Грамадства55

«Сёлета 90% пойдуць у войска». Выпускнікоў вайсковых кафедраў масава прызываюць служыць

Выданню Devby.io паскардзіўся студэнт БДУІР: ён пайшоў вучыцца на вайсковую кафедру, бо меркаваў, што гэта гарантавана забяспечвае ад службы ў войску пасля заканчэння ВНУ. Але яго прыяцеля, які вучыўся на старэйшым курсе, «прызвалі як афіцэра — і адмовіцца было няможна». Devby.io кінуў кліч у пошуках падобных выпадкаў, і выявілася, што на гэта выпускнікі гэтага года наракаюць масава.

«Сёлета 90% пойдуць у войска». Выпускнікоў вайсковых кафедраў масава прызываюць служыць?

«Менеджар спрабаваў даказаць, што ім неабходны супрацоўнік. Склалі хадайніцтва — не спрацавала»

Аляксей (імёны герояў змененыя) — выпускнік БДУІР, які прайшоў два гады падрыхтоўкі на вайсковай кафедры і атрымаў званне лейтэнанта запасу.

«Але варта было толькі атрымаць дыплом, як пачаў тузаць ваенкамат. Спачатку казалі, што, можа, не спатрэблюся, але трэба было ўвесь час да іх ездзіць.

Затым у мяне адбылося сумоўе з прадстаўнікамі часці — і тыя безумоўна забралі на службу.

Наколькі я ведаю, з гэтага года выпуску забіраюць усіх. Ані магістратура, ані хадайніцтва з працы не дапамагаюць. 

Аляксей кажа, што медагляд будучыя афіцэры запасу з БДУІР праходзілі яшчэ ўвосень на чацвёртым курсе — «каб дакументы былі гатовыя да заканчэння ВНУ». І яшчэ да ўручэння дыплома ім раздалі першыя позвы ў ваенкамат.

«А там ужо пачалі «карміць» новымі — раз на пару тыдняў: прыехаць з дыпломам, падпісаць нешта, давезці дакументы нейкія і г. д. Потым раптам сумоўе з прадстаўнікамі часці, пра якую я ўжо згадваў. На ім на словах давялі: хто ў якой частцы, якія пасады і іншае».

Дарэчы, цікавы факт: позвы заўсёды слалі на працу, а не па адрасе пражывання. 

Малады чалавек адзначае, што менеджар з ягонай кампаніі размаўляў па тэлефоне з кімсьці з ваенкамата, «спрабаваў давесці, што ім неабходны такі супрацоўнік, як я». Затым кампанія склала хадайніцтва — але яно не спрацавала. Аляксей неўзабаве ідзе служыць. 

«Нам сказалі, што прызываюць 998 чалавек замест 100—300 звычайных»

Ян скончыў сёлета ФПМІ БДУ. На «ваенку» ён і яго аднакурснікі «ішлі, каб не ісці ў войска», шчыра прызнаецца юнак. А ў выніку амаль усю групу «прызвалі позвамі адразу пры канцы навучання». 

«Нам сказалі, што сёлета прызываюць 998 чалавек замест звычайных 100-300 — на службу афіцэраў запасу.

Кожны з нас з’явіўся ў ваенкамат, і там паведамілі, што ў нас амаль 100% шанцы пайсці служыць, бо прыярытэт — на гэты год выпуску. Выдалі вайсковы білет і позву на камісію. Там сабралася каля 20 чалавек розных спецыяльнасцяў і гадоў выпуску. Кагосьці разабралі мясцовыя часці, некаторым (і мне) далі позву на канец жніўня.

У выніку з другой спробы мяне абраў прадстаўнік часці. Як адбываецца выбар: па сутнасці, гэта анкетаванне, у анкеце ёсць у тым ліку пытанні пра жаданне служыць і месца службы, якое самому хацелася б. З маёй групы прызвалі 16 чалавек з 21, асноўныя месцы — Лепельскі раён, Печы і Мінск. Ёсць інфармацыя, што толькі ў Заслонава вясной прызвалі больш за 2 тысячы чалавек.

Яшчэ нам сказалі, што ні пашпарт РР (пашпарт грамадзяніна, які аформіў выезд на пастаяннае месца жыхарства за мяжу — заўв. рэд.), ні лісты з працы не паўплываюць ні на што — і ў нас так і выйшла. Мы бачылі спіс з умовамі адтэрміновак — у асноўным гэта хворыя бацькі (жонка, дзеці)». 

«Сёлета прызываюць амаль усіх выпускнікоў — 90% пойдуць у войска»

Арсень не захацеў расказваць пра сябе: кажа, адвучыўся ў ВНУ, прайшоў два гады падрыхтоўкі на вайсковай кафедры — «а цяпер пагражае войска».

Маладзён кажа, што «сёлета прызываюць амаль усіх выпускнікоў — 90% пойдуць у войска». Інфармацыя гэтая ад аднакласнікаў, сяброў і знаёмых, а іх у Арсеня шмат: у БДУ, БДУІР і БНТУ. 

«Каго позвай на дом выклікаюць, каго — з дапамогай смс-апавяшчэння. Але большасць атрымала позвы перад дыпломам, без гэтага не падпісваюць абхаднога ліста. І кожны візіт у ваенкамат заканчваецца новай позвай», — расказвае маладзён. 

Арсень таксама паспрабаваў варыянт з лістом ад працадаўцы — «не дапамагае». «Адзіны варыянт «адкасіць» — пашпарт PP, ну або сувязі», — мяркуе суразмоўца. 

«Лепш гарантавана пайсці на паўгода, чым мець рызыку быць прызваным на год»

Яўген ужо адслужыў 6 месяцаў тэрміновай службы. Ён скончыў БДУІР летам 2023 года і ў яго за спінай — год падрыхтоўкі на вайсковай кафедры, то-бок курс падрыхтоўкі малодшых камандзіраў. Чаму не два, ён тлумачыць так: 

«У БДУІР на пэўных спецыяльнасцях можна адвучыцца год на вайсковай кафедры і пайсці, скараціўшы сабе тэрміновую службу на паўгода.

Альбо пайсці на другі год кафедры і пасля заканчэння атрымаць афіцэрскае званне — адпаведна цябе не прызавуць як «салдата тэрміновай службы». Але могуць прызваць як афіцэра — з заробкам, але без права адмовіцца ад гэтай працы.

Раней па такой схеме многія не траплялі ў войска зусім, бо афіцэрамі прызывалі невялікую колькасць людзей. Але, як я разумею, у апошнія гады сітуацыя змянілася — і вось ужо два гады падрыхтоўкі на «ваенцы» не абараняюць ад прызыву, як раней.

Суразмоўца «палічыў, што лепш гарантавана пайсці на паўгода, чым мець рызыку быць прызваным на год, хай і на «працу». «У любым выпадку ж выпадаеш са звыклага жыцця», — дадае ён.

«Тым больш, што раней было так: тыя, каго прызвалі як афіцэра пасля двух гадоў вайсковай кафедры, праходзілі па іншай графе прыдатнасці па здароўі. То-бок шанцаў выявіцца «не прыдатным» да службы было менш, чым калі б цябе прызвалі на звычайную тэрміновую службу. А ў мяне на той момант яшчэ быў шанец не пайсці па стане здароўя — пакуль у 2023 годзе не змянілі патрабаванні да прыдатнасці.

У цэлым, гледзячы на аднагрупнікаў, якія скардзяцца, што пасля двух гадоў кафедры іх цяпер могуць прызваць яшчэ на год, я разумею, што зрабіў усё правільна. А цяпер прызываюць у тым ліку выпускнікоў тых спецыяльнасцяў, якіх раней «не чапалі». 

Яўген хацеў служыць у ІТ-роце — пасля сумоўя яму нават паабяцалі, што возьмуць адразу пасля курса маладога байца.

«Але ўжо пад канец курса мне паведамілі, што прызвалі занадта шмат праграмістаў і мяне не будуць разглядаць, бо я прыйшоў усяго толькі на паўгода, а ў іх у прыярытэце — тыя, хто на год. Вось такі пранк атрымаўся». 

Суразмоўца кажа, што «служыў, як і ўсе, але афіцэры лічылі, раз я праграміст, значыць «не дурань», — і замест звычайных нарадаў мне было можна даваць працу з дакументамі на камп’ютары». 

І ўсё ж Яўген адзначае, што прызыў пасля вайсковай кафедры — «гэта не тэрміновая служба, куды бяруць усіх прыдатных». 

«Ёсць шанец і не пайсці, бо ў іх пэўны план набору: то-бок збіраюць у ваенкамаце ўмоўна 20 афіцэраў і кажуць, што прызавуць 15 з іх. І потым гутараць з кожным, вырашаюць, у каго ёсць важкія прычыны не ісці ў войска, а каго можна забраць».

Ці маюць служыць выпускнікі вайсковых кафедраў?

Студэнты, якія прайшлі праграму падрыхтоўкі малодшых камандзіраў — г. зн. год на вайсковай кафедры, — могуць прызвацца ў добраахвотным парадку на вайсковую службу па кантракце тэрмінам на 2 гады альбо на тэрміновую вайсковую службу тэрмінам на 6 месяцаў на вайсковыя пасады ў адпаведнасці з атрыманай вайсковай уліковай спецыяльнасцю.

Студэнты, якія прайшлі праграму падрыхтоўкі афіцэраў запасу — г. зн. 2 гады на вайсковай кафедры, — могуць прызвацца на афіцэрскія вайсковыя пасады ў добраахвотным парадку альбо па прызыве тэрмінам на 1 год у адпаведнасці з атрыманай вайсковай уліковай спецыяльнасцю. На тэрміновую вайсковую службу яны не прызываюцца.

Каментары5

  • jacek
    09.09.2024
    Поц, сделать из тебя хатосрайника, короче

    з.ы. Подавляющее число из моих знакомых офицеров из вс рб уволилось в 2010х или после отработки 5 лет или даже не дожидаясь, поэтому я не удивлен, что остро не хваватает младших офицерою.
  • Служы, дурачок, палучыш значок
    10.09.2024
    Ідуць прыслужваць калгаснаму барыну, быццам бы і няма ў Беларусі нелегітымнага рэжыма і катка рэпрэсій. Але ж існуе 100500 варыянтаў, як не ўзяць позву ці "захварэць", ці проста пакласці боўт ім на рыла.
  • 2006
    10.09.2024
    Я заканчивал школу уже почти 20 лет назад и уже тогда чувствовал что пахнет керосином, никакие военки не имеют особого смысла как впрочем и само образование застрявшее в совке. О чем думает молодежь , неужели пропаганда работает ?

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»21

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»

Усе навіны →
Усе навіны

«Квадроберства ў Беларусі існуе даўно». Найлепшыя твіты тыдня8

Беларусы адпачылі ў Еўропе, патраціўшы па 200 еўра на чалавека за 12 дзён1

Туск хоча пастрожыць міграцыйную палітыку ў Польшчы, але актыўна прыцягваць працоўныя рэсурсы4

Тры маляўнічыя прысядзібныя паркі, якія варта наведаць увосень2

За апошнія два дні на беларускіх метэастанцыях зафіксавана 11 рэкордаў цяпла

Лукашэнка спадзяецца, што расіяне знойдуць яму нафту на Гомельшчыне8

У Грозным адбыўся магутны выбух3

«Яны мяне атруцяць». Выходзіць кніга з успамінамі Аляксея Навальнага1

Зяленскі падарыў Папу Рымскаму карціну, прысвечаную трагедыі ў Бучы1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»21

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»

Галоўнае
Усе навіны →