Аляксандр Сонгін кіруе Саюзам палякаў на Беларусі. На пасаду яго абралі ўжо пасля 2020 года. Цяпер яго функцыя — ад імя ўсіх палякаў Беларусі спяваць оды Лукашэнку.
Аляксандру Сонгіну 54 гады. Родам ён з вёскі Тарнова Лідскага раёна.
Пасля школы пайшоў у Лідскую педагагічную вучэльню, дзе атрымаў адукацыю настаўніка пачатковай школы. Пасля яго прызвалі ў армію, дзе ён служыў у войсках МУС, праходзіў службу ў Нагорным Карабаху.
Скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, вывучыўся на настаўніка гісторыі. Пасля арміі быў настаўнікам у Далёкіх Лідскага раёна, кіраваў дзіцячым садком і пачатковай школай у Гудах Лідскага раёна. Пасля перайшоў намеснікам дырэктара па ідэалогіі і кадрах на аўтазборачны завод «Нёман».
У 2012 Сонгіна паставілі кіраўніком упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. А ў 2019 годзе прызначылі дэпутатам у парламент.
Адметна, што ён адзін з тых дэпутатаў, якія перыядычна выступаюць па-беларуску. Ён практыкуе гэта і дагэтуль, а беларускай мовай валодае насамрэч добра.
А ў сакавіку 2021 яго прызначылі кіраваць яшчэ і пралукашэнкаўскім Саюзам палякаў Беларусі. І ён прыняўся хваліць улады, але ўжо ад імя палякаў:
«На жыццё ў краіне, асабістае і прафесійнае станаўленне, кар'еру нацыянальнасць чалавека не ўплывае. Калі грамадзянін трымаецца законаў, то ніякіх пытанняў ні ў дзяржавы, ні ў асяроддзя не будзе».
Крытыкаваў ён і суседзяў Беларусі — маўляў, дзе яшчэ ёсць прадстаўнікі меншасцяў у парламенце.
Працягваў ён у такім духу ўсе апошнія тры гады. У асноўным Сонгіна даставалі з шафы як дзяжурнага паляка, калі трэба было пракаментаваць польска-беларускія адносіны. Ён хваліў дзень народнага адзінства, пісаў лісты польскім уладам пра спрашчэнне візавага рэжыму і праводзіў пікеты каля амбасады Польшчы, а таксама лаяў ЗША ды «калектыўны Захад».
Апошні раз Сонгіна заўважылі на сустрэчы нацыянальных меншасцяў з Лукашэнкам. Пакуль Лукашэнка расказваў пра зняволенне беларускага паляка Анджэя Пачобута, Сонгін адзначаў, што палякі «дыхаюць паветрам роднай Беларусі, жывуць і працуюць па законах гэтай краіны». І дадаў, што жыхары Польшчы мараць пра нармалізацыю адносінаў з Беларуссю.
Лукашэнка на гэта адказаў, што народ Польшчы добры, але ўлады дрэнныя і мараць забраць Заходнюю Беларусь. А 99% палякаў, маўляў, падтрымліваюць Лукашэнку.
Каментары