У Прыпяцкім нацпарку запрашаюць на незвычайную экскурсію — паслухаць роў аленяў
Абяцаюць шыкоўны прыродны спектакль. Але ўбачыць і пачуць можна толькі ў верасні.
Прыпяцкі нацыянальны парк запрашае на незвычайную экскурсію: турыстам прапануюць паслухаць роў высакародных аленяў.
У верасні самцы высакародных аленяў традыцыйна ладзяць шлюбныя гульні і спаборнічаюць у тым ліку ў магутным рове.
«Роў аленяў — гэта сапраўдны тэатр, дзе на працягу месяца развіваецца драма. На сцэну выходзяць дзясяткі аленяў у суправаджэнні сваіх дам сэрца. Драматычны сюжэт развіваецца так, што толькі найлепшыя самцы збяруць вакол сябе сябровак, а тыя, хто прайграў, застануцца ў адзіноце, каб зноў уступіць у бітву толькі праз год. Часам на краёчку сцэны мірна ўзляжыць статак зуброў і маўкліва назірае за баталіямі збоку, шпацыруюць казулі, нетаропка, па сваіх справах, прабягае барсук або ў эпіцэнтры падзей праносяцца кабаны са сваімі малымі», — гаворыцца ў апісанні экскурсіі.
Для турыстаў абсталявалі спецыяльныя назіральныя вышкі, з якіх адкрываецца найлепшы від на паядынкі аленяў.
Пры гэтым ад гледачоў патрабуецца захаванне поўнай цішыні. Каштуе экскурсія 55 рублёў, з улікам экалагічнага збору. Праводзіцца рана раніцай, на ўзыходзе сонца, і ўвечары на заходзе.
Экскурсія на шлюбныя гульні аленяў працягваюцца з 1 па 24 верасня.
Каментары