Грамадства11

Беларусы расказалі, як абыходзяць адну з забаронаў пры запісванні на падачу на польскую візу

Ахвотныя запісацца на атрыманне польскай візы сёння сутыкаюцца з тым, што чакаць свабоднай даты прыходзіцца не адзін месяц. Пры гэтым з-за асаблівасцяў прыёму дакументаў звярнуцца не ў «свой» візавы цэнтр, нават калі там ёсць месцы, нельга. Сітуацыяй скарысталіся прадпрымальныя людзі, якія прапануюць (не бясплатна, вядома) дапамагчы аформіць прапіску ў іншай вобласці, каб падаць там дакументы і атрымаць візу. «Люстэрка» вывучыла такія аб'явы і паразмаўляла з тымі, хто мяняў рэгістрацыю дзеля Шэнгена.

У чым сувязь паміж падачай на візу і месцам жыхарства?

Падаваць дакументы на польскую візу можна не ў любым візавым цэнтры краіны. Усе яны падзеленыя на тры ўмоўныя юрысдыкцыі, і шукаць свабодныя даты вы можаце толькі ў той, да якой адносіцеся па сваёй рэгістрацыі.

Так, у візавых цэнтрах Мінска, Магілёва і Гомеля могуць атрымаць візу толькі зарэгістраваныя ў Мінскай, Магілёўскай, Гомельскай і Віцебскай абласцях (так званая Мінская акруга). Але з такой прапіскай вас ужо не прымуць у Брэсце, Баранавічах ці Пінску: у гэтыя візавыя цэнтры могуць прыходзіць беларусы, прапісаныя ў Брэсцкай вобласці.

Пры гэтым рэгістрацыя павінна быць пастаяннай. Часовая прапіска падыдзе толькі разам з дадатковымі дакументамі, якія пацвярджаюць, што вы вучыцеся або працуеце ў гэтым горадзе.

Падобныя абмежаванні прывялі да таго, што беларусы пачалі шукаць спосабы, як іх абысці, каб хутчэй атрымаць запаветную візу.

«Вядома, многае залежыць ад тыпу візы. Напрыклад, у Брэсцкай акрузе гэтак жа складана запісацца на турыстычны шэнген тыпу C, як і ў Мінскай, на іх таксама высокая нагрузка. Але на іншыя тыпы віз запісацца лягчэй. У Гродзенскай падобная сітуацыя. Таму ў цэлым «злавіць» там дату безумоўна прасцей, чым у Мінскай акрузе.

З гэтым звязаныя выпадкі, калі прапануюць зрабіць рэгістрацыю платна, каб можна было падавацца. Часам кліенты нават самі перапрапісваюцца, калі ёсць такая магчымасць», — расказала «Люстэрку» галоўная рэдактарка Visaflow.live Анастасія Лысакоўская.

«Цяпер у Мінску туга з запісамі»

Мінчанка Ксенія запісалася на візу ў Пінску на мінулым тыдні. Для гэтага давялося мяняць рэгістрацыю. Ксеніі пашанцавала: у гэтым горадзе ў яе жыве сваячка, таму паслугі «памочнікаў» па прапісцы ёй не спатрэбіліся.

«Я проста прыехала ў Пінск, і яна мяне прапісала ў сябе ў кватэры, — расказвае дзяўчына. — Усё было хутка: у пятніцу прыехала, мы з ёй схадзілі і ўсё зрабілі, а ўжо ў аўторак я атрымала пашпарт і запісалася на візу».

На свежую дату прапіскі, успамінае Ксенія, супрацоўнікі візавага цэнтра ўвагі не звярнулі. Галоўнае, каб яна адносілася да акругі, у якой хочаш атрымаць візу. А сваю матывацыю суразмоўніца тлумачыць проста:

«Цяпер у Мінску туга з запісамі, а ў мяне вучоба [у Польшчы], і трэба было хуценька нешта рабіць».

Перад тым як паехаць у іншы горад, Арцём каля месяца спрабаваў запісацца на візу па месцы жыхарства (мужчыну патрэбны працоўны шэнген). Але пасля няўдалых спробаў вырашыў памяняць стратэгію.

«У Гродне былі свабодныя слоты, якія віселі дастаткова доўга, таму я запісаўся туды, — расказвае мужчына. — Адразу пасля запісу патэлефанаваў па аб'явах на «Куфры» і дамовіўся аб прапісцы. На наступны дзень я ўжо быў у Гродне, прапіску зрабілі за паўгадзіны. Гэта было ў канцы жніўня. Мне ўсё абышлося ў 150 рублёў, плюс квіткі туды і назад».

Дакументы на візу мужчына падаў на гэтым тыдні. Расказвае, што анкету запаўняў сам, каб не «заахвочваць» пасярэднікаў.

«Нічога складанага ў гэтым няма, — лічыць Арцём. — Паглядзім, які будзе вынік».

У чатах у тэлеграме, у якіх абмяркоўваюць падачу на візы, тэма рэгістрацыі сустракаецца даволі часта. Многія пытаюцца, ці ёсць сэнс рабіць прапіску ў Гродне ці Брэсце, каб «злавіць» там дату на падачу. Ім адказваюць, што сэнс ёсць. Некаторыя дзеляцца сваімі паспяховымі прыкладамі. Менавіта такі быў у Івана.

«Учора зрабіў пінскую прапіску, сёння запісаўся, — расказаў ён 11 верасня. — Да гэтага на мінскі рэгіён два месяцы не мог злавіць дату».

У адказ на пытанні іншых карыстальнікаў мужчына ўдакладніў: рэгістрацыю рабіў праз знаёмых.

«А так ёсць людзі, якія прадаюць іх. На «Куфры» нават ёсць аб'явы», — падзяліўся ён.

Аб'явы з прапановамі зрабіць рэгістрацыю ў Брэсце. Скрыншот: kufar.by

Ашчадзіць час, але не грошы. Вось за колькі можна купіць рэгістрацыю

На «Куфры» «Люстэрка» знайшло каля дзясятка актуальных аб'яў з прапановамі зрабіць рэгістрацыю ў Гродне ці Брэсце і абласцях. У большасці пазначана, што цана «дагаварная». Суму, як правіла, агучваюць у перапісцы.

«[Для падачы на візу] прапіску раблю, на працягу дня [падпісваем] дамову [і потым] падача на рэгістрацыю, — адказалі па адноў з аб'яў. — Пашпарт забіраць праз адзін-тры дні, дакладна не памятаю. Кошт — 600 рублёў, потым трэба прапісацца назад [па сваім адрасе]».

Ёсць прапановы, у якіх кошт ужо пазначаны. Напрыклад, рэгістрацыю ў Гродне прапануюць за 70 рублёў, а ў Брэсце ўжо за 1500. У гэтай аб'яве адкрыта сказана, што яе аўтар гатовы рэгістраваць для падачы на візу. Ён нават можа запісаць вас у візавы цэнтр (але ўжо за асобную плату).

Павышаны попыт, мяркуючы па ўсім, уплывае і на кошт прапановы. Таму пазначаная цана не заўсёды супадае з той, якую па выніку агучваюць у перапісцы.

Напрыклад, аўтар адной з аб'яў пазначыў, што кошт рэгістрацыі — 99 рублёў. Але потым захацеў больш.

«Па [вашым] прыездзе ў Гродна я стаўлю штамп менш чым за дзве гадзіны, — напісаў прадавец і папярэдзіў, што «шмат ахвотных». — Сёння месца ёсць, а праз тры дні, пакуль вы наважыцеся, можа быць не актуальна. Рэгістрацыя — ад 250 даляраў». 

Каментары1

  • Мёртвая галава
    12.09.2024
    Пацучыныя бегі...

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне66

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне

Усе навіны →
Усе навіны

Крыху зменіцца парог сумы падарункаў, з якіх не трэба плаціць падатак2

На захадзе Мінска гарэў гандлёвы цэнтр

У Брэсце пачалі судзіць ужо 11-ю групу за «грубае парушэнне парадку» ў 2020 годзе

Сіноптыкі расказалі пра невялікае пацяпленне і прыход бабінага лета2

Мінімум чатыры шахеды заляцелі ў Беларусь за ноч і раніцу4

Бондарава выклікала на дзяцей міліцыю, але там не зразумелі, што не так6

У наступным годзе змяняць умовы працы маршрутак

Ці можа час ісці ў адваротным кірунку? Упершыню ў гісторыі даказана, што так5

У Беларусі з 1 студзеня вырасце падатак на першую кватэру2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне66

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне

Галоўнае
Усе навіны →