Нацыянальную літпрэмію далі прадзюсарцы арт-групы, якая спявае «Баладу пра дыктатара»
«Прачытаў кнігу лаўрэаткі Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Дэбют» Алесі Кузняцовай. Не з літаратурных памкненняў, а лакальна-патрыятычных. Муж Алесі — з Налібак», піша ў сваім фэйсбуку Дзмітры Гурневіч.
Кніга мне нечым нагадала Каэльё для пачаткоўцаў. Звычайная белетрыстыка, напісаная адмыслова для расейцаў. Героі — расейцы. Месца падзеяў — Масква, Каломна, Байкал. І ім яна хіба зайшла. Бачыў інтэрвію з аўтаркай на ЛДПР ТВ.
Тэма кнігі — жаночая эмансіпацыя, але аўтарка бадай не пагодзіцца. Яна гэта называе асабістым развіццём і пошукам сябе. Жанчына сустракае выпадковага мужчыну, коратка размаўляе, гэта сустрэча як электрычны імпульс.
Яна разумее, што яе шлюб нешчаслівы, што яна зацыкленая на абслугоўванні мужа і дзяцей. Пачынае шукаць сябе і таго мужчыну, якога выпадкова сустрэла і які перавярнуў яе жыццё. На падставе кнігі мог бы атрымацца фільм для Нэтфлікса. Там такога мора. Я такое называю відэакантэнтам і кідаю прагляд на 5 хвіліне. Але я кажу выключна пра ўласны густ. Кніга ані суперкепская, ані выбітная. Бывала, што па-беларуску чытаў і горшае. Проста не маё.
Але кніга на 100% пакінула лепшае ўражанне, чым «Балада пра дыктатара», якую спявае яе муж з Налібак (Алеся Кузняцова ў гэтай музычнай групе прадзюсарка — НН). Ды і хто я, каб крытыкаваць. Не крытык жа. Адзін мой калега ў такіх сітуацыях слушна кажа: чалавек кнігу напісаў, а мог бы пайсці абрабаваць краму, або ня дай Бог каго забіць. Таму віншую Алесю!
Каментары