Вайна77

З'яўленне паўночнакарэйскіх войскаў ва Украіне — крок да Трэцяй сусветнай?

Што яны там будуць рабіць, што атрымае за гэта Паўночная Карэя і што будзе далей?

Кім Чэн Ын абыходзіць шэрагі вайскоўцаў. Фота: KCNA

Каля 8000 салдат з Паўночнай Карэі ўжо прыбылі да расійска-ўкраінскай мяжы і рыхтуюцца ўступіць у бой «у найбліжэйшыя дні». Пра гэта ў чацвер 31 кастрычніка заявіў кіраўнік Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Энтані Блінкен.

Ягоныя словы прыводзіць агенцтва AP.

Усяго, па ацэнках Вашынгтона, на тэрыторыі Расіі знаходзіцца каля 10 000 вайскоўцаў з КНДР. Паўднёвая Карэя ацэньвае іх колькасць у 11 000, а Украіна — у 12 000.

Пра гатоўнасць КНДР аказваць дапамогу арміі Расіі афіцыйна заявіла кіраўніца МЗС гэтай краіны Цой Сон Хі, якая знаходзіцца з афіцыйным візітам у Маскве:

«З самага пачатку СВА паважаны таварыш, старшыня дзяржаўных спраў Кім Чэн Ын даў указанне, каб мы, ні на каго не аглядаючыся, нязменна і магутна падтрымлівалі і аказвалі дапамогу расійскаму войску, расійскаму народу».

Як піша расійскі палітолаг Сяргей Маркаў, «імаверна, ужо праз некалькі дзён вайскоўцы КНДР афіцыйна ўступяць у бой супраць украінскай арміі».

Маркаў лічыць, што колькасць салдат КНДР не зможа істотна паўплываць на ход баявых дзеянняў. А вось аналітык украінскага аналітычнага цэнтра Come Back Alive Initiatives Center Глеб Валоскі ў інтэрв'ю AP адзначыў, што прыцягненне каля дзесяці тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў да ўдзелу ў ваенных дзеяннях «можа сур'ёзна дэстабілізаваць украінскую абарону» і «істотна паскорыць прасоўванне расійскіх войскаў».

У любым выпадку разгортванне падраздзяленняў, укамплектаваных паўночнакарэйскімі вайскоўцамі, дазволіць РФ вызваліць для фронту частку расійскіх вайскоўцаў.

Чым будуць займацца паўночнакарэйскія салдаты?

Сяргей Маркаў не ведае, чым будуць займацца паўночнакарэйцы. «Можа, артылерыяй страляць? Можа, у тыле ахоўваць аб'екты, каб расійскіх салдат можна было перакінуць на фронт? Можа, у штурмы хадзіць?» — разважае аналітык.

На ягоны погляд, армія КНДР будзе пакуль размяшчацца толькі ў Курскай вобласці, але пазней можа быць перакінутая і на Данбас, які Паўночная Карэя прызнала часткай Расіі.

Кіраўнік Дзяржаўнага дэпартамента ЗША выказаў меркаванне, што расійскія вайскоўцы навучаюць паўночнакарэйскіх калег карыстацца артылерыйскай зброяй і беспілотнікамі, а таксама «асноўным пяхотным аперацыям, уключаючы зачыстку акопаў, што сведчыць пра тое, што яны поўнасцю маюць намер выкарыстоўваць гэтыя сілы ў аперацыях на перадавой».

Старшы дарадца праграмы міжнароднай бяспекі аднаго з найбуйнейшых амерыканскіх аналітычных цэнтраў CSIS палкоўнік у адстаўцы Марк Кансіян у інтэрв'ю Forbes Ukraine звяртае ўвагу, што частка адпраўленых у Расію паўночнакарэйскіх салдат уваходзіць у XI «штурмавы» корпус — спецпадраздзяленне, якое факусуецца на дзеяннях у тыле, сабатажы і забойствах. Гісторыя корпуса вядзецца ад падраздзялення «атрад 124», якое ў 1968 годзе здзейсніла няўдалы рэйд з мэтай забойства тагачаснага прэзідэнта Паўднёвай Карэі Пак Чон Хі.

Такія вайскоўцы, безумоўна, лепш падрыхтаваныя да вядзення баявых дзеянняў, чым расійскія прызыўнікі, якія не маюць практычна ніякай практыкі.

На думку аналітыка, паўночнакарэйскія войскі могуць займацца глыбокай разведкай або дзеяннямі на лініі фронту, калі яны сапраўды з'яўляюцца часткай сіл спецпрызначэння. Салдаты з КНДР могуць таксама займацца лагістыкай, тэхнічным абслугоўваннем, аперацыямі з дронамі.

У той жа час прыцягненне да непасрэднага ўдзелу ў баях аналітык лічыць рызыкоўнай стратэгіяй з-за магчымасці дэзерцірства ці трапляння ў палон.

Навошта гэта Паўночнай Карэі?

Сяргей Маркаў адзначае, што галоўная мэта кіраўніцтва Паўночнай Карэі — навучыць сваіх салдат суперсучаснай вайне.

Паўночнакарэйскія вайскоўцы атрымаюць баявы вопыт, якога яны не мелі ў вялікіх маштабах ужо некалькі дзесяцігоддзяў — з таго часу, як у 1953 годзе Карэйская вайна скончылася перамір'ем.

Як расказвае Кансіян, Паўночная Карэя раней адпраўляла для ўдзелу ў замежных войнах толькі невялікія групы з некалькіх дзясяткаў кансультантаў ці вузкапрофільных спецыялістаў. Дапамога Расіі — першая адпраўка вялікай колькасці сухапутных войскаў.

Акрамя гэтага, Паўночная Карэя, адпраўляючы свае войскі ў Расію, вырашае і іншую праблему. Як заўважае Кансіян, краіна мае патрэбу ў замежнай валюце.

Расія, хутчэй за ўсё, аплачвае ўсе выдаткі, звязаныя з разгортваннем кантынгенту і выплачвае грашовае ўтрыманне самім салдатам. Па даных паўднёвакарэйскай разведкі, гэтая сума складае $2000 на салдата ў месяц. Радавы паўночнакарэйскі салдат убачыць толькі невялікую частку гэтых грошай, большую частку атрымае дзяржава.

Усходазнаўца Андрэй Ланькоў у інтэрв'ю Deutsche Welle падлічыў, што за 10 тысяч сваіх салдат бюджэт Паўночнай Карэі можа атрымаць каля 100 мільёнаў долараў за год — гіганцкая сума для крайне беднай дыктатуры.

Ланькоў таксама звяртае ўвагу на тое, што Паўночная Карэя зацікаўленая ў доступе да расійскіх вайсковых тэхналогій, асабліва да тэхналогій дастаўкі ядзернай зброі, спадарожнікавай разведкі і будаўніцтва атамных падлодак.

У звычайнай сітуацыі Расія не перадае такіх тэхналогій іншым краінам, але з прычыны цяперашняга супрацоўніцтва ў вайсковай сферы Паўночная Карэя можа ўзмацніць ціск. Гэта можа ўскладніць адмову Масквы і прывесці да перадачы некаторых тэхналогій.

Колькі салдат можа паставіць Паўночная Карэя?

Кансіян адзначае, што Паўночная Карэя можа ў будучыні прыслаць дадатковыя падраздзяленні. Толькі спецназаўцаў, па ацэнках Паўднёвай Карэі, яна мае каля 200 тысяч.

Андрэй Ланькоў дапускае, што Паўночная Карэя можа паслаць у Расію да 60 тысяч салдат.

Лічыцца, што колькасць арміі КНДР складае каля 1,2 млн чалавек. Тэрміновая служба абавязковая і для мужчын, і для жанчын. Для мужчын яна складае да 10 гадоў. Аднак прыкладна палова асабовага складу — гэта будаўнічыя батальёны і «ваенізаваныя атрады сельгасрабочых». Астатняя палова — баявыя часткі. Адпраўка 10% ад гэтай колькасці, на думку спецыяліста, не знізіць баяздольнасці.

Аналітыкі звяртаюць увагу, што колькасць паўночнакарэйскіх войскаў у будучыні будзе залежаць ад рэакцыі Захаду. Пакуль што заходнія афіцыйныя асобы нічога, акрамя заяваў пра тое, што прыцягненне войскаў трэцяй краіны ў вайну ва Украіне адзначае яе эскалацыю, ніякіх крокаў не робяць.

Як піша Bloomberg, выбар варыянту дзеянняў у адказ можа падзяліць ЗША і іх саюзнікаў. Ім давядзецца вырашыць, ці варта адказваць эскалацыяй на эскалацыю.

У той жа час, па словах высокапастаўленага паўднёвакарэйскага чыноўніка, Сеул разглядае магчымасць прамой пастаўкі зброі ва Украіну, адмяніўшы палітыку забароны на аказанне дапамогі зброяй краіне, якая ваюе.

Калі частка велізарных запасаў артылерыйскіх снарадаў Сеула пачне накіроўвацца непасрэдна ў Кіеў, разам з пастаўкамі Пхеньяна ў Расію, гэта прывядзе да таго, што ў канфлікце будуць задзейнічаныя дзве найбуйнейшыя артылерыйскія сілы ў свеце.

Каментары7

  • .
    01.11.2024
    Краіны Восі ХХ ст.: Германія - Італія - Японія - ...
    Краіны Восі ХХІ ст.: Расея - Паўночная Карэя - Беларусь
  • Але
    01.11.2024
    ., чамусьці ў першым радку савочак узгадаць забылі, які ў хаўрусе з Гітлерам і распачаў вайну ў 39-м. Ну ды ладна, стандартны дэфект памяці сярод рускамірных.
  • .
    01.11.2024
    Я пералічыў склад ваеннага блоку, а не ініцыятараў Другой сусветнай вайны.
    "Рускамірны" - няверны пераклад, бо "мір" і "свет" - рознае ў беларускай мове.
    Ці трэба выбачацца за памылкі і нахабства, застаўлю на вашым сумленні.

COVID-19 — хутчэй за ўсё, лабараторнага паходжання. Сенсацыйны вынік расследавання20

COVID-19 — хутчэй за ўсё, лабараторнага паходжання. Сенсацыйны вынік расследавання

Усе навіны →
Усе навіны

Ігара Кулея звольнілі з пасады кіраўніка рэдакцыі навін «Белсата»22

Як мінімум 56 чалавек загінулі падчас цісканіны на футбольным стадыёне ў Гвінеі

Купаўся ў моры, хадзіў у горы і зарабіў 8 тысяч еўра. Беларус расказаў пра сваю сезонную працу ў Харватыі6

Адзін са спарынг-партнёраў Лукашэнкі пазабаўляўся, даўшы інтэрв'ю нейрасетцы1

У Гомелі асудзілі ўкраінца і двух беларусаў за «агентурную дзейнасць» і «здраду дзяржаве». Летась пра іх паказвалі фільм

У цэнтры Мінска таксіст пратараніў некалькі машын ВІДЭА1

У Мінску каля Камароўкі заўважылі цэлую зграю свойскіх пацукоў. На рынку кажуць, што гэта не іхнія ВІДЭА

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным31

«Мы з вамі не па чутках ведаем, што такое культура ў нашай краіне». Што гаварылася на прадстаўленні новага міністра культуры15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

COVID-19 — хутчэй за ўсё, лабараторнага паходжання. Сенсацыйны вынік расследавання20

COVID-19 — хутчэй за ўсё, лабараторнага паходжання. Сенсацыйны вынік расследавання

Галоўнае
Усе навіны →