Грамадства2929

Хто ўзначаліць Беларусь пасля Лукашэнкі? Вынікі вялікага апытання

Сёлета Аляксандру Лукашэнку спаўняецца 70 гадоў. Не глыбокая старасць, але ўзрост больш чым сталы. Нядаўна ён заклікаў беларусаў рыхтавацца да новага прэзідэнта, унесены законапраект аб гарантыях былому прэзідэнту. Гэтыя заявы і крокі насамрэч ня сведчаць пра тое, што ён забіраецца сыходзіць з пасады, а тым больш — ад улады. Але пра будучыню, у тым ліку і будучыню пасля яго, Аляксандр Лукашэнка відавочна задумваецца. І не ён адзін. Беларуская служба «Радыё Свабода» папрасіла падумаць над гэтым дзясяткі экспертаў — палітолагаў, палітычных аналітыкаў, журналістаў.

Апытаньне праводзілася 1—10 жніўня 2024 году мэтадам анкетаваньня. У ім узялі ўдзел 43 экспэрты — грамадзяне Беларусі, ЗША, Канады, Літвы, Польшчы, Расеі і Ўкраіны.

Сцэнары зьмены ўлады ў Беларусі

Як могуць адбыцца зьмены ў Беларусі? Разьмеркаваньне адказаў экспэртаў на гэтае пытаньне — на наступным графіку.

*Экспэртаў прасілі пазначыць толькі адзін, найбольш імаверны сцэнар, аднак некаторыя пазначалі некалькі, таму сумма адказаў больш за колькасьць рэспандэнтаў.

З графіку бачна, што крыху больш за палову экспэртаў лічаць самым імаверным, рэалістычным варыянтам зьмены ўлады ў Беларусі сьмерць Аляксандра Лукашэнкі.

З гэтых адказаў не вынікае, што тыя, хто даў такі адказ, адмаўляюць магчымасьць іншых шляхоў зьмены ўлады ў краіне. Гледзячы па ўсім, яны проста лічаць іншыя варыянты менш імавернымі ці менш пэўнымі ў сэнсе наступстваў.

Сьмерць Аляксандра Лукашэнкі паводле вызначэньня будзе азначаць зьмену ўлады, прынамсі пэрсанальную — памёршы, ён займаць цяперашнюю пасаду дакладна ня зможа. Тыя, хто выбраў такі варыянт адказу, не тлумачылі, якіх зьменаў ва ўладзе, акрамя пэрсанальных, яны чакаюць пасьля сьмерці цяперашняга кіраўніка.

Пры гэтым прыкладна кожны чацьвёрты экспэрт пазначыў у якасьці найбольш імавернага сцэнару рэформу палітычнай сыстэмы, ініцыяваную Аляксандрам Лукашэнкам. Гэты адказ быў не абавязкова зьвязаны са станоўчым стаўленьнем экспэрта. Яго давалі і адмыслоўцы, якія ня маюць да Лукашэнкі цёплых пачуцьцяў.

Справа ў тым, што рэформы бываюць розныя. Правядзеньне канкурэнтных свабодных выбараў кіраўніка дзяржавы, хай нават у іх возьме ўдзел і сумленна пераможа на іх Аляксандар Лукашэнка, безумоўна, будзе рэформай. Але і пакіданьне пасады прэзыдэнта, няўдзел у выбарах налета з захаваньнем за сабой пасады старшыні Ўсебеларускага народнага сходу і рэальнай улады ў дзяржаве таксама можа разглядацца як рэформа. Напэўна, розныя экспэрты, якія палічылі гэты варыянт зьмены ўлады найбольш імаверным, мелі на ўвазе розныя варыянты рэформы.

Іншыя варыянты — як сілавыя (палацавы пераварот і паход узброеных праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі з-за мяжы), гэтак і мірныя (добраахвотны сыход Лукашэнкі) — набралі вобмаль галасоў.

Паказальна, што ніводзін не пазначыў у якасьці імавернага шляху зьмены ўлады ані рэвалюцыю, ані замежнае ўварваньне з Захаду ці Ўсходу.

У грамадзкіх дыскусіях у Беларусі раз-пораз выказваецца думка, што пратэсты 2020 году не прайгралі. Аднак, як бачым, паўтарэньня нечага падобнага ў агляднай будучыні не палічыў імаверным ніхто з апытаных экспэртаў.

Даволі шмат экспэртаў — прыкладна кожны шосты — прапанавалі свае варыянты адказу, не прадугледжаныя ў васьмі прапанаваных. Ніжэй мы прыводзім апісаньні экспэртамі сваіх варыянтаў адказу на пытаньне.

• «Калі пад «зьменай улады» разумець зьмену палітычнай сыстэмы, то найбольш рэалістычным падаецца наступны сцэнар: дэзынтэграцыя пуцінскай улады (напр. на фоне ваенных праблемаў) — хістаньні ўнутры лукашэнкаўскай сыстэмы — чарговы грамадзянскі ўздым у Беларусі — перамовы паміж прадстаўнікамі рэжыму і апазыцыяй — трансфармацыя».

• «Заканчэньне (замарожваньне) вайны ва Ўкраіне і стабілізацыя (нармалізацыя) стасункаў Расеі і Захаду. Калі такое, натуральна, адбудзецца да сьмерці Лукашэнкі».

• «Транзыт улады пры жыцьці Лукашэнкі».

• «Захаваньне status quo на няпэўны тэрмін».

• «Зьмена лідэра ў Расеі з наступным узаемным прыстасаваньнем Менску і Масквы да новай рэальнасьці».

• «Перамога Ўкраіны і сыход Лукашэнкі як вынік пераменаў».

Некаторыя экспэрты выбіралі камбінацыю варыянтаў, прапанаваных у анкеце. Часам тлумачылі свой выбар.

• Зьмена ўлады на ўмовах, накінутых Аляксандрам Лукашэнкам (рэформа палітычнай сыстэмы, выбар пераемніка ці нешта яшчэ).

• Рэформа палітычнай сыстэмы, ініцыяваная Аляксандрам Лукашэнкам за 5 хвілін да сьмерці.

• Рэформа палітычнай сыстэмы, ініцыяваная Аляксандрам Лукашэнкам, якая будзе суправаджацца паступовым ці імклівым палацавым/унутрыэлітным пераваротам (case Казахстану).

• Добраахвотная адмова Аляксандра Лукашэнкі ад улады і рэформа палітычнай сыстэмы, ініцыяваная ім. Пакідаю гэтыя два варыянты, бо бачу іх як адзіны крок: адмова ад улады пасьля ініцыяванай ім жа палітычнай рэформы.

• Уцягваньне рэжыму Лукашэнкі наўпрост у вайну супраць Украіны, усьлед за чым стане магчымай ваенная апэрацыя ўзброенай апазыцыі з-за мяжы ў Беларусі.

Пасьля Лукашэнкі: новая ўлада «паводле тастамэнту»

Экспэртам у нашым апытаньні таксама прапаноўваліся два пытаньні пра гіпатэтычную сытуацыю раптоўнага адыходу ад улады Аляксандра Лукашэнкі — хто тады ўзначаліць краіну? Прапаноўвалася два сцэнары — калі Лукашэнка перад сыходам прызначае пераемніка і калі ён раптоўна сыходзіць, ня маючы магчымасьці прызначыць спадкаемца.

На першы погляд пытаньні нагадваюць гаданьне на гушчы ад кавы. Аднак насамрэч яны — пра экспэртную ацэнку палітычнай вагі, моцы пэрсанажаў беларускай палітычнай эліты.

*Экспэртаў прасілі назваць толькі адну асобу, аднак некаторыя назвалі некалькі, таму сума адказаў больш за колькасьць рэспандэнтаў

На думку экспэртаў, бясспрэчны лідэр «спадкаемцаў паводле тастамэнту» — Віктар Лукашэнка. Хоць сам Аляксандар Лукашэнка неаднаразова казаў, што ўладу сынам не перадасьць, амаль кожны другі экспэрт лічыць, што калі некаму і перадасьць, то менавіта старэйшаму сыну.

За ім зь вялікім адставаньнем — фактычна тройка з прыкладна роўнай колькасьцю галасоў: кіраўніца Савету Рэспублікі Натальля Качанава, прэм’ер Раман Галоўчанка і кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітры Круты. Гэтая тройка — самыя высокапастаўленыя чыноўнікі ў дзяржаве. Магчыма, экспэрты, называючы іх, зыходзілі менавіта зь іх афіцыйнага статусу, а ня зь ведаў пра асабістыя перавагі Аляксандра Лукашэнкі.

Усе іншыя прыгаданыя экспэртамі кандыдаты набралі па адным голасе. Толькі адзін экспэрт назваў самым імаверным спадкаемцам Мікалая Лукашэнку, а адзін жартаўнік — любімага Лукашэнкавага сабаку Умку.

Варта заўважыць, што Віктара Лукашэнку назвала хоць і бясспрэчная большасьць, але толькі адносная. Адзін з экспэртаў патлумачыў, чаму ня выбраў яго:

«Калі сьмерць наблізіцца да яго раней, чым Лукашэнка плянуе (а ў ягоных плянах — дажыць і дакіраваць да 35-годзьдзя Мікалая, калі паводле дзейнай Канстытуцыі любімы сын зможа быць абраны прэзыдэнтам), то магчымая «часовая арэнда» прэзыдэнцкага фатэля Віктарам Лукашэнкам. Аднак узровень недаверу бацькі старэйшаму сыну настолькі высокі, што такі варыянт малаімаверны».

Пасьля Лукашэнкі: новая ўлада «па законе» ці «па факце»

У наступным графіку прыводзяцца адказы на пытаньне, хто найбольш імаверна стаў бы на чале Беларусі, калі б Аляксандар Лукашэнка сышоў ад улады, не назваўшы пераемніка.

*Экспэртаў прасілі назваць толькі адну асобу, аднак некаторыя назвалі некалькі, таму сума адказаў больш за колькасьць рэспандэнтаў

Як бачым, адказы на гэтае пытаньне істотна адрозьніваюцца ад адказаў пра гіпатэтычных «прызначаных спадкаемцаў». Перш чым тлумачыць гэтыя адрозьненьні, зробім невялічкія юрыдычнае і сацыялягічнае адступленьні.

Паводле рэдакцыі Канстытуцыі, прынятай на рэфэрэндуме 28 лютага 2022 году, у выпадку, калі дзейны прэзыдэнт Беларусі няздольны выконваць свае абавязкі, часовым выканаўцам ягоных абавязкаў робіцца старшыня Савету Рэспублікі. У выпадку гібелі прэзыдэнта ягоныя паўнамоцтвы пераходзяць часова да Рады бясьпекі, старшынюе ў якой ізноў жа старшыня Савету Рэспублікі. Цяпер гэта Натальля Качанава.

Паводле ранейшай рэдакцыі Канстытуцыі часовым пераемнікам прэзыдэнта, які стаў недзеяздольным, быў прэм’ер-міністар. І да рэфэрэндуму, і цяпер гэтую пасаду займаў і займае Раман Галоўчанка.

Аднак пытаньне апошняга графіку — не пытаньне на веданьне Канстытуцыі. У ім адмыслова не пазначаліся часавыя рамкі. Досьвед многіх аўтарытарных і таталітарных рэжымаў сьведчыць, што пэрсона, якая прыходзіць да ўлады адразу пасьля сыходу ўладара, не абавязкова доўга ўтрымліваецца на пасадзе.

Пасьля сьмерці Ёсіфа Сталіна ягоным пераемнікам стаў Георгі Малянкоў. Але неўзабаве, у выніку ўнутрыапаратнай барацьбы, фактычным лідэрам СССР, а праз пэўны час і фармальным, стаў Мікіта Хрушчоў. Гэтак жа адразу пасьля сьмерці Мао Цзэдуна Кітай спачатку ўзначаліў Хуа Гофэн, але ў адносна хуткім часе, у выніку жорсткай палітычнай барацьбы, фактычным кіраўніком КНР стаў Дэн Сяопін.

Так што фармальны адказ на пытаньне апошняга графіку — Натальля Качанава. Такі адказ далі толькі крыху больш за чвэрць экспэртаў. Качанава набрала больш за ўсіх астатніх, але не нашмат. На другім месцы апынуўся Раман Галоўчанка.

Мы адмыслова пыталіся ў экспэртаў, якія назвалі яго, ці ведаюць яны, што паводле зьменаў у Канстытуцыю, зробленых па выніках рэфэрэндуму 2022 году, прэм’ер ужо не зьяўляецца пераемнікам паводле закону. 9 экспэртаў адказалі, што ведаюць, і што, назваўшы Галоўчанку, мелі на ўвазе, што ён узначаліць краіну ў выніку палітычнай барацьбы.

Вось некаторыя тлумачэньні экспэртамі іх выбару:

• «Галоўчанку зацьвердзіць Масква. Качанаву папросяць адмовіцца ад пасады».

 «Я ня думаю, што ў выпадку крызісу Качанавай дадуць кіраваць краінай. Я таксама ня думаю, што рознага роду «фармальнасьці» будуць уплываць на тое, хто атрымае ўладу. Паколькі ў краіне ніхто не абапіраецца на закон, а закон падганяюць пад патрэбы, то любому рашэньню знойдуць (прыдумаюць) абгрунтаваньне».

• «Фармальна Качанава, але хто яна без Лукашэнкі? Зьбярэ праз тыдзень пасяджэньне чаго заўгодна і саступіць месца Галоўчанку, як чалавеку з больш сур’ёзнай базай. Усё ж ня Швэцыя якая, каб паперкамі замарочвацца».

Пераемнікам «па факце» бачаць Віктара Лукашэнку толькі 4 экспэрты, іх амаль у 5 разоў менш, чым тых, хто разглядае яго як імавернага «прызначанага спадкаемцу». Столькі ж набраў і Дзьмітры Круты, у якога рэйтынгі і прызначанага, і фактычнага пераемніка практычна супалі.

Некалькі экспэртаў назвалі Аляксандра Вальфовіча, дзяржсакратара Рады бясьпекі. Дарэчы, ён нарадзіўся не ў Беларусі і таму паводле Канстытуцыі прэзыдэнтам краіны быць ня можа. Але ніадкуль не вынікае, што наступным фактычным лідэрам будзе менавіта асоба, якая займае пасаду прэзыдэнта.

Тры экспэрты далі непэрсаналізаваны адказ — стаўленік Крамля. Вось іх тлумачэньні.

• «Калі ня будзе запушчаны сцэнар гвалтоўнай сьмерці, рашэньне аб «пераемніку» будзе прымацца не ў Беларусі, а ў Крамлі: ім можа быць найбольш ляяльны і залежны ад Крамля чалавек з прадстаўнікоў палітычных элітаў Беларусі».

• «Чалавек, прызначаны Масквой. Хутчэй, бюракрат ці сілавік высокага ўзроўню. Імя назваць не магу. Яго задачай будзе падрыхтоўка «ўзьяднаньня» з Расеяй. Калі анэксія адбудзецца, то кіраўніком Беларускай фэдэральнай акругі стане грамадзянін РФ».

• «Хутчэй за ўсё, гэта быў бы стаўленік Расеі. Або, што менш імаверна, на пэўны час узьнікне калектыўнае кіраўніцтва, пакуль ня вызначыцца вядучая фігура ў новай канструкцыі беларускай улады».

Па адным голасе атрымалі Павал Латушка і камандзір палку Каліноўскага. Гэта сьведчаньне таго, што кардынальных палітычных зьменаў, прыходу да ўлады апазыцыі, экспэрты ў выпадку сыходу Лукашэнкі не прадбачаць. Прынамсі ў агляднай будучыні.

Лацінская прымаўка кажа: Голас народу — голас Бога. Пра такое ж значэньне голасу экспэртаў рымляне не выказваліся. Так што вынікі апытаньня, прадстаўленыя вашай увазе, ня варта разглядаць як дакладны прагноз будучыні Беларусі. Тым ня менш можна спадзявацца, што яны паспрыяюць лепшаму разуменьню таго, што чакае краіну.

Хто ўдзельнічаў у апытаньні «Радыё Свабода»

Апытаньне праводзілася 1—10 жніўня 2024 году мэтадам анкетаваньня. Адказаць было прапанавана 60 экспэртам, узялі ўдзел у апытаньні 43 экспэрты — грамадзяне Беларусі, ЗША, Канады, Літвы, Польшчы, Расеі і Ўкраіны.

  • Рыгор Астапеня, доктар паліталёгіі, кіраўнік праекту «Беларуская ініцыятыва» Chatham House
  • Дзьмітры Балкунец, палітычны камэнтатар, грамадзкі дзяяч
  • Філіп Біканаў, сацыёляг, удзельнік праекту «Беларускі трэкер пераменаў»
  • Андрэй Вардамацкі, доктар сацыялёгіі, кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні
  • Павал Вусаў, доктар паліталёгіі, дырэктар Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу
  • Алена Гапава, прафэсарка катэдры сацыялёгіі Ўнівэрсытэту Заходняга Мічыгану
  • Вадзім Дубноў, аглядальнік праекту «Радыё Свабода» «Эхо Кавказа»
  • Грыгоры Ёфэ, былы прафэсар Рэдфардзкага ўнівэрсытэту
  • Станіслаў Івашкевіч, заснавальнік і кіраўнік Беларускага расьсьледніцкага цэнтру
  • Улад Кобец, дырэктар міжнароднай ініцыятывы iSANS
  • Валер Кавалеўскі, кіраўнік Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва, былы прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў міжнародных справах
  • Андрэй Казакевіч, доктар паліталёгіі, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра»
  • Аляксандар Класкоўскі, палітычны аглядальнік праекту «Позірк»
  • Каміль Клысіньскі, палітоляг, аналітык польскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў
  • Генадзь Коршунаў, сацыёляг, старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў
  • Яўген Крыжаноўскі, доктар паліталёгіі, дасьледчык з Страсбурскага ўнівэрсытэту
  • Андрэй Лаўрухін, палітоляг, дырэктар па дасьледаваньнях Інстытуту разьвіцьця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Ўсходняй Эўропы
  • Вольга Лойка, рэдактарка выданьня «План Б»
  • Зьміцер Лукашук, рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі»
  • Яўген Магда, палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі
  • Вадзім Мажэйка, доктар культуралёгіі, палітычны аналітык і кансультант, каардынатар экспэртнай сеткі «Нашае меркаваньне»
  • Дэвід Марплз, гісторык, прафэсар гісторыі ў канадзкім Унівэрсытэце Альбэрты
  • Аляксандар Марозаў, палітоляг, выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе
  • Павал Мацукевіч, старшы аналітык Цэнтру новых ідэяў, былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Швайцарыі
  • Аркадзь Мошэс, палітоляг, дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў
  • Сяргей Мядзьведзеў, выкладчык філязофскага факультэту Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе, вядучы праграмы «Археология» расейскай службы Радыё Свабода
  • Сяргей Навумчык, публіцыст, грамадзкі дзяяч
  • Міхал Патоцкі, палітычны аглядальнік, журналіст польскага выданьня Dziennik Gazeta Prawna
  • Аляксандар Пашкевіч, гісторык, сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі
  • Віталь Портнікаў, украінскі журналіст і палітычны аналітык
  • Анастасія Роўда, галоўная рэдактарка «Нашай Нівы», вядоўца Youtube-каналу TOK_TALK
  • Пётра Рудкоўскі, філёзаф, палітычны аналітык
  • Леся Руднік, паліталягіня, дырэктарка Цэнтру новых ідэяў
  • Максім Самарукаў, палітоляг, навуковы супрацоўнік Бэрлінскага цэнтру Карнэгі па вывучэньні Расеі і Эўразіі
  • Яўгенія Сугак, журналістка, аўтарка грамадзка-палітычных Youtube-праектаў «Мне тоже не нравится» i «Часики тикают»
  • Роза Турарбекава, паліталягіня
  • Аляксандар Фрыдман, гісторык, палітычны аналітык
  • Уладзімір Фясенка, украінскі палітоляг, кіраўнік Цэнтру палітычных дасьледаваньняў «Пэнта»
  • Тацяна Чуліцкая, паліталягіня, дасьледчыца Гарадзкога ўнівэрсытэту Манчэстэру
  • Арцём Шрайбман, палітычны аналітык, кіраўнік дасьледчага цэнтру Sense Analytics
  • Руслан Шошын, журналіст польскай газэты «Rzeczpospolita»
  • Вітальд Юраш, журналіст парталу Onet.pl, былы часовы павераны Польшчы ў Беларусі
  • Віціс Юрконіс, палітоляг, кіраўнік літоўскага аддзяленьня міжнароднай арганізацыі Freedom House

Каментары29

  • ШОС
    29.08.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Янка
    29.08.2024
    Жыве Вечна Беларусь
  • Welcome to hell
    29.08.2024
    Маньяк лукашенко будзе у́ пекле чан вазіць на тачцы, а чорты паганяць яно будуць...

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем3

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі казаў пра бяспеку, а Трамп — пра неадкладнае спыненне агню. Дэталі сустрэчы ў Парыжы7

Ціманоўская пра жыццё ў ЗША: Жудасная ежа і агідны сэрвіс67

Мазыранцы зрабілі няўдалую пластыку, яна падала пазоў на 100 тысяч рублёў1

Сёння даляр падаражэў на пяць капеек

Трое жыхароў Мінскага раёна атруціліся антыфрызам, адзін памёр1

Камунальнікі абурыліся самаробнымі лебедзямі з шынаў

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем3

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

Галоўнае
Усе навіны →