Культура1313

Вакол царквы-крэпасці ў Мураванцы спілавалі ўсе старыя дрэвы — сумныя ФОТЫ

Работы на тэрыторыі кандыдата ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА непапраўна змянілі ягоны гістарычны ландшафт. Пра высокі статус абарончага храма, якому сёлета спаўняецца роўна 500 гадоў, цяпер можна забыць.

Так храм-крэпасць выглядаў у сваім натуральным прыродным ландшафце. Фота: travel.by

На апублікаваных у сацсетках фотаздымках бачна, што вакол царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў Мураванцы Шчучынскага раёна зусім не засталося дрэваў, якія раней атачалі яе з усіх бакоў. Відаць, гэта вынік чарговага этапу рэстаўрацыі помніка архітэктуры.

А так тэрыторыя выглядае цяпер. Вакол царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў Мураванцы спілавалі ўсе дрэвы. Фота: фэйсбук-суполка «Навіны рэстаўрацыі»

Рэстаўрацыя царквы да знамянальнай даты пачалася ў канцы 2022 года. Тады на гэта было выдзелена каля 1 мільёна рублёў са Спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва.

Царква належыць да ліку нешматлікіх храмаў у стылі беларускай готыкі, у якіх ужо адчуваецца ўплыў рэнесанснай архітэктуры. 

Вядома, што яе пабудавалі паміж 1516 і 1524 годам. Аднак знойдзенае ў ёй старажытнае пахаванне датуецца 1469 годам. Магчыма, што першая царква з'явілася тут яшчэ ў XV стагоддзі, але была драўлянай, а на яе месцы пазней пабудавалі мураваны храм. Прынята лічыць, што фундатарам мураванага храма быў буйны землеўладальнік Шымка Мацкавіч, які займаў многія ўрады ў Вялікім Княстве Літоўскім. Ягонае імя зафіксавана на фрагменце адной з пліт, якая захоўваецца ў экспазіцыі ўнутры храма.

У час небяспекі яна магла выкарыстоўвацца як крэпасць. У яе сценах захаваліся байніцы для вядзення бою з лукаў ці арбалетаў, а адзіны ўваход закрываўся цяжкай герсай, якая апускалася на ланцугах з адмысловай нішы. У час бясконцых канфліктаў XVII-XVIII стагоддзяў храм некалькі разоў абстрэльвалі варожыя арміі, але нічога невядома пра тое, каб яе выкарыстоўвалі для сапраўднай абароны. 

У 1891 годзе храм зведаў значную перабудову: да яго прыбудавалі прытвор, павялічылі вышыню веж, панізілі дах, замуравалі частку байніц і разабралі частку лесвіц.

За пяць стагоддзяў свайго існавання храм быў праваслаўным, уніяцкім, каталіцкім. За савецкім часам чатыры дзесяцігоддзі служыў збожжасховішчам і толькі ў 1990 годзе быў ізноў вернуты праваслаўным. Менавіта тады ў апошні раз і праводзіліся маштабныя рамонтныя работы. 

На заказ аддзела культуры Гродзенскага аблвыканкама ў 1986 годзе быў распрацаваны праект рэстаўрацыі храма, які складаецца з некалькіх тамоў. Але ад яго засталіся толькі асобныя лісты ў архіве.

Храм-крэпасць у сваім натуральным прыродным ландшафце. Фота: travel.by

У 2021 годзе прыход заказаў новыя тэхнічныя заключэнні для падрыхтоўкі навукова абгрунтаванай праграмы работ. Па словах навуковага кіраўніка аб'екта Алены Шчаснай з інстытута «Гроднаграмадзянпраект», перш чым прыступіць да рэстаўрацыйных работ, былі праведзены неабходныя навуковыя даследаванні, намечана канцэпцыя бягучага рамонту храма і падрыхтавана праграма работ, узгодненая з Міністэрствам культуры.

Паколькі аб'ект мае статус каштоўнасці 0-й катэгорыі і прапанаваны да ўключэння ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў складзе намінацыі «Культавыя збудаванні абароннага тыпу ў Беларусі, Польшчы і Літве», методыка правядзення рамонтна-рэстаўрацыйных работ на падобных помніках архітэктуры таксама павінна адпавядаць прынятым міжнародным нормам.

Але работы не адпавядаюць нават нацыянальнаму заканадаўству.

Згодна з Кодэксам аб культуры распрацоўка праектнай дакументацыі, рэалізацыя якой можа аказаць уздзеянне на нерухомыя помнікі архітэктуры, без распрацоўкі праекта зон аховы забаронена.

Традыцыйны выгляд царквы з боку вясковай вуліцы. Фота: Wikimedia Commons

Менавіта ў гэтым дакуменце павінна быць прапісана што можна рабіць з навакольным ландшафтам, у тым ліку дрэвамі на цвінтары, а што нельга. Але ў беларускіх базах нарматыўных актаў такога дакумента не адшукалася. Верагодна, яго проста не існуе, або ён дагэтуль не прайшоў усю працэдуру зацвярджэння.

Работы на царкве выконваліся як бягучы рамонт, для якога не патрэбны праект, таму і наяўнасць праект зон аховы была не абавязковай. Як і для таго, каб спілаваць дрэвы — толькі дазвол мясцовых уладаў на гэта. 

Праўда, на здымках бачна, што вакол царквы заліваюць падмуркі пад бутавую агароджу — і гэта ўжо ніякі не бягучы рамонт, а новае будаўніцтва ці рэканструкцыя. Для іх правядзення мусяць быць спачатку зацверджаны зоны аховы.

Вельмі дзіўна, што для адной з лічаных гісторыка-культурных каштоўнасцей 0-катэгорыі дагэтуль няма нармальных рэгламентаў па ахове. 

Спілаваныя дрэвы, з якімі быццам бы «ўсё па законе», могуць дорага адгукнуцца ў імкненні прасунуць аб'ект у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Нягледзячы на тое, што намінацыя «Культавыя збудаванні абароннага тыпу ў Беларусі, Польшчы і Літве» ўнесена ў Папярэдні спіс аж у 2004 годзе, за гэтыя гады ніякай працы ў гэтым кірунку не вялося.

Маламажэйкаўская царква на фотаздымку, зробленым Стэфанам Забароўскім у 1909 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Толькі ў канцы 2023 года ў Міністэрстве культуры Беларусі адбылося пасяджэнне міжведамаснай рабочай групы па падрыхтоўцы намінацыйных дасье па намінацыях «Каложская (Барысаглебская) царква ў г. Гродна як прыклад гродзенскай архітэктурай школы» і «Культавыя збудаванні абарончага тыпу ў в. Мураванка, у в. Сынкавічы і аг. Камаі». Але з назвы намінацыі зніклі Літва і Польшча, дзе знаходзіцца аналагічныя аб'екты, пабудаваныя ў стылі «беларускай готыкі», відаць, праз тое, што рэжымам Лукашэнкі гэтыя краіны лічацца варожымі.

Радыкальнае змяненне ландшафту не вітаецца Камітэтам сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Спілаваныя дрэвы вакол царквы ў Мураванцы могуць стаць важкай прычынай, каб адмовіць ёй у прысваенні такога статусу. 

У 2009 годзе са спісу ЮНЕСКА была выключана Дрэздэнская даліна Эльбы, якая была прызнаная Сусветнай спадчынай у 2006 годзе. Прычынай выключэння стала ўсяго толькі будаўніцтва моста, які, як палічыў Камітэт, «разбурыў культурны ландшафт».

Маламажэйкаўская царква на фотаздымку 1910-х гадоў. Фота: Wikimedia Commons

Тое, што дрэвы вакол царквы ў Мураванцы яе традыцыйны ландшафт, можна пераканацца па фотаздымках пачатку XX стагоддзя. На іх храм-крэпасць, акружана высокімі дрэвамі, гэта сапраўднае ўрочышча пасярод апрацаваных палёў.

Наўрад ці гэтае неабдуманае спілоўванне дрэваў удасца апраўдаць тым, што ўзнаўляўся выгляд храма на часы, калі мог служыць абарончым мэтам — у ЮНЕСКА нічога такога не патрабуюць, а мы нічога не ведаем пра ландшафт вакол храма ў тыя часы. А дзе пачынаецца фантазія і самадзейнасць — заканчаваецца навуковая рэстаўрацыя і надзея на чарговы беларускі помнік у спісе Сусветнай спадчыны.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары13

  • Trava
    27.09.2024
    Адзеты ў строгі бетон узгорак і залатыя цыбуліны, вось прыгажосць будзе!
  • Беларус
    27.09.2024
    Ok, Не здзіўляйцеся, яны прызнаюць усю лукашэнкаўскую вертыкаль "беларускай" і лічаць хунту "афіцыйным бокам". Нічога не зробіш. Такая грамадўянскся пазіцыя.
  • .
    27.09.2024
    Краіна тупых здзекаў над людзьмі, тупых здзекаў над архітэктурай, тупых здзекаў над ландшафтамі...

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным15

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным

Усе навіны →
Усе навіны

«Тры-пяць разоў перакуліліся»: Аляксандр Саладуха з сынам трапіў у жудаснае ДТЗ — ФОТЫ15

Выйшаў на свабоду доктар-неўролаг Аляксандр Цялега

«Арэшнік» для Беларусі. Куды Лукашэнка ўцягвае краіну7

Беларус-дальнабойшчык знайшоў у сваім рэфрыжаратары двух нелегальных мігрантаў1

Канапацкая падзякавала камуністам за дапамогу, але сама застаецца «нацдэмкай»7

«У нас іншыя прыярытэты цяпер». Расія можа не прыйсці на дапамогу Асаду6

Расійскі віцэ-прэм'ер расказаў, калі ўвядуць агульную валюту з Беларуссю1

Купля трактароў з Беларусі прынесла праблемы польскім фермерам2

Шайгу заявіў пра падрыхтоўку беларускіх экіпажаў комплексаў «Іскандэр»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным15

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным

Галоўнае
Усе навіны →