Паводле афіцыйнай статыстыкі, беларускія ІТ-кампаніі ў жніўні нанялі рэкордную сёлета колькасць работнікаў. Але не ўсё так проста, піша dev.by.
Паводле звестак Белстата, усплёск звальненняў у ІТ прыйшоўся на апошнія два месяцы лета. У ліпені кампаніі сектара «інфармацыі і сувязі» звольнілі больш за 1,3 тысячы чалавек, у жніўні больш за 1,2 тысячы чалавек. Гэта на 20-30% больш, чым у траўні—чэрвені.
Да гэтага ў сярэднім штомесяц з кампаній звальнялі крыху больш за тысячу спецыялістаў. А больш за ўсё спецыялістаў было звольнена толькі ў сакавіку — амаль 1,4 тысячы.
Пры гэтым тэмпы звальненняў пакуль на 30% ніжэйшыя, чым у 2023 годзе. За студзень—жнівень кампаніі сектара інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій звольнілі амаль 9,3 тысячы супрацоўнікаў. Летась за аналагічны перыяд звольненых было 13 тысяч.
Наймаць ІТ-кампаніі сёлета сталі больш. Асабліва яны актывізаваліся ў ліпені-жніўні. Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, у ліпені кампаніі ІТ і сувязі ўзялі на працу больш за 1,2 тысячы спецыялістаў, у жніўні — больш за 1,5 тысячы спецыялістаў.
Гэта рэкордныя лічбы найму ў гэтым годзе. У параўнанні з папярэднімі месяцамі колькасць працаўладкаваных спецыялістаў у кампаніі ІТ і сувязі вырасла на 10-30%.
Усяго за студзень—жнівень гэтага года кампаніі ІКТ узялі на працу амаль 9,7 тысячы спецыялістаў — на 30,5% больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.
Прынятых на працу спецыялістаў сёлета ўжо на 4,5% больш, чым звольненых.
Першы намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун нядаўна заявіў, што колькасць айцішнікаў у краіне расце. Паводле яго слоў, кожны месяц колькасць айцішнікаў павялічваецца на 100-200 чалавек, нібыта адна з прычын — вяртанне ІТ-спецыялістаў.
Каментары