Спорт

Міністр спорту Кавальчук панаракаў, што без беларусаў і расіян у сусветным спорце знікла канкурэнцыя. Але гэта казкі для недасведчаных

Міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук выступіў на міжнародным антыдопінгавым форуме «Чысты спорт без межаў» (праходзіць у Мінску з удзелам выключна «дружалюбных» краін), на якім рэзка раскрытыкаваў адхіленне беларускіх і расійскіх спартсменаў ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах у некаторых відах спорту. На думку Кавальчука, гэта прывяло да поўнага заняпаду міжнароднай канкурэнцыі, але пры спробе гэта аргументаваць канкрэтнымі прыкладамі не абышлося без яўных маніпуляцый.

Сяргей Кавальчук. Фота: Мінспорту

У якасці прыкладу Кавальчук чамусьці вырашыў абраць лыжныя гонкі, назваўшы Кубак свету па іх без беларускіх і расійскіх спартсменаў чэмпіянатамі Нарвегіі і Швецыі.

Прыклад для нібыта беларускага міністра сам па сабе дзіўны, паколькі беларусы акурат у гэтым відзе спорту ніколі ў гісторыі выступленняў асобнай камандай асаблівых зорак з неба не хапалі. Але ў той жа час лыжныя каманды з Расіі, як жаночая, так і мужчынская, па словах Кавальчука, з'яўляюцца аднымі з наймацнейшых у свеце, і без іх, маўляў, усё ўжо не тое, канкурэнцыя на міжнароднай арэне адчувальна знізілася.

«Хто сёння можа скласці канкурэнцыю ў мужчынскіх лыжных гонках нарвежскім спартсменам? Ніхто. Хто сёння можа скласці канкурэнцыю шведскім спартсменкам? Ніхто. Кубак свету па лыжных гонках у мужчын ператварыўся ў чэмпіянат Нарвегіі, а ў жанчын у чэмпіянат Швецыі», — канстатаваў Кавальчук.

Але гэта казкі для тых, хто ўвогуле не ў тэме. Калі казаць пра цяперашняе дамінаванне нарвежцаў і шведак у лыжных гонках, то нібыта так і ёсць, як кажа Кавальчук. Напрыклад, на апошнім чэмпіянаце свету ў 2023 годзе ў славенскай Планіцы, які праходзіў без расіян і беларусаў, нарвежскія лыжнікі заваявалі ўсе 6 залатых медалёў, якія на ім разыгрываліся, узяўшы таксама 4 срэбраныя і 2 бронзавыя. Шведкі, у сваю чаргу, здабылі ў жаночых спаборніцтвам 4 золата, 3 срэбра і 4 бронзы. 

Але ці выклікана такое дамінаванне выключна вынікам адхілення расіян? Не, тут лукашэнкаўскі міністр нахабна хлусіць. Каб гэта зразумець, не трэба праводзіць грунтоўных даследаванняў, дастаткова толькі паглядзець на вынікі папярэдніх чэмпіянатаў свету, якія праводзяцца ў лыжных гонках раз на два гады. 

У даваенным 2021 годзе расіяне яшчэ ад спаборніцтваў не былі адхіленыя, хоць і выступалі не пад нацыянальным сцягам, а пад сцягам Алімпійскага камітэта Расіі. Але пры гэтым агульныя вынікі таго чэмпіянату не нашмат адрозніваліся ад тых, якія былі ў 2023-м без расіян.

На тых спаборніцтвах у нямецкім Оберстдорфе нарвежскія лыжнікі здабылі хай не ўсе 6, але 5 залатых медалёў, дадаўшы да іх 3 срэбра і 4 бронзы.

Расійскі ж улоў быў усяго чатыры медалі (1+2+1), ды і тое дзякуючы фактычна аднаму спартсмену Аляксандру Бальшунову, які ўзяў дзве ўзнагароды індывідуальна, а яшчэ да дзвюх спрычыніўся. Што да жаночых спаборніцтваў, то там 4 золата было ў нарвежак, 2 — у шведак, а ў расіянак — усяго 1 (адзін) срэбраны медаль у эстафеце. 

Тое ж было ў 2019 годзе ў аўстрыйскім Зефельдзе, дзе Расія выступала паўнавартасна, нават пад нацыянальным сцягам. Усе 6 залатых мужчынскіх медалёў там былі нарвежскія, а ў жаночых спаборніцтвах тыя ж 4 золата здабылі нарвежкі і тыя ж 2 — шведкі.

Расійская здабыча ў мужчынскіх спаборніцтвах была там 5 срэбраных медалёў і 1 бронзавы. Прытым зноў такі гэты вынік быў дасягнуты перадусім намаганнямі таго ж Аляксандра Бальшунова, які, дарэчы, падтрымаў вайну ва Украіне публічна, то-бок у ягоным персанальным выпадку гаворкі пра «спорт па-за палітыкай» не вядзецца гаворкі нават тэарэтычна. Расіянкі ж на тым чэмпіянаце задаволіліся ўсяго дзвюма бронзамі.

Падобная карціна, хай і з пэўнымі нюансамі, была і на сусветных першынствах 2013, 2015, 2017 гадоў. Дамінаванне перадусім нарвежскіх спартсменаў у лыжных гонках, такім чынам, склалася не сёння, і тлумачыць яго выключна ці перадусім адхіленнем ад спаборніцтваў расіян, не кажучы пра беларусаў — вялікая і цынічная, бо цалкам свядомая, маніпуляцыя.

Часы расійскага дамінавання ў лыжных гонках сапраўды калісьці былі, але яны даўно прамінулі. Прытым страта ранейшых пазіцый, што таксама немалаважна, суправаджалася гучнымі допінгавымі скандаламі. Відавочны ўдзел у гэтым расійскай дзяржавы стаў прычынай таго, чаму спартсменаў з Расіі сталі абмяжоўваць яшчэ да развязвання вайны з Украінай. Але гэта ўжо іншая гісторыя. 

Каментары

Сілавікі ўзяліся за карыстальнікаў твітара — дзясяткі акаўнтаў звычайных беларусаў сталі «экстрэмісцкімі»2

Сілавікі ўзяліся за карыстальнікаў твітара — дзясяткі акаўнтаў звычайных беларусаў сталі «экстрэмісцкімі»

Усе навіны →
Усе навіны

Серыяльныя забойцы: справу братоў Менэндэс 35-гадовай даўніны разгледзяць зноў з-за серыяла Netflix4

«Вырашыш уцячы — паламаю ногі». Былы палітвязень расказаў аб працы на хіміі па 18 гадзін на дзень4

Памочнікі Палесціны сталі фаварытамі Нобелеўскай прэміі міру. Як так атрымалася?6

Помнік Францыску Скарыну ў Калінінградзе перанеслі на іншае месца4

У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга на возеры перакулілася судна. Ахвяр можа быць сотні3

Ракетным ударам украінцы знішчылі каля Данецка шасцярых афіцэраў з КНДР — Kyiv Post3

У Мазыры палаў будынак былой павятовай бальніцы пачатку XX стагоддзя4

Лукашэнка просіць выратаваць яго ад Пуціна — меркаванне Чалага35

«Для мяне гэты занятак — не каб пакласці паштоўку ці фотку ў шуфляду». Як і для чаго краязнаўца набывае старыя фатаграфіі з Беларусі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі ўзяліся за карыстальнікаў твітара — дзясяткі акаўнтаў звычайных беларусаў сталі «экстрэмісцкімі»2

Сілавікі ўзяліся за карыстальнікаў твітара — дзясяткі акаўнтаў звычайных беларусаў сталі «экстрэмісцкімі»

Галоўнае
Усе навіны →