«Гэта страшна, але і нараджаць таксама страшна». Жаночы атрад з Бучы збівае расійскія дроны
Калі на ўкраінскую Бучу апускаецца цемра, з'яўляюцца ведзьмы. Менавіта ў гэты час пачынаецца налёт расійскіх ударных беспілотнікаў.
«Бучанскія ведзьмы», як яны самі сябе называюць, — гэта добраахвотныя мабільна-агнявыя групы СПА, якія складаюцца амаль выключна з жанчын. Сёння, калі ўсё больш мужчын ідзе на фронт, яны дапамагаюць абараняць неба Украіны, піша Бі-бі-сі.
Дронаў таксама становіцца ўсё больш: іх часта запускаюць з Расіі хвалямі, каб перагрузіць сістэмы СПА перад ракетнымі атакамі.
Начныя дзяжурствы дазваляюць жанчынам сумяшчаць абарону радзімы з працай настаўніц і медыкаў удзень; сярод іх ёсць нават майстарка па манікюры.
Многія жанчыны кажуць, што гэта спосаб пераадолець пачуццё бездапаможнасці, якое ўзнікла, калі ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскія войскі акупавалі горад Бучу. Гісторыі пра жахлівыя падзеі тых тыдняў, уключаючы забойствы, катаванні і выкраданні, пачалі з'яўляцца толькі пасля таго, як украінскія вайскоўцы вызвалілі гэту тэрыторыю ў канцы сакавіка 2022 года.
Паветраныя налёты і старое ўзбраенне
«Мне 51 год, я важу 100 кілаграм, я не магу бегаць. Я думала, што мяне адправяць дадому, але мяне прынялі!» — успамінае ветэрынарка Валянціна, якая гэтым летам увайшла ў падраздзяленне і цяпер носіць пазыўны «Валькірыя».
Яна расказвае пра тое, што прывяло яе сюды — пра сяброў, якія пайшлі на фронт, і пра тых, хто загінуў у баях.
«Я магу выконваць гэтую працу. Абсталяванне цяжкае, але мы, жанчыны, можам з гэтым справіцца».
Праз некалькі гадзін, калі ў Кіеўскай вобласці абвяшчаецца паветраная трывога, у Валянціны з'яўляецца магчымасць прадэманстраваць гэта на практыцы. Яе атрад выходзіць з базы ў лесе, і мы едзем пікапам, які выязджае па калдобінах на сярэдзіну поля. Чатыры чалавекі выскокваюць з машыны і займаюць месцы за кулямётамі. Два спараныя кулямёты «Максіма» ўзору 1939 года паходзяць з іншай эпохі.
На скрынях з патронамі — чырвоныя зоркі савецкіх часоў. Сяргей, адзіны мужчына ў атрадзе, налівае ваду з бутэлькі ў ахаладжальнік. Гэта ўсё, што яны маюць. Лепшае ўзбраенне Украіны знаходзіцца на перадавой, і Кіеў пастаянна просіць саюзнікаў аб дадатковым узбраенні.
Аднак старое ўзбраенне падтрымліваецца ў выдатным стане. «Ведзьмы» кажуць, што з лета яны збілі ўжо тры беспілотнікі. «Мая задача — слухаць, — тлумачыць Валянціна. — Гэта нервовая праца, але нам трэба быць засяроджанымі, каб прыслухоўвацца да найменшага шуму».
Яе сяброўцы Іне таксама крыху за 50, і гэта адзін з яе першых выхадаў. «Так, страшна, але нараджаць таксама страшна, аднак я гэта рабіла тройчы», — смяецца яна і кажа, што яе пазыўны — «Чэры».
«Гэта з-за маёй машыны (кітайскі аўтамабіль Chery), а не з-за памідораў».
Іна — настаўніца матэматыкі, і часам ёй даводзіцца ісці з лесу на ўрок. «Я трымаю ў машыне вопратку, абцасы. Фарбую вусны, праводжу ўрок. А потым зноў у машыну, хутка пераапранаюся за вуглом — і наперад».
Мужчын больш няма
Камандзір добраахвотніцкага фармавання толькі што вярнуўся з Пакроўска ў Данбасе, дзе ідуць самыя цяжкія баі.
«Там феерверкі без перапынку», — так Андрэй Вярлаты з усмешкай апісвае абстаноўку там. У яго падпарадкаванні было каля 200 мужчын, якія ўваходзілі ў склад мабільна-агнявых груп Бучы і патрулявалі рэгіён падчас каменданцкага часу. Многія з іх не былі прыдатныя для страявой службы. Але потым Украіна, тэрмінова маючы патрэбу ў салдатах, перагледзела закон аб мабілізацыі, і многія з падначаленых палкоўніка нечакана аказаліся прыдатнымі для службы на фронце.
«Каля 90% маіх хлопцаў апынуліся ў арміі, яшчэ 10% схаваліся, разбегшыся, як пацукі. У нас амаль нікога не засталося, — кажа палкоўнік. — Засталіся толькі людзі без ног або без паловы чэрапа». Перад ім стаў выбар: набіраць мужчын ніжэй за мабілізацыйны ўзрост ці жанчын. «Спачатку гэта выглядала як жарт: давайце набярэм жанчын! У Узброеных сілах ім не вельмі давяралі. Але цяпер сітуацыя змянілася», — кажа ён.
«Ведзьмы» па выходных праходзяць агульную ваенную падрыхтоўку. У дзень нашага прыезду ў іх быў першы занятак па штурму будынка. Яны трэніруюцца на развалінах фермы, накіроўваючы ствол аўтаматаў у пустыя дзвярныя праёмы, перад тым як асцярожна рухацца далей.
Адны выглядаюць больш упэўнена, чым іншыя, але прывязанасць да справы і засяроджанасць гэтых жанчын відавочныя, бо ў іх ёсць глыбокія і асабістыя прычыны. «Я памятаю акупацыю, я памятаю гэты жах, я памятаю крыкі майго дзіцяці, — уздыхаючы кажа Валянціна. — Я памятаю целы забітых, калі нам прыйшлося ўцякаць».
Яе сям'я бегла з Бучы міма згарэлых танкаў, цел забітых салдат і мірных жыхароў. На адным з расійскіх блокпастоў салдат, паводле яе слоў, прымусіў іх апусціць шкло ў машыне і нацэліў ствол на яе сына. Валянціна перапоўнена ціхай лютасцю. Менавіта таму яна адмаўляецца перастаць верыць у перамогу Украіны, нягледзячы на роспач, якая ахапіла многіх у краіне пасля амаль тысячы дзён поўнамаштабнай вайны. «Жыццё змянілася, усе нашы планы былі знішчаны. Але я тут, каб дапамагчы паскорыць канец гэтай вайны. Як кажуць нашы дзяўчаты, без нас яна не скончыцца».
Пераступаючы праз бітае шкло і абломкі ў вайсковых боціках, з вінтоўкай у руках ідзе офіс-менеджарка Аня — яшчэ адна з «ведзьмаў». Ёй 52 гады, і яна лічыць, што ваенная падрыхтоўка надае ёй сілы.
«Падчас акупацыі я адчула поўную бессэнсоўнасць свайго існавання. Я не магла ні каму-небудзь дапамагчы, ні сябе абараніць. Я хацела навучыцца абыходзіцца са зброяй, каб быць карыснай».
Жанчыны размаўляюць са сваімі інструктарамі і атрымліваюць асалоду ад працэсу. Аднак увечары, ужо на базе ў лесе, адна з іх пачынае шчыра гаварыць і дзеліцца гісторыяй, ад якой халадзее душа.
Калі Бучу захапілі, расійскія вайскоўцы пачалі ўрывацца ў дамы, гвалтаваць і забіваць. Аднаго разу прайшла чутка, што акупанты будуць забіваць дзяцей.
«Рашэнне, якое я прыняла ў той дзень, я ніколі не дарую рускім», — прызнаецца жанчына.
Я не буду перадаваць падрабязнасці таго, што яна мне распавяла пра страшнае рашэнне, якое ёй давялося прыняць, — скажу толькі, што салдаты так і не прыйшлі да яе ў дом, і ёй не давялося яго выконваць. Але з таго часу жанчыну пераследуюць гэты момант і пачуццё віны.
Упершыню яна адчула палёгку, калі пачала вучыцца абараняць сябе, сваю сям'ю і сваю краіну.
«Прыезд сюды вельмі дапамог, — ціха кажа яна мне. — Бо я больш ніколі не буду сядзець, як ахвяра, і так моцна баяцца».
Каментары