«Налічылі 8 тысяч рублёў доўгу». Мужчына скардзіцца, што яго жонку-прадавачку прымушаюць выкупаць пратэрміноўку ў краме
Мужчына паспрабаваў заступіцца за жонку, якая паўгода працуе ў краме ў аграгарадку на Гомельшчыне. Ён пайшоў да яе кіраўніцтва з пытаннем: «Чаму мае дзеці павінны есці пратэрміноўку?» Пасля гэтага сітуацыя пагоршылася.
Карыстальнік тыктоку Раман падзяліўся непрыемнай гісторыяй, у якую трапіла яго жонка. Яна працавала ў краме аграгарадка Аздзеліна Гомельскага раёна.
— За паўгода працы маёй жонкі пратэрміноўку ні разу не вывозілі. Або перабівалі тэрміны і далей прадавалі, альбо на аўтакрамы вывозілі, здагадайцеся самі куды.
Мужчына сцвярджае, што аплачваць непрададзеную пратэрміноўку прымушаюць саміх прадаўцоў, вылічваючы з заробкаў.
Праз шэсць месяцаў Раман стаміўся ад такой несправядлівасці і паехаў у Гомельскае райспажыўтаварыства, каб пагаварыць з кіраўніцтвам. У роліку мужчына трапляе да кіраўніцы ўчастку Таццяны Бызавай і пытае, чаму на яго жонку Вікторыю вешаюць пратэрміноўку. Супрацоўніца райспажыўтаварыства сцвярджае, што ніхто такога не робіць.
— Ёй сказалі праверыць цалкам краму на наяўнасць пратэрмінаванага тавару.
— Пратэрміноўка ўжо тыдзень ляжыць у яе ў падсобцы. Вы ўчора былі ў яе на месцы. Чаму не вырашылі пытанні з той пратэрміноўкай?
Суразмоўца адказвае, быццам прадавачка не паказала ёй той пратэрмінаваны тавар.
— То-бок смурод у краме ні пра што не кажа? — удакладняе Раман. — Смурод вільгаці і малака, якое там ужо ўзарванае стаіць. Вы ўчора ў яе былі. Чаму не вырашылі пытанне?
Супрацоўніца райспажыўтаварыства зноў кажа, што ёй ніхто нічога не паказаў.
— У сэнсе ніхто не паказаў? — абураецца мужчына. — Вы ў кожную шчыліну зазіраеце, а малако ў падсобцы не ўбачылі?! І што нам рабіць з пратэрміноўкай, якую жонка цягае дадому? Чаму трое маіх маленькіх дзяцей вымушаны есці пратэрміноўку, якую вы на яе вешаеце?
Таццяна Бызава адмаўляецца абмяркоўваць гэтае пытанне з Раманам і кажа, што разбірацца будзе выключна з яго жонкай.
— Мне яна не прадаставіла ні спісу, нічога. Хачу працую, хачу не працую. Графік не выконвае…
Апошняй прэтэнзіяй Раман таксама вельмі абураны:
— Графік не выконвае? Я яе на працу вязу а 8-й, хаця яе працоўны дзень пачынаецца а 9-й. А ведаеце, чаму а 8-й? Бо вы не забяспечылі транспартам, каб яе завозілі ў тую глухую вёску.
Супрацоўніца райспажыўтаварыства пачынае расказваць, што ёсць рэйсавыя аўтобусы. Але Раман парыруе тым, што першы аўтобус у аграгарадок Аздзеліна ідзе а 6-й раніцы, а наступны ўжо а 12-й.
Раман удакладніў, што пасля размовы ў яго жонкі пачаліся непрыемнасці.
— Налічылі даўгоў з пратэрміноўкай, ужо ёсць і было выкінута амаль на 8 тысяч рублёў. Цяпер жонку адхілілі ад гандлю, пагражаюць судом, не аддаюць працоўную, не даюць працаваць і ў той жа момант яна працягвае быць матэрыяльна адказнай асобай.
У іншым роліку мужчына паказвае тую самую пратэрміноўку ў падсобцы.
Раман упэўнены, што ў такой самай сітуацыі знаходзіцца шмат прадаўцоў і прапаноўвае ім далучыцца да групавога звароту ў пракуратуру.
Афіцыйнага каментара райспажыўтаварыства па гэтай сітуацыі не было.
«Юрка. Яйкі, хлеб, малако, каўбаса — 37 руб». Чаму ў беларускіх вёсках квітнее гандаль «на вэксаль»?
З-за новых правілаў «на рэспубліканскім узроўні» ў Лунінцы паўстаў дэфіцыт хлеба
Раёнка зладзіла рэйд па сельскіх крамах і ледзь знайшла мандарыны
Жыхары Новай Гуты паскардзіліся чыноўніцы на якасць хлеба. Тая правяла эксперымент на працоўным месцы
Каментары