Гісторыя44

Райаддзел культуры абвясціў збор грошай, каб закансерваваць касцёл Святога Духа

Драгічынскі раённы аддзел культуры адкрыў спецрахунак для збору грошай, каб правесці ў 2024—2025 гадах работы па кансервацыі касцёла, размешчанага каля вёскі Язвіны. Але пакуль незразумела, колькі сродкаў спатрэбіцца на захаванне таго, што засталося ад храма, пабудаванага ў 1750 годзе ў маёнтку Фларыяна Ажэшкі, піша выданне «Першы».

Касцёл можна ўбачыць у дапоўненай рэальнасці па гэтай спасылцы.

Першы крок на шляху да аднаўлення касцёла быў зроблены больш за 20 гадоў таму, у 2002 годзе. Тады касцёл Святога Духа быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Гэты помнік архітэктуры ў стылі барока, збудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, доўгія гады заставаўся закінутым і паступова разбураўся пад уздзеяннем часу і ўмоў надвор'я. Разбураецца ён і па сённяшні дзень.

Касцёл Святога Духа мае багатую гісторыю. Ён быў пабудаваны ў 1750 годзе падчас кіравання апошняга караля Рэчы Паспалітай, Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Архітэктура касцёла, выкананая ў стылі барока, увасабляла веліч гэтага мастацкага кірунку, які ў тыя часы панаваў у Еўропе. 

Касцёл быў узведзены ў маёнтку Вінч, які належаў шляхетнай сям'і Ажэшкаў. Маёнтак займаў значную плошчу паміж вёскамі Язвіны і Ляжыткавічы. Уладальнікам гэтых земляў быў Фларыян Ажэшка — уплывовы магнат, які прысвяціў сваё жыццё падтрымцы каталіцкай веры на беларускіх землях.

У XIX стагоддзі, пасля паўстання 1830-1831 гадоў, калі царская Расія ўзмацняла сваю ўладу над беларускімі землямі, касцёл быў перароблены ў праваслаўную царкву. Гэта стала часткай палітыкі русіфікацыі, якая імкнулася аслабіць тут уплыў каталіцтва і польскай культуры. Аднак ужо ў 1919 годзе, пасля падзення Расійскай імперыі, храм вярнулі каталікам, што сімвалізавала вяртанне да культурных каранёў.

У савецкія часы касцёл зноў страціў сваё значэнне. У 1960-х гадах яго канчаткова закрылі, і з тых часоў ён заставаўся ў заняпадзе. Паўстагоддзя без догляду прывялі да значных разбурэнняў: дах і купалы згнілі, тынкоўка абсыпалася, а ўсярэдзіну трапіць ужо немагчыма — шлях заступаюць каваныя краты. Аднак знешні выгляд храма, з яго магутнымі цаглянымі сценамі, нагадвае пра былую веліч.

Сцены касцёла

«Будынак Святадухаўскага касцёла вёскі Язвіны знаходзіцца ў нездавальняючым стане. З-за ўздзеяння навакольнага асяроддзя прагнілі дах і купалы. На гэты момант захаваліся толькі знешнія сцены з цэглы, на большай частцы якіх адсутнічае тынкавы пласт. Уваход усярэдзіну перакрыты каванымі кратамі», — сказала метадыстка па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Наталля Міховіч газеце «Драгічынскі веснік».

Паводле яе слоў, кансервацыя дазволіць захаваць фактычны стан касцёла, які дайшоў да нашых дзён у разбураным выглядзе і ўспрымаецца як помнік. Чаму як мінімум за 22 гады, калі на гэты помнік звярнулі ўвагу ўлады, не знайшлі магчымасць хаця б закансерваваць гэты цікавы аб'ект у вёсцы Язвіны — адказу няма.

Тое, што цяпер засталося ад касцёла Святога Духа, трапіла ў турыстычныя маршруты экскурсійнай праграмы «Хрысціянскія святыні Драгічыншчыны». У апошнія гады турысты прыязджалі глядзець на руіны касцёла.

Каб даведацца, як будзе адбывацца кансервацыя гістарычнага аб'екта і яго далейшае выкарыстанне, «Першы» звярнуўся да самой Наталлі Міховіч.

Паводле слоў чыноўніцы, хто будзе навуковым кіраўніком праекта і як будзе адбывацца ўвесь працэс, пакуль невядома. У райвыканкаме напісалі ліст арганізацыі «Брэстрэстаўрацыя». Спачатку трэба разлічыць кошт, колькі спатрэбіцца грошай для фінансавання ў цэлым, колькі на праектна-каштарысную дакументацыю. І ўжо толькі ў 2025 годзе будзем думаць пра навуковае суправаджэнне.

Таксама пакуль невядома, які будзе тып фінансавання — кансалідаваны ці толькі дабрачынны. Але Міховіч мяркуе, што хутчэй за ўсё будзе як бог дасць: «Калі будзе паступленне спонсарскіх грошай, тады яны будуць задзейнічаныя, калі не — тады з раённага бюджэту».

Пакуль жа аб'ект «пад вялікім-вялікім пытаннем». Пакуль не знойдзецца фінансаванне, складана нешта планаваць.

Чыноўніцу спыталіся, ці плануецца прынамсі рабіць, як прадпісвае для такіх аб'ектах заканадаўства, супрацьаварыйныя работы, якія не прадугледжваюць узгадненняў. Паводле яе слоў, нічога на сённяшні момант праводзіцца не будзе. Што да мерапрыемстваў, якія на аб'екце рабіліся пачынаючы з 2002 года, калі касцёл быў унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў (ГКК), то

«ў нас толькі праходзіць пастаянна падтрыманне тэрыторыі ў парадку, выраблены праект зон аховы і пашпарт аб'екта, які не выкарыстоўваецца. А ніякіх работ на самім аб'екце, чагосьці там такога па захаванні сцен не праводзілася».

Помнік архітэктуры без даху, і сцены разбураюцца

Цяпер жа за яго ўзяліся таму, што 

«Брэсцкім аблвыканкамам, райвыканкамам і Міністэрствам культуры распрацаваны план па выратавальных дзеяннях аб'ектаў ГКК, якія не выкарыстоўваюцца. Бо касцёл у нас не выкарыстоўваецца, ён увайшоў у гэты план».

Калі б грошай на аднаўленне гістарычнага будынка дастаць удалося, то ў Драгічынскага райвыканкама няма асаблівых планаў, як яго можна было б выкарыстоўваць:

«Толькі як турыстычны аб'ект, ніякага іншага кірунку нават не плануецца. Разумееце, ён далёка ад вёсак размешчаны, зрабіць нейкі музей там наўрад ці мэтазгодна. Ён у нас уключаны ў турыстычны маршрут «Святыні Драгічыншчыны» і пры наведванні будзе на турыстычным маршруце».

Каталіцкая парафія прымаць будынак на свой баланс, каб яго аднаўляць, адмовілася з тымі ж аргументамі, што «далёка ад населеных пунктаў і няма ніякай рэнтабельнасці, немэтазгодна ягонае аднаўленне».

Тым не менш, адносна прывабнасці былога касцёла як турыстычнага аб'екта чыноўніца настроеная аптымістычна:

«Ну, а чаму не? Вось, напрыклад, дзеці, якія адпачываюць у санаторыях, там праводзяць экскурсіі для іх, бацькам, якія прыязджаюць з іншых гарадоў. У нас прыязджаюць дэлегацыі з наведваннем турыстычных аб'ектаў. У касцёла ёсць свая гісторыя, ёсць пра яго што расказаць, людзям будзем цікава».

Выгляд унутры руінаў касцёла

Пракаментаваў сітуацыю з былым касцёлам у Язвінах на просьбу выдання «Першы» і ксёндз Андрэй з Пінскай каталіцкай дыяцэзіі:

«Ведаем, што быў такі храм. Часам успамінаем, уздыхаем, што было б добра аднавіць гэты храм. Толькі вось у нас так шмат усяго, што трэба будаваць, рамантаваць, таму прыходзіцца прыярытэты выбудоўваць, перш за ўсё дзе вялікія парафіі, каб там храмы аднавіць. Парафіяне ў Драгічыне ў нас больш сканцэнтраваныя, на тым, каб у раёне хоць бы адзін храм пабудаваць новы. Мы нядаўна скончылі будаваць новы храм, усе намаганні пайшлі на гэта».

Таму пакуль адзіная крыніца фінансавання работ, як выглядае — толькі ахвяраванні на адкрыты спонсарскі рахунак аддзела культуры Драгічынскага райвыканкама.

Каментары4

  • БССР 2.0 Альтэрнатыўны Вольны Новы Зусім жа Іншы
    13.09.2024
    Слушныя сацыялісты ўжо доўгаартыкул нашкрэблі, як ім, а не райадзьдзелу латушкульту міліцыянт-падаткавік мае на здаровы глузд несьці настрыжаную поўсьць на рэстаўрацыі нішчымніцаў.
  • Гога
    14.09.2024
    "Он был построен в 1750 году во время правления последнего короля Речи Посполитой, Станислава Августа Понятовского."
    Н.Н.,уважайте историю. Понятовский стал королем в 1764 году!
  • хм?
    16.09.2024
    Ну так-то это был в начале униацкий храм, а потом католический.

«Мы гаворым не пра русіфікацыю, а пра мадэрнізацыю» — дэкан гістфака3

«Мы гаворым не пра русіфікацыю, а пра мадэрнізацыю» — дэкан гістфака

Усе навіны →
Усе навіны

Затрыманых у Беларусі мільярдэраў з «Уралкалія» выпусцілі на свабоду1

Выязны «Мак.бай» у Маладзечне сабраў вялізныя чэргі. А што з цэнамі?9

Астапеня ацаніў, колькі беларусаў падтрымлівае бел-чырвона-белы сцяг27

Генпракуратура хоча вярнуць у Беларусь Крыж Ефрасінні Полацкай, слуцкія паясы і сані Напалеона14

Стане яшчэ халадней. Але дзякуй, што пакуль без снегу2

Выпускнік мінскай беларускамоўнай гімназіі скончыў Гарвардскі ўніверсітэт. Вось дзе ён цяпер працуе24

Трагедыя ў Мінскім раёне: загінулі двое дзяцей

Мужчына, які ўдарыў малатком па сцяне Крамля, аказаўся не беларускім палітвязнем, а яго поўным цёзкай

Змянілі тэрмін уручэння позвы на вайсковыя зборы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы гаворым не пра русіфікацыю, а пра мадэрнізацыю» — дэкан гістфака3

«Мы гаворым не пра русіфікацыю, а пра мадэрнізацыю» — дэкан гістфака

Галоўнае
Усе навіны →