Літаратура2222

Падсасонны адказаў усім хейтарам, якія абурыліся яго рускамоўнай кнігай пра Дастаеўскага

«Я не магу пісаць па-беларуску пра аўтара, які піша па-руску, знаходзіцца ў рускім культурным кодзе».

Працэс стварэння такой кніжкі — ад пачатку да друку ста аўтарскіх асобнікаў — каштаваў $13 тысяч. $11 тысяч з іх Сяргей атрымаў грантам у Варшаўскім універсітэце, а рэшту сумы дакладваў з уласных ашчаджэнняў. «Вось так выглядае фінансаванне. Не з Масквы, і не ад рускіх лібералаў, як нехта казаў», — жартуе суразмоўца. У вольным доступе можна спампаваць pdf-версію выдання. Папяровыя асобнікі плануюць прадаваць у будучыні, як мінімум на прэзентацыях. Фота: асабісты архіў героя.

Вядучы «Белсата» Сяргей Падсасонны падзяліўся навіной пра выхад сваёй рускамоўнай кнігі — «Сучасны польскі Дастаеўскі: рэцэпцыя пісьменніка ў штодзённіку Gazeta Wyborcza (1989—2019)». Грунтоўная праца — 722 старонкі навуковага тэксту, — стала шчасцем для аўтара, адначасова выклікаўшы непаразуменне ў некаторых людзей: навошта беларус у Польшчы даследаваў імперца, ды яшчэ і на рускай мове?

«Наша Ніва» папрасіла аўтара падрабязней распавесці, чым жа яго так зачапіў менавіта Дастаеўскі, як стваралася кніга і якім чынам у ёй папулярызуецца беларускае.

Цікаўнасць да Дастаеўскага — яшчэ са школы

«У дзясятым класе мы на ўроку чыталі ўслых раман «Ідыёт», і якраз пасля гэтага ў мяне абудзілася дзікая цікаўнасць да Дастаеўскага, — расказвае Сяргей. — Адразу захацелася пабегчы ў бібліятэку і прачытаць яго. Я, праўда, думаў, што гэта нешта малое, і быў шакаваным тым, які гэта таўсценны тэкст. І потым з Дастаеўскім так складвалася, што я заўсёды нейкім чынам да яго вяртаўся.

Спачатку падчас навучання на філалагічным факультэце ў Гомельскім універсітэце на кафедры рускай сусветнай літаратуры выкладчыца мяне ўцягнула ў тэму зноў. Я спрабаваў пісаць першыя навуковыя артыкулы. Па Дастаеўскім жа я потым абараніў дысертацыю: планаваў зрабіць гэта ў БДУ, але, на жаль, мусіў з’ехаць з Беларусі. Абараняў кандыдацкую, PhD, ужо ў Варшаўскім універсітэце. Гэта быў «Матыў граху ў раманнай прозе Дастаеўскага».

«Ніхто, ніякім хейтам не змусіць мяне адмовіцца ад цікаўнасці да гэтага аўтара»

Праз два гады Падсасонны сам пачаў выкладаць у Варшаўскім універсітэце (цяпер ён з'яўляецца навуковым супрацоўнікам кафедры літаратурнай камунікацыі Інстытута прыкладной лінгвістыкі). Гісторыя з Дастаеўскім толькі пачыналася.

«Калі ў цябе ёсць кандыдацкая ступень, то пасля васьмі гадоў працы ты павінен зрабіць доктарскую дысертацыю. І тут я таксама хацеў працягваць тэму вакол Дастаеўскага. Думаў, у якім кірунку пайсці, і праз нейкі час прыйшоў да польскай Gazeta Wyborcza, у якой, як аказалася, Дастаеўскага вельмі шмат — больш за 1200 артыкулаў на працягу 30 гадоў было пра яго напісана».

Сяргей са сваёй кнігай. Фота: асабісты архіў героя.

Даследаванне абранай тэмы заняло каля васьмі гадоў. Падыход быў скрупулёзны. Так, калі Сяргей бачыў у адным з нумароў газеты кароткую рэцэнзію на спектакль па Дастаеўскім, імкнуўся прачытаць і іншыя водгукі на пастаноўку. А калі з'яўлялася магчымасць, ішоў глядзець спектакль сам. Але кніга не завяршылася б і за восем год без усіх ранейшых артыкулаў і пагружэнняў у творчасць Дастаеўскага.

Чым жа літаратуразнаўцу зачапіў менавіта гэты пісьменнік? Падсасонны звязвае гэта са шматвектарнасцю і ўніверсальнасцю Дастаеўскага.

«Я не люблю, калі мне кажуць: вось гэта белае, а гэта чорнае. Як у Льва Талстога, які вельмі канкрэтна вядзе нас у адным рэчышчы маральнасці, направа ці налева нельга. Дастаеўскі ж гаворыць і пра белае, і пра чорнае, і пра чырвонае, і пра зялёнае.

Карыстаючыся ўжо вядомым тэрмінам Бахціна, Дастаеўскі — стваральнік паліфанічнага рамана, калі ў адным героі, характары гучыць шмат галасоў, ёсць шмат кантэкстаў і падтэкстаў. Гэтая шматвектарнасць Дастаеўскага — тое, што мне цікава перадусім. І гэта тое, чым карыстаецца сённяшняя постмадэрнісцкая літаратура. Той жа Альгерд Бахарэвіч — шматузроўневы аўтар, складаны, таму ён цікавы для замежнікаў, для маладога пакалення.

Да святасці Дастаеўскаму вельмі далёка. Але тыя гуманістычныя вартасці, якія ён адкрывае ў чалавеку, экзістэнцыйныя вартасці — гэта тое што, мне блізка. І ніхто, ніякім хейтам не змусіць мяне адмовіцца ад цікаўнасці да гэтага аўтара».

«У побыце ад мяне вы не пачуеце рускай мовы, бо я даўным-даўно зрабіў выбар у нацыянальным пытанні»

Працягваючы тэму з хейтам, Сяргей кажа, што чакаў такіх рэакцый у пэўным асяроддзі. «Цешуся, што ў гэтых людзей атрымалася саўладаць з 700 старонкамі так хутка і даць свае ацэнкі», — жартуе ён.

Для тых, каму баліць за моўнае пытанне выдання, ён падкрэслівае:

«У побыце ад мяне вы не пачуеце рускай мовы, бо я даўным-даўно зрабіў свой выбар у нацыянальным пытанні. Я размаўляю па-беларуску, нясу беларускасць паўсюль, дзе толькі магчыма.

Але я не магу пісаць пра аўтара, які сам піша па-руску, знаходзіцца ў рускім культурным кодзе, па-беларуску. Па-першае, ягоныя тэксты ў большасці сваёй не перакладзеныя на беларускую, ангельскую ці польскую мовы.

А па-другое, у саміх навуковых выдавецтвах няма магчымасцяў выдаваць тэксты на пэўных мовах, бо ў іх няма адмысловых спецыялістаў, карэктараў. Гэта ж Польшча. І гэта я ўжо пра чыста тэхнічныя пытанні і складанасці».

Фота: асабісты архіў героя.

«На зразумелай рускаму свету мове ў сваёй кнізе я расстаўляю акцэнты супраць гэтага самага рускага свету»

Пры гэтым нават у такім рускамоўным выданні ёсць месца папулярызацыі беларускага.

«Дастаеўскі — імперац, і я гэтага абсалютна не адмаўляю. Калі вы прачытаеце маю кнігу, то пабачыце.

Калі разглядаць пэўную публіцыстыку пісьменніка, то яна антысеміцкая (у кантэксце XIX стагоддзя). Гэта таксама шавінісцкія тэксты ў дачыненні іншых народаў, у тым ліку беларусаў. Дастаеўскі адмаўляе нам у праве на самабытнасць, і паўстанне Кастуся Каліноўскага ў яго, напрыклад, гэта штосьці дрэннае, тое, што супярэчыць ідэям рускага свету. І я пра гэта таксама кажу, а таксама пра тое, чаму для нас тое паўстанне — нацыянальна-вызваленчае.

На зразумелай рускаму свету мове ў сваёй кнізе я расстаўляю акцэнты супраць гэтага самага рускага свету, супраць пуцінскай палітыкі. Падкрэсліваю беларускасць пэўных постацяў, іх беларускія карані (зрэшты, як і ў самога Дастаеўскага). Хтосьці павінен казаць пра гэта людзям, у тым ліку на зразумелай ім мове».

Акрамя прысутнасці Дастаеўскага ў сучаснай польскай культуры, у кнізе Падсасоннага разглядаецца шмат іншых складнікаў пісьменніка: напрыклад, яго ідэйны свет, хрыстацэнтрызм, стаўленне да жанчын. Асобныя разважанні адведзеныя небяспецы ідэалагізацыі літаратуры.

«Усе палітычныя сілы ў Польшчы карысталіся іменем Дастаеўскага, яго цытатамі, каб упікнуць суперніка. Сёння, напрыклад, цытаты Дастаеўскага выкарыстоўвае сучасны рускі аўтар Захар Прылепін, які ваяваў у Чачні і на Данбасе. І гэта ўсё вельмі небяспечна».

«Даўно думаю пра Святлану Алексіевіч»

Выданне кніжкі — не канец працы з гэтым матэрыялам:

«Калі гэтая кніга выдадзеная як доктарская дысертацыя, яе яшчэ трэба абараніць».

Але ў аўтара ўжо ёсць новыя ідэі і напрацоўкі.

«Я даўно думаю пра Святлану Алексіевіч, ужо нямала артыкулаў і матэрыялаў назбіралася, так што можна было б напісаць манаграфію. Канечне, потым зноў прычэпяцца: яна ж піша па-руску!», — пасміхаецца Падсасонны.

Каментары22

  • Прыкладны Лінгвіст
    18.09.2024
    Карацей, я, напрыклад, ня супраць, як хто за дабраахвотную аплату дасьледуе шыкэльгрубэра ці десада з дастаеўскім.
    А ў артыкуле бюджэтнік тлумачыоць, што нікога з вас і нас ён не пытаўся і не збіраецца, зь якога боку сядзець на карку падаткаплацельніка.
    Зрэшты, звычайны адказ зь дзяржсэктару (адкаст прасякнуты пярлінамі анэкдотаў і аксюмаронаў, але вам шкада часу, каб я раказваў)
  • Пытанне
    18.09.2024
    А дзе сваю кніжку "на зразумелай рускаму свету мове" Падсасонны будзе прадаваць? У Маскве?
  • ЯНКА
    18.09.2024
    .
    • ДАСТАеЎскі! •

    🫢 «Атрымаў, атрымаўшы» — во як. І тая самая школьная канцовачка выдае ў гэтым ... . Спадару Эзоп, нават з табою, мабыць, не прапусьцяць. Таму, на жаль, скончу гэты допіс таксама кропкамі, каб не атрымаць шлягбаўмам ад цэнзуркі. ... ... ...! ...!!!
    .

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу9

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Усе навіны →
Усе навіны

Выпускнік мінскай беларускамоўнай гімназіі скончыў Гарвардскі ўніверсітэт. Вось дзе ён цяпер працуе21

Трагедыя ў Мінскім раёне: загінулі двое дзяцей

Мужчына, які ўдарыў малатком па сцяне Крамля, аказаўся не беларускім палітвязнем, а яго поўным цёзкай

Змянілі тэрмін уручэння позвы на вайсковыя зборы

«Дзмітрыеву сказалі: «Калі нешта не тое, адразу вернешся ў турму»19

У Драздах выратавалі бабра, які праваліўся ў адкрыты калодзеж

Санкцыі перагледзець, паслоў вярнуць? Што стаіць за «маніфестам» Андрэя Дзмітрыева11

Сяргей Скрыпаль упершыню пракаментаваў замах на сябе па загадзе Пуціна3

Колішняму начальніку аддзела Банкаўскага працэсінгавага цэнтра пагражае да васьмі гадоў калоніі за данаты і каментары ў Telegram1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу9

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Галоўнае
Усе навіны →