Кіно11

Джордж Марцін раскрытыкаваў другі сезон «Дома Цмока». Яго абурыла адна дэталь

Шоўранерам давялося апраўдвацца перад аўтарам за свае памылкі ў гісторыі Вестэроса.

Джордж Марцін застаўся незадаволеным тым, што шоўранеры выкінулі з серыяла персанажа, без якога гісторыя губляе сэнс.

Некалькі дзён таму ў сваім блогу Not a Blog амерыканскі пісьменнік Джордж Марцін, аўтар серыі раманаў «Песня лёду і агню», якія ляглі ў аснову папулярных серыялаў «Гульня тронаў» і «Дом Цмока», апублікаваў допіс, у якім заявіў, што ён мусіць напісаць, што пайшло не так з апошнім серыялам.

Нарэшце 4 верасня пісьменнік апублікаваў у блогу вялікі тэкст з крытыкай другога сезона «Дома Цмока». Але правісеў ён нядоўга. Праз невядомую прычыну допіс быў выдалены ўсяго праз некалькі гадзін. Фанаты, вядома, паспелі захаваць тэкст і апублікаваць яго на іншых платформах.

Хэлейна выбірае каго з яе дзяцей заб'юць. Кадр з серыяла.

Чытайце таксама: Другі сезон «Дома Цмока» падмануў чаканні

Што ж не спадабалася старычыне Марціну ў экранізацыі сваёй гісторыі пра грамадзянскую вайну паміж прадстаўнікамі дынастыі Таргарыенаў за ўладу над Вестэросам?

Марцін адзначыў, што самі серыі былі выдатнымі: добра напісаныя, добра знятыя, моцна сыграныя. Але адзін эпізод выклікаў у гісторыі «эфект матыля», як у вядомым апавяданні Рэя Брэдберы, і Марцін не ўяўляе, як шоўранеры змогуць выйсці з гэтай сітуацыі.

Прычынай крытыкі стаў эпізод, дзе найміты Кроў і Сыр урываюцца ў пакоі каралевы Хэлейны, каб спагнаць з яе крывавы доўг за смерць прынца Люцэрыса, «вока за вока». Ёй прапануюць выбраць праміж 6-гадовымі двайнятамі Джэйхейрысам і Джэйхейрай. Хэлейна паказвае на дачку, але забойцы жорстка распраўляюцца ў яе на вачах з яе сынам і спадчыннікам караля Эйгана II.

Пахаванне Джэйхейрыса. Кадр з серыяла.

Вось толькі па кнізе ў пары было трое дзяцей і выбіраць Хэлейну прымусілі паміж 2-гадовым Мэйларам і старэйшым Джэйхейрысам. У серыяле Мэйлара не існуе ўвогуле. Як адзначае Марцін, маленькі прынц аказвае ўплыў на ход далейшых падзей сюжэту, непрапарцыйны свайму ўзросту. На яго гісторыі завязаны жыцці галоўных персанажаў і вырашэнне ўсяго міжусобнага канфлікту Таргарыенаў.

Націсніце, калі хочаце прачытаць спойлер

У наступных сезонах, а ўсяго іх будзе чатыры, «чорная» каралева Рэйніра мусіць захапіць Каралеўскую Гавань. «Зялёная» каралева Алісэнта паклапоціцца, каб яе ўнучка Джэйхейра трапіла да Баратэонаў, а Мэйлара пераправілі да яе сваякоў Хайтаўэраў. Але па дарозе здарыцца жудасная трагедыя — прывабленыя абяцанай узнагародай натоўп разарве на кавалкі малалетняга Мэйлара. Навіна пра гэта стане прычынай самагубства ягонай маці Хэлейны.

«Каралеву Хэлейну, мілую і ласкавую, вельмі любілі ў народзе — у адрозненне ад Рэйніры. Так што калі прайшла чутка, што Хэлейна не наклала на сябе рукі, а была забітая па загадзе Рэйніры, гараджане лёгка паверылі ёй», — піша Марцін.

Узняты гараджанамі крывавы бунт стане канцом улады Рэйніры над горадам. Каралева, вымушаная бегчы на Цмокаў Камень, знойдзе там сваю смерць.

Дзівачка Хэлейна, жонка свайго брата Эйгана II, хутка сталее, калі становіцца сведкай жудаснай расправы над уласным малалетнім дзіцем. Кадр з серыяла

Прычынай адыходу ад кнігі стала эканомія грошай. Стваральнікі серыяла ўжо даўно маюць праблемы з бюджэтам, таму эканоміць імкнуліся ўсюды, дзе маглі. Але пасля страты Мэйлара значная частка далейшай гісторыі губляе сэнс. У трэцім і чацвёртым сезоне фанатаў, відаць, чакае яшчэ большае разыходжанне з кніжным арыгіналам.

Рэакцыя HBO на крытыку ад пісьменніка не прымусіла сябе чакаць:

«Цяжка знайсці большых фанатаў Джорджа Р. Р. Марціна і яго кнігі «Полымя і кроў», чым прадзюсарскі і творчы калектыў «Дома Цмока» і мы ў HBO.

Пры адаптацыі кнігі для тэлеэкранаў з іх асаблівасцямі і абмежаваннямі шоўранеры вымушаны прымаць цяжкія рашэнні наконт персанажаў і іх сюжэтных ліній.

Мы лічым, што Раян Кэндал і яго каманда прарабілі цудоўную працу, і мільёны фанатаў серыяла, сабраных ім за першыя два сезоны, працягнуць захоплена глядзець яго», — адказалі ў кампаніі на крытыку. 

Амаль адначасова з публікацыяй паведамлення Марціна афіцыйны падкаст серыяла выліўся незапланаваным выпускам з Раянам Кэндалам, дзе той паразважаў пра тонкасці пры адаптацыі тэксту пад экранізацыю і прызнаўся ў вялікай любові да Джорджа Марціна.

Ён заявіў, што гледачы самі зразумеюць, чаму мэйстры ўнутры свету запісалі хроніку менавіта так, і што важнасць адрозніваць павагу да арыгіналу і пакланенне перад ім.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Буранароджаная
    07.09.2024
    Дзеду проста грошай не дадалі, вось ён і крытыкуе.

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі2

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі

Усе навіны →
Усе навіны

Зборная Літвы па пляжным футболе адмовілася гуляць з беларусамі19

У Гомелі за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі загадчыка канцылярыі Гомельскай епархіі1

Гэта прыкра, але хутка зноў пахаладае4

Жанчына тры гады атрымлівала пенсію за памерлага мужа — на яе завялі крымінальную справу4

Віктар Ганчарэнка ўзначаліць расійскі «Ніжні Ноўгарад». Якім будзе яго заробак?4

Беспілотнікі нанеслі ўдар па складзе боепрыпасаў у Карачаве Бранскай вобласці Расіі2

У расійскім Тальяці 13-гадовая дзяўчынка зарэзала малалетніх сясцёр17

Палесцінскія журналісткі атрымалі прэмію ў гадавіну нападу на Ізраіль. Алексіевіч падтрымала іх58

«Нас адкінулі ў сакавік 2022 года». Z-блогеры ў шаленстве ад блакіроўкі Discord5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі2

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі

Галоўнае
Усе навіны →