Грамадства1919

Палітвязень правёў паўтара года ў СІЗА — вось як ён выглядаў пасля гэтага

Схуднелы твар і пранізлівыя вочы — так выглядае на здымку з калоніі 38-гадовы Арцём Задруцкі, былы палітвязень, які правёў больш за два гады за кратамі за каментар з аднаго слова: «карнік». У зняволенні мужчына застаўся без жонкі — тая проста даслала паперы пра развод, а таксама страціў слых на адно вуха. Расказваем гісторыю, якая хаваецца за фота.

Фота: архіў суразмоўцы

«Байсол» адкрыў збор для Арцёма — паўдзельнічаць можна тут. Або, калі жадаеце яму дапамагчы, напішыце Арцёму ў інстаграм.

«Пачобут трымаўся стаічна, але выглядаў бледным, вельмі схуднелым і з зялёным тварам»

Усё пачалося з гісторыі Андрэя Зельцэра — айцішніка, які загінуў у сваёй кватэры падчас страляніны з кадэбэшнікамі. Арцём пабачыў відэа страляніны ў чаце вайсковага гарадка ва Уруччы і пакінуў там адно слова — «карнік». На наступны дзень а 10-й гадзіне вечара да яго пагрукаліся сілавікі.

На той час Арцём працаваў 2D-аніматарам, перыядычна займаўся гукарэжысурай. Апошняй сферы ён аддаў 13 гадоў жыцця: згадвае, што працаваў на першых канцэртах гурта Irdorath, а таксама на падпольных выступах Кулінковіча і Вольскага, калі тых забаранілі — Арцёма ўразіла, як людзі збіраліся на канцэрты, каб падтрымаць музыкаў.

Ён згадвае, як пасля свайго затрымання апынуўся ў ізалятары на Акрэсціна:

«Як яно гучыць? Гледзячы па тым, якая цяпер гадзіна. Збольшага гэта лясканне дзвярыма, неадэкватныя вокрыкі наглядчыкаў, ранкам да гэтага дадаецца дзяржаўны гімн. Я на сувязі з хлопцамі, якія ў Беларусі адбываюць хатнюю хімію, і яны кажуць, што на Акрэсціна ўсё тое самае — тыя ж здзекі і перапоўненыя камеры».

Далей Задруцкага перавялі ў жодзінскую турму, дзе першыя два месяцы трымалі без сувязі са знешнім светам — у тым жа рэжыме інкамунікада, праз які цяпер праходзяць вядомыя палітвязні. 

«Гэта жудасна, бо для цябе важна мець хоць нейкія вестачкі ад родных, ды і ім складана. Уяўляю, што адбываецца з людзьмі, якія ўжо доўга ў стане інкамунікада — у наваполацкай калоніі гэта Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, таксама там быў Анджэй Пачобут. Ведаю ўмовы ПКТ і ШІЗА, дзе яны цяпер — гэта жудасныя ўмовы, проста здзек з чалавека. Людзі, якія адтуль выходзяць, кажуць, што пакідаеш там проста тоны здароўя. 

Восенню 2023-га сустракаў Пачобута на прамзоне [ў наваполацкай калоніі], калі яго ненадоўга выпускалі з ШІЗА ў атрад. Збольшага ўсе хлопцы яго падтрымлівалі, спрабавалі гутарыць. Але яго хутка закрылі наноў з фармальных прычын — здаецца, праз адмову ад прыбірання. Ён трымаўся стаічна, але выглядаў бледным, вельмі схудалым і з зялёным тварам. Разумеў, што адбываецца». 

Польскія палітыкі часам кажуць, што Анджэй Пачобут не згодны выходзіць на волю з умовай ад’езду з Беларусі. Арцём упэўнены, што ніхто з людзей у тых умовах, у якіх цяпер Пачобут, не адмовіўся б ад вяртання ў нармальнае жыццё, асабліва тыя, хто знаходзіцца ва ўмовах інкамунікада і ПКТ.

«У жодзінскай турме я важыў, думаю, 55 кг з ростам 185 см»

У жодзінскай турме Арцём апынуўся ў тым жа корпусе, дзе ў 2020-м саджалі затрыманых на пратэстах. Гэта былі камеры, перапоўненыя ў два разы, дзе часам адмыслова не адключалі ацяпленне, хаця ў камеры спякотна. Вокны аддзеленыя кратамі, да якіх 60 сантыметраў, і ты не можаш дацягнуцца і адчыніць акно. Вязняў будзілі ўначы, кармілі ежай дрэннай якасці, не аказвалі медычную дапамогу.

Фота: архіў суразмоўцы

На той момант Задруцкі быў жанаты. Яго жонка з’ехала з краіны праз паўтары-два тыдні пасля затрымання мужа, але каля дзевяці месяцаў падтрымлівала кантакт — пісала лісты. А потым жанчына знікла, і Арцёму прыйшла папера аб разводзе. Гэта звычайная сітуацыя для палітвязняў, кажа ён, асабліва тых, у каго цяжкія артыкулы.

Задруцкі кажа, што ўспрыняў такое разбурэнне 12-гадовага шлюбу як здраду. «Чаму яна так зрабіла? Людзі чакаюць і па дзесяць гадоў, калі разумець усю сітуацыю і ўзровень несправядлівасці ў Беларусі… Так што тут, напэўна, гаворка выключна пра свае асабістыя жаданні. Верагодна, так для яе было лягчэй».

Цяжкае фота Арцёма зрабілі пасля яго прыезду ў наваполацкую калонію, пасля паўтара года ў СІЗА. Для мужчыны гэта важны здымак: 

«Фота — гэта па сутнасці захаваны кавалачак моманту, гэтым яно і каштоўнае. У гэты момант я выглядаў не вельмі добра, тады я скінуў, можа, 10-15 кг і важыў, думаю, 55 кг з ростам 185 см».

У СІЗА Арцём двойчы аб’яўляў галадоўку, каб дамагчыся дапамогі медыкаў, бо ён цяжка захварэў. Усё пачалося з кавіду — мужчына ўпэўнены, што гэта быў ён, бо тады хварэла надта шмат вязняў. Задруцкі ўспамінае сукамерніка, якога неслі ў санчастку на руках, бо ён не мог хадзіць — меў праблемы з дыханнем.

У Арцёма з’явілася ангіна і паднялася высокая тэмпература, потым распачаўся гаймарыт. Моцна балела галава, у дадатак да ўсяго развіўся кан’юктывіт. Да яго не прыводзілі доктара, колькі б Арцём ні прасіў, і толькі пасля пачатку галадоўкі вырашылі палячыць мужчыну — прапісалі антыбіётык у кропельніцах.

Фота: архіў суразмоўцы

Гэта знішчыла агульнае заражэнне, але вушы і далей часам запаляліся:

«Паступова я пачаў горш чуць, але не надта звяртаў на гэта ўвагу. У сакавіку 2022 года зноў застудзіўся і зразумеў, што практычна нічога не чую на левае вуха — было адчуванне, быццам яно пастаянна закладзенае. Проста нешта здарылася — і слых знік. Цяпер дактары кажуць, што можна паспрабаваць мінімальна палепшыць мой слых, але не атрымаецца яго аднавіць».

«Радуешся кожнаму, хто выйшаў, але разумееш, што кожны дзень саджаюць яшчэ больш людзей. І спадзяешся, што людзі не апусцяць рукі»

Наваполацкая калонія, куды трапіў Задруцкі, не дадавала здароўя:

«Харчаванне там існуе толькі каб падтрымаць арганізм. Вельмі шмат сапсаваных прадуктаў, цвілыя таматы — гэта норма. Таксама там максімальна выкарыстоўваюць тваю працу. Проста ізаляцыя і выкарыстоўванне нявольніцкай працы, тваіх сіл, магчымасцей і здароўя, каб скалечыць цябе і максімальна выціснуць з цябе ўсё нармальнае, пакінуць толькі жаданне ціхенька працягнуць выжываць.

Там дагэтуль ідзе чорны «снег» ад таго, што паляць драты і ўсё гэта ўзнімаецца ў паветра — праўда, ужо не так моцна, як раней. Але там ты пастаянна дыхаеш дымам ад смаленай пластмасы. Таксама ля калоніі ёсць заводы «Нафтан» і «Палімір», яны таксама дадаюць сваіх пахаў і шарму. Калі прыехаў туды, адразу адчуў пах алівы ў паветры, і ён цябе там пераследуе пастаянна».

Ля калоніі, успамінае былы вязень, знаходзяцца трубы, па якіх праходзяць нафтапрадукты, і часам яны пачынаюць гучна працаваць. Стаіць моцны шум, нібыта ты знаходзішся каля авіяцыйнага рухавіка, не можаш нармальна гаварыць і мусіш яго перакрыкваць. Арцёму як гукарэжысёру здавалася, што шум даходзіць недзе да 150 дэцыбел, і ён не знікае ні ўдзень, ні ўначы.

Задруцкі марыў, калі выйдзе на волю, абняць родных, пабачыць котку і хутка з’ехаць. Першая спроба эвакуявацца не атрымалася: беларус хацеў без дапамогі трапіць у Грузію з Расіі, але яго не выпусцілі. Але ж з дапамогай спецыялістаў атрымалася выехаць з Беларусі.

Цяпер Задруцкі жыве пад Варшавай і чакае міжнародную абарону. Ён плануе вучыцца і займацца далей анімацыяй, а гукарэжысура, лічыць Арцём, для яго наўрад ці магчымая зараз.

Сябе ён адчувае чалавекам, які пачынае жыццё з нуля:

«Калі табе амаль 40, гэта дзіўнае адчуванне, бо ты ўжо нечага дасягнуў у Беларусі. У гэтым узросце пачынаць з нуля маральна больш цяжка, але робіш тое, што трэба, і ўсё. Пры гэтым не забываеш, што быў у турме, і памятаеш людзей, якія там знаходзіліся. Радуешся кожнаму, хто выйшаў, але разумееш, што кожны дзень саджаюць яшчэ больш людзей. І спадзяешся, што людзі не апусцяць рукі».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары19

  • Язэп
    19.09.2024
    Падобныя жудасныя фоты вязняў лукашысцкіх катавальняў будуць найлепшым доказам на адмысловых працэсах супраць карнікаў і лукашысцкай вярхушкі. Нагадаю, што пасля вызвалення нацысцкіх канцлагераў над супрацоўнікамі іхных адміністрацый адбылося шмат судовых працэсаў. Большасць кіраўнікоў нацысцкіх канцлагераў, а таксама найбольш актыўныя карнікі былі асуджаны да смерці і павешаныя, нават жанчыны-карніцы. Тым лукашысцкім карнікамі, якія дажывуць да лавы падсудных - смяротнае пакаранне не пагражае, але доўгія і нават пажыццёвыя тэрміны зняволення за злачынствы супраць чалавецтва ім гарантаваныя
  • Курган бясслаўя
    19.09.2024
    Адно добра: што жонка сышла. Цяжкая жыццёвая сітуацыя прадэманстравала ейнае гнілое нутро. Жыць з такім чалавекам не варта.
  • Гузик
    19.09.2024
    Я когда-то был на экскурсии в Польше в Аушвиц-Биркенау, где находится концлагерь "Освенцим", так вот там похожие замученные и деморализованные лица у людей на фотографиях. Печально это все, что есть похожее в нашем современном мире, в тюрьмах которого страдают и порой умирают невинные люди из-за *идара и его семейки, которым хочется править вечно и жировать на шее у бедного беларуского народа.

Сілавікі працягваюць умацоўваць свае будынкі, баючыся паўстання1

Сілавікі працягваюць умацоўваць свае будынкі, баючыся паўстання

Усе навіны →
Усе навіны

У Маскве за паклёп на Лукашэнку судзяць палітолага Суздальцава. Пагражае да 5 гадоў26

БФФ прэзентавала новую форму нацыянальнай зборнай. Не абышлося без налёту сілавікоў9

Генсак НАТА заклікаў членаў альянсу ігнараваць ядзерныя пагрозы Пуціна1

У міліцыі расказалі, за што будуць караць квадробераў5

Расійскія МіГ-31К ужо не ў Беларусі?1

Партугалія пачне выдаваць гуманітарныя візы. Іх змогуць атрымаць і беларусы

Паўночнакарэйскія войскі ўжо на тэрыторыі Украіны — The Washington Post

«Квадроберства ў Беларусі існуе даўно». Найлепшыя твіты тыдня8

Беларусы адпачылі ў Еўропе, патраціўшы па 200 еўра на чалавека за 12 дзён1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі працягваюць умацоўваць свае будынкі, баючыся паўстання1

Сілавікі працягваюць умацоўваць свае будынкі, баючыся паўстання

Галоўнае
Усе навіны →