«Я не вярнусь дадому, Ваўкалак!». Гісторыя кахання і перараджэння ў новым фэнтэзійным кліпе гурта Irdorath
Пасля двух гадоў зняволення ў беларускай турме музыкі гурта вярнуліся да матэрыялу, каб дарабіць кампазіцыю, напісаную яшчэ ў 2020 годзе, і даць ёй фэнтэзійнае візуальнае ўвасабленне.
Пра кліп піша выданне reform.news.
«Ваўкалак» гэта гісторыя пра трагічнае, але вялікае каханне. Фэнтэзійную гісторыю, расказаную ў кліпе, можна назваць своеасаблівай гісторыяй перараджэння музыкантаў.
«Песня разважае пра цяжкі маральны выбар, цяжкія наступствы і імкненне да чыстага сумлення. Лірыка, натхнёная беларускім паганскім міфам пра Ваўкалака, істоту, вымушаную балансаваць на мяжы паміж чалавечнасцю і дзікасцю, набывае прароцкае адценне», — распавядае гурт пра новы твор.
«Гэтая гісторыя, хоць і трагічная, адлюстроўвае каханне настолькі глыбокае, што нават смерць не можа разарваць яго — каханне, якое кіруецца адданасцю, якая працягваецца ў вечнасці, — распавядаюць музыкі. — Нягледзячы на ўсе цяжкасці, Уладзімір і Надзея завяршылі гэты магутны гімн, сімвал стойкасці і нязломнасці духу ў новай рэчаіснасці. З вяртаннем Irdorath стварае адметны і нетрадыцыйны стыль, які глыбока перагукаецца з іх сутнасцю, узбагачаны міфічнай змрочнай паганскай эстэтыкай беларускай культуры».
Як падзяліўся сябра Irdorath, музыка Сяргей Доўгушаў, гераіню кліпа, бабулю Стасю, якая іграе знахарку, знайшлі ў польскай вёсцы перасяленцаў з Беларусі.
У 1945 годзе яна разам з усімі жыхарамі сваёй вёскі апынулася ў вымушанай эміграцыі. Цяпер ёй 80, і ў відэа яна чытае малітвы і замовы ў традыцыйным строі, якому ўжо больш за 100 гадоў.
Каментары
То калі і мы творым для сябе і пра сваё, а самі жывем сярод еўрапейскіх народаў, у еўрапейскім кантэксце, то і творчасць наша будзе ў кантэксце і на ўзроўні. Нам ёсць пра што сказаць і пра што задумацца. Калі ж, як ў Расеі, абмяжуемся безвыходнасцю "маленькага чалавека" і крадзяжом начальства, то станемся катастрафічнымі правінцыяламі, вечнымі лузерамі, як нам і было прапанавана стаць ў СССР.