдні Зяленскі ўпершыню выказаў гатоўнасць пагадзіцца на замарозку вайны з Расіяй, калі NATO запросіць Украіну ў Альянс і дасць гарантыі бяспекі для падкантрольнай Кіеву тэрыторыі.
Украінская ўлада раней прызнавала, што Альянс не накіруе Кіеву запрашэнне аб уступленні да завяршэння вайны, і казала, што такое ўступленне адбудзецца менавіта ў межах міжнародна прызнаных межаў.
Каментары