Грамадства44

«Нікому тут не трэба вас саджаць і карміць за кошт бюджэту». Як эмігранты камунікуюць з блізкімі, якія жывуць у інфармацыйнай бурбалцы

Эмігрантаў ад радзімы аддзяляе не толькі адлегласць, але і інфармацыйны фон. У многіх у Беларусі засталіся блізкія, якія як быццам не заўважаюць, што робіцца вакол, і жывуць «у бурбалцы». Most пагаварыў з беларусамі, у якіх ёсць такія сваякі і сябры. Тыя шчыра не разумеюць, чаму не ўсе эмігранты могуць прыехаць на радзіму, чаму небяспечна перасылаць грошы на беларускую картку «экстрэміста», а яшчэ дзівяцца, што людзі ў масках і з аўтаматамі прыходзяць з ператрусам да жанчыны ва ўзросце.

«Зразумела, чаму вы з'ехалі. Вы прывілеяваныя»

У Таццяны (імя зменена ў мэтах бяспекі) заўсёды былі асаблівыя сяброўскія адносіны са стрыечнай сястрой. У дзяцінстве яны праводзілі шмат часу разам, асабліва падчас вакацый. Хоць Таня была малодшая, сястра ніколі не саромелася яе перад сяброўкамі.

«Яна ўсім казала, маўляў, глядзіце, гэта мая малая, і мне заўсёды гэта было вельмі прыемна», — успамінае дзяўчына.

У 2020 годзе беларуска ўдзельнічала ў пратэстах і вымушаная была пакінуць радзіму разам з хлопцам, да якога сілавікі прыйшлі на працу — яму пагражала крымінальная справа. Таццяна не хавала ад сваякоў прычыну ад'езду, расказала ўсё як ёсць, у тым ліку сястры.

«Яна наогул не зразумела, што адбылося, — кажа дзяўчына. — А праз некаторы час я ёй патэлефанавала з Украіны. Мы размаўляем, і яна заяўляе: «Ну зразумела, чаму вы з'ехалі. У вас жа з хлопцам ёсць магчымасць працаваць аддалена, вы прывілеяваныя».

«А чаму да вас прыйшлі з ператрусам? Што адбылося?»

Тым не менш, зносіны на адлегласці працягнулася. Сяброўкі дзяцінства размаўлялі пра рэчы, якія не тычыліся сітуацыі ў краіне. Так было, пакуль Таццяна не даведалася, што да яе мамы прыйшлі з ператрусам — жанчыну ва ўзросце забралі «на суткі».

Беларуска ўспамінае, як расказвала пра гэта сястры, а тая зусім шчыра не разумела, што адбываецца. Таццяна апісвае іх дыялог так:

— А чаму ты не ведаеш, за што яе затрымалі?

— Ну таму што не ведаю.

— А чаму да вас прыйшлі з ператрусам? Што адбылося?

— Там не проста прыйшлі з ператрусам. Там прыйшлі ўзброеныя людзі з аўтаматамі. У нашай краіне рэпрэсіі ўжо паўтара года. Гэта рэальнасць такая.

— Я наогул не разумею. Ну ёй жа хтосьці зможа перадаць вопратку?

— Якую вопратку? Алё! Там нават лекі не перадаюць.

— А калі хтосьці захварэе?

«Да яе дагэтуль не дайшло, што адбываецца ў Беларусі»

Забарона адвакатам на наведванне кліента, судовыя пасяджэнні па скайпе, сведкі ў балаклавах, якія даюць ілжывыя паказанні — усяму гэтаму сястра Таццяны была шчыра здзіўленая.

«Яна ўмее чытаць, карыстаецца інтэрнэтам, яна працуе вэб-дызайнерам, у яе добрая адукацыя, яе сябры — цалкам адэкватныя людзі, наколькі я ведаю. Але да яе дагэтуль не надта дайшло, што адбываецца ў Беларусі», — не можа зразумець беларуска.

Таццяна кажа, што сястра толькі нядаўна стала здагадвацца, што адбываецца ва Украіне — верагодна, праз тое, што яе сябры з Расіі пераехалі ў Беларусь, ратуючыся ад мабілізацыі. Дзяўчына стала баяцца, што і ў яе роднай краіне пачнуць раздаваць позвы і кагосьці са сваякоў ці знаёмых забяруць на вайну.

Навіны, па словах Таццяны, сястра даведваецца ад сяброў. Магчыма, чытае рэгіянальны навінавы блог.

«Нейкія мясцовыя навіны яна чытае, але гэта відавочна не ўмоўнае «Люстэрка»», — падсумоўвае суразмоўца.

«У яе толькі-толькі пачалі з'яўляцца пытанні»

Яна дадае, што не раз спрабавала змяніць меркаванне сястры, расказаць ёй пра тое, што адбываецца ў краіне. Але гэта складана. Зносіны з ёй даюцца нават цяжэй, чым з людзьмі, «якія за стабільнасць» і, ведаючы пра рэпрэсіі ды вымушаную эміграцыю, падтрымліваюць рэжым.

«Іх я хаця б магу абвінаваціць, — тлумачыць Таццяна. — А з ёй я так не магу зрабіць, бо яна не разумее, што адбываецца. Калі я ёй расказваю пра рэпрэсіі, яна максімальна шчыра здзіўляецца: «Як? Ды такога быць не можа!»

Мне здаецца, тое, што адбываецца, проста не ўкладаецца ў яе карціну свету. Калі б яна глядзела прапаганду, яна б мне магла сказаць, што я хлушу. А тут — проста здзіўленне.

Дзяўчына прызнаецца, што спрабавала разабрацца ў прычынах такіх паводзін роднага чалавека на сесіях са сваім псіхолагам. І прыйшла да высновы, што жыццё сястры проста «ідзе як ідзе». У свой час сястра Таццяны хацела стаць музыкам, але ёй «сказалі паступіць у нармальную ВНУ». Яна так і зрабіла.

«Потым знайшла нармальную працу, нармальнага мужа, нарадзіла нармальнае дзіця, цяпер робіць нармальны рамонт», — апісвае Таццяна.

Тым не менш, яна спадзяецца, што ў сястры «нешта праясніцца».

«Яна ўжо заўважыла, што ва Украіне нешта не так. У яе ўжо пачалі з'яўляцца пытанні тыпу «А ці так я жыву?» Але яны толькі-толькі пачалі з'яўляцца».

«Мой аргумент у яго ў мозгу не асэнсоўваецца і не затрымліваецца»

Мікіта ў Польшчы два гады. У Беларусі засталася сястра, якая «знаходзіцца пад уплывам мужа з мутнымі палітычнымі поглядамі», а таксама добры сябар.

З сястрой ён мае зносіны рэдка і імкнецца не падымаць палітычныя тэмы, таму што яны прыводзяць да сварак. З прыяцелем гутаркі адбываюцца часцей. І хоць погляды на сітуацыю ў краіне ў сяброў супрацьлеглыя, яны нярэдка абмяркоўваюць і гэтую тэму.

Мікіта пераказвае прапагандысцкія штампы, якія чуе ад сябра: «Вы ўсё — маніпуляваныя ідыёты, вас выкарыстоўвалі», «Так, улада павінна мяняцца, але змяні яе цяпер — і пачнецца дурдом».

«Ён можа сказаць: «Прыязджай, нікому тут не трэба вас саджаць і карміць за кошт бюджэту», — прыводзіць прыклад Мікіта. — Таксама ён быў гатовы перакінуць мне грошы на беларускую картку, прапаноўваў раз са 20 і прапануе дагэтуль. Я адмаўляюся — не хачу, каб яго абвінавацілі ў фінансаванні «экстрэмізму». Але гэты аргумент у яго ў мозгу не асэнсоўваецца і не затрымліваецца».

«Ён бачыў тых, хто сядзеў у турме, і яны выглядалі выдатна — адкормленыя і вясёлыя»

Сябар распытвае Мікіту пра цэны ў Польшчы і ўмовы жыцця, але затым часта пачынае хваліць тое, што, на яго думку, у Беларусі «лепшае ці, прынамсі, больш зразумелае»: танны праезд у грамадскім транспарце, хай дрэнная, але прадказальная медыцына, прыстойныя працадаўцы.

«Я стараюся рэагаваць на яго словы спакойна, але часам усё ж даходзіць да сварак. Расказваю пра плюсы і мінусы жыцця ў Польшчы як яно ёсць. Часам прамым тэкстам кажу, што ў яго стакгольмскі сіндром. Мы не сыходзімся ў меркаванні, што правы людзей [у Беларусі] парушаныя. Ён кажа, што бачыў тых, хто сядзеў у турме, і яны па выхадзе выглядалі выдатна — адкормленыя і вясёлыя».

«Ён усведамляе, што праблемы не разруліць, і аддае перавагу таму, каб рабіць выгляд, што ўсё выдатна»

Сябар Мікіты даведваецца навіны пра Беларусь з сацыяльных сетак і месенджараў — тыктока, інстаграма, тэлеграма, а таксама з размоваў з прыяцелямі, сярод якіх шмат сілавікоў. Ён зусім не прызнае, што паддаецца беларускай прапагандзе, хоць, па апісанні Мікіты, часта гаворыць яе штампамі.

Мікіта лічыць, што прычына такіх паводзін сябра — «комплекс супермена», калі чалавек прызвычайваецца, што можа вырашыць любыя праблемы — свае і тых, хто вакол.

«І вось ён усведамляе, што гэтай праблемы [таго, што адбываецца ў Беларусі] яму не разруліць, і таму аддае перавагу таму, каб рабіць выгляд, што ўсё выдатна. Што краіна квітнее, што людзі падымаюцца ў адзіным парыве, што сённяшні дзень кожнага беларуса — стваральны, а заўтрашні — поўны перспектыў».

Каментары4

  • Satan
    13.09.2024
    Ага, я тоже вам могу приколов рассказать... как дед поехал к внучке в Польшу, а потом его на ковер в кэгэбэ - чо в уражэскую страну ездил?
  • Ноўнэйм
    13.09.2024
    Я для сябе вырашыў не марнаваць час на такіх вось.. Калі дарослыя людзі дагэтуль не зразумелі, што да чаго і што насамрэч адбываецца ў Беларусі і ва Ўкраіне, то яны безнадзейныя.
  • Гон на застаўшыся?
    14.09.2024
    Нейкіх вы дзіўных людзей падабралі. Жывём 3 гады ў эміграцыі, увесь час мае застаўшыяся ў Беларусі сваякі добра ведалі, што адбываецца. А калі здарылася гора, усе адгаварвалі мяне ехаць. Мая мама ў свае 74 гады добра ўсё разумела і хавала ад мяне праўду, абы я не ехала. Дзеля маёй бяспекі. Так што заканчвайце гон. У Беларусі з нас засталіся смелыя.

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка20

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка

Усе навіны →
Усе навіны

Тыль Швайгер расказаў, у якім жанры зняў бы фільм пра Беларусь. Вы здзівіцеся11

Мігрант на беларуска-польскай мяжы схаваўся за прыбіральняй. Але не ўлічыў адзін нюанс ВІДЭА2

Фанаты распавялі, як змаглі арганізаваць перфоманс на матчы ў Варшаве і як змагаліся з п'янымі правакатарамі

Імаверны прэм'ер Літвы: Штучныя абмежаванні для беларусаў нелагічныя. Беларусы дапамагаюць эканоміцы Літвы12

«Ты здзейсніла сапраўдны ўчынак». «Дынама» запісала ВІДЭА з падзякай жанчыне ў чырвона-зялёным23

Продажы новых аўтамабіляў у Беларусі зноў паставілі рэкорд2

«Зноў з'езджу ў Мінск, усё вырашым». Украінскі дэпутат, які прыязджаў у Беларусь, заклікаў Зяленскага да перамоваў з Расіяй10

Чаму выбаршчыкі галасавалі за Трампа?4

Гендырэктар «Беларусьфільма»: «Лістапад» — гэта БРІКС у сферы кіно3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка20

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка

Галоўнае
Усе навіны →