Міліцыя занялася дачнікамі, якія змагаюцца за захаванне возера пад Гомелем
Як стала вядома выданню «Флагшток», міліцыя стала выклікаць на допыты членаў дачных таварыстваў, размешчаных у раёне вёскі Цыкуны Гомельскага раёна. Дачнікам задаюць пытанні па падзеях, якія адбыліся сёлета 18 жніўня.
У той дзень прайшла сустрэча ўладальнікаў дачных участкаў і збор подпісаў. У канцы сустрэчы грамадзяне сталі на беразе, узяліся за рукі і скандавалі «Не арэндзе».
Выклікі ў міліцыю пачаліся ў жніўні і працягваюцца ў верасні-кастрычніку. Цяпер стала вядома, што пракуратура вярнула матэрыялы ў міліцыю на дапрацоўку.
Удзельнікі сустрэчы лічаць, што цяпер у міліцыі хочуць аформіць іх дзеянні як несанкцыянаваны мітынг і пакараць арганізатараў. З такімі высновамі міліцыі яны не згодныя, бо ніякіх палітычных мэтаў перад сабой не ставілі.
Жыхары мясцовага дачнага пасёлка змагаюцца за вадаём ужо не першы год, піша выданне «Штодзень». Праблема ўзнікла пасля таго, як яго здалі ў арэнду, а абвастрылася гэтым летам, калі часовы ўласнік урэшце пачаў нешта рабіць з тэрыторыяй.
Як сцвярджаюць дачнікі, вадаём — гэта возера, і паказваюць дакументы з пацвярджэннем, што яно праточнае. Але мясцовыя ўлады называюць яго сажалкай, што дазваляе здаваць у арэнду.
Рэч у тым, што возера здаваць у арэнду нельга, а штучны вадаём — так. Дачнікі ж хвалююцца, што арандаваны вадаём ім не атрымаецца выкарыстоўваць для свайго адпачынку.
Каментары