Вядомы ірландскі бюджэтны авіяперавозчык Ryanair плануе ўкараніць новае правіла, якое мае на мэце прымусіць нават самых кансерватыўных пасажыраў засвойваць новыя тэхналогіі.
Да мая 2025 года Ryanair плануе адмовіцца ад папяровых пасадачных талонаў і стоек рэгістрацыі. Кіраўнік Ryanair Майкл О'ліры заявіў, што ўсім пасажырам прыйдзецца рэгістравацца на рэйсы анлайн або праз мабільную праграму да прыбыцця ў аэрапорт.
Пасажырам, якія гэтае патрабаванне праігнаруюць, пры пасадцы прыйдзецца заплаціць дадатковыя 55 фунтаў стэрлінгаў (каля €65).
«Мы хочам пазбавіцца ад праверак у аэрапорце гэтак жа сама, як мы пазбавіліся ад багажных стоек. Мы працуем над тым, каб з 1 мая ўсё рабілася ў праграме, больш нічога не будзе рабіцца на паперы», — сказаў Майкл О'Ліры на прэс-канферэнцыі ў Дубліне.
У той жа час прадугледжаныя працэдуры на выпадак, калі ў пасажыра разрадзіцца батарэя тэлефона.
«Калі ў вас разрадзіцца батарэя, у нас будзе ваша месца і пашпарт, і мы зможам зрабіць гэта на выхадзе на пасадку», — удакладніў кіраўнік Ryanair.
На гэты момант мабільную праграму перавозчыка выкарыстоўваюць 60% пасажыраў, і О'Ліры чакае, што да канца 2024 года гэты паказчык вырасце да 80%. Да мая 2025 года ў кліентаў не застанецца іншага выбару, акрамя як выкарыстоўваць аплікацыю.
Каментары